Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўцекачы


На рашэньне Генэральнай Асамблеі ААН штогод 20 чэрвеня адзначаецца Ўсясьветны дзень уцекача.

Паводле афіцыйных зьвестак, колькасьць асобаў, якія з-за ваенных канфліктаў, рэлігійнага ці палітычнага перасьледу шукаюць у іншых краінах прытулку, увесь час расьце. Цяпер такіх у сьвеце амаль 20 мільёнаў.

Апошнім часам актыўна зьяжджаюць з радзімы і беларусы. Паводле дакладу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, у 2011 годзе просьбу аб наданьні палітычнага прытулку падаў 1441 беларус. У 2010 годзе такіх было 941.

Гарадзеншчына

Сябра Гарадзенскай гарадзкой рады партыі БНФ Алесь Лобан жыве сёньня ў Галяндыі, мае палітычны прытулак. Паводле спэцыяльнасьці ён лекар-афтальмоляг, аднак мусіў займацца бізнэсам, гандлем, а дзесяць гадоў таму апынуўся бяз працы. Праблемы Алеся Лобана пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. Успамінае Мікола Воран, які адзін час кіраваў у Горадні гарадзкой арганізацыяй партыі БНФ:

«Улады нацкавалі падатковую інспэкцыю, ліквідавалі бізнэс, і чалавек застаўся без кавалка хлеба».

«Лобан — сапраўдны ўцякач, які пацярпеў ад рэжыму. Ён удзельнічаў у выбарчай кампаніі Ганчарыка, і менавіта за гэта яго перасьледавалі ўлады. Ён на сваёй машыне і ўлёткі развозіў, і ўвогуле прымаў актыўны ўдзел у гэтай кампаніі. Улады на яго нацкавалі падатковую інспэкцыю, ліквідавалі бізнэс, і чалавек застаўся без кавалка хлеба».

Алеся Лобана часова ўзяў падсобным работнікам знаёмы прадпрымальнік — не афармляючы афіцыйна, каб сабе не нашкодзіць. Аднойчы актывіст БНФ апынуўся ў Галяндыі і зьвярнуўся ў лягер для ўцекачоў. Мікола Воран успамінае:

«Была зайздрасьць, не давалі яму паперы. І былі інтрыгі. БНФ не даваў яму характарыстыкі. Ледзь-ледзь мне ўдалося прабіць рашэньне праз гарадзенскую раду. Мне каштавала велізарных высілкаў зрабіць яму дакумэнты. Галяндыя дала яму палітычны прытулак, таму што мы здолелі ўсе дакумэнты сабраць, пераклалі на ангельскую мову».

З палітычным уцекачом з Галяндыі Алесем Лобанам бачыўся гарадзенец Алесь Сураў. Ён кажа, што Лобану ўдалося ўладкавацца па спэцыяльнасьці, аднак не на такой пасадзе, якая адпавядала б ягонай кваліфікацыі мэдыка. Уцякач адчувае настальгію па радзіме.

Сураў: «Ён нават сказаў, што марыць прыехаць на пэнсію ў Беларусь: можа, да таго часу тут усё стане па-іншаму, то прыеду, куплю на вёсцы хату і буду спакойна жыць».
Гомельшчына

З Гомельшчыны за апошнія пятнаццаць гадоў у палітычную эміграцыю зьехаў шэраг мясцовых актывістаў. Гэта й Натальля Брэль з Рэчыцы, і Сяргей Адзінец, і Тацяна Марчанка з Гомеля. Сярод іх і грамадзкі актывіст Яўген Мурашка, адзін з ініцыятараў Чарнобыльскага аўтамаршу ў Маскву.

Цяпер спадар Мурашка жыве зь сям’ёй у Нямеччыне, дзе атрымаў палітычны прытулак. У Гомелі шляхам пікетаў ён уздымаў праблему згубных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. За гэта яго штрафавалі, арыштоўвалі і нават завялі крымінальную справу за несанкцыянаваныя масавыя акцыі.

Жонка Мурашкі спадарыня Галіна паведаміла: «Уладкаваліся нармальна. Праблемаў асаблівых няма ў нас — усё добра. Грамадзянства яшчэ не атрымалі. Мы павінны здаць экзамэны, мець сэртыфікат па мове, натуральна, нямецкай. А таксама здаць іспыт на грамадзянства — ведаць гісторыю, культуру й палітычную сыстэму Нямеччыны. Асабіста я здала такія экзамэны, а некаторыя чальцы нашай сям’і не здалі — яшчэ рыхтуюцца».

Віктар Канцавенка: «Я атрымаў статус палітуцекача»

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году эміграваў ва Ўкраіну, а пасьля ў Польшчу Віктар Канцавенка, кіраўнік рэгіянальнага рэчыцкага штабу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча. Пасьля выбараў спэцслужбы сталі публічна вінаваціць Канцавенку ў спробе замовіць на адным з прадпрыемстваў Жлобіна выраб арматуры для вулічных беспарадкаў.

Летась Варшаўская ўправа па справах замежнікаў афіцыйна надала Віктару Канцавенку статус палітычнага ўцекача. Па сутнасьці, Канцавенку зраўналі ў правах з грамадзянамі Польшчы.

Канцавенка: «Толькі ня маю права галасаваць. Астатнія правы аналягічныя тым, якія маюць грамадзяне Рэспублікі Польшча: доступ да сыстэмы адукацыі, рынку працы, права на абарону ад беспрацоўя, свабоднае вядзеньне гаспадарчай дзейнасьці, падтрымку з фонду грамадзкай і сямейнай дапамогі, сацыяльную пэнсію, мэдычнае абслугоўваньне».

Спадар Канцавенка эміграваў зь Беларусі на пяты дзень па заканчэньні прэзыдэнцкіх выбараў, калі за кратамі апынуліся ня толькі апазыцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты, але й іх давераныя асобы й кіраўнікі перадвыбарчых штабоў.

«Палітычных уцекачоў найбольш з краін, дзе ўладараць аўтарытарныя рэжымы»

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка зьвяртае ўвагу на той факт, што палітычных уцекачоў у сьвеце найбольш з тых краін, дзе пануюць аўтарытарныя рэжымы:

Леанід Судаленка
Леанід Судаленка
«Палітычныя ўцекачы найбольш ёсьць там, дзе пануюць дыктатарскія рэжымы, дзе кіруюцца не законамі, а „паняцьцямі“. І чалавек сам для сябе вырашае, пакідаць яму радзіму ці не. Кожны такі выпадак трэба разглядаць усебакова. У свой час Зянон Пазьняк эміграваў за мяжу з-за пагрозы жыцьцю.

Новая хваля палітычных уцекачоў у Беларусі прайшла пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году. У іх ліку быў і Віктар Канцавенка з Рэчыцы, кіраўнік рэгіянальнага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча.

Вядома, ня варта блытаць палітычных уцекачоў з тымі, хто спачатку прымае рашэньне эміграваць з эканамічных прычын, а потым шукае, як гэта зрабіць. Хоць і ў першым, і ў другім выпадку ў аснове часьцей за ўсё ляжыць немажлівасьць рэалізаваць у краіне свае палітычныя й эканамічныя правы».

Магілёўшчына

З Магілёўшчыны трое актывістаў апазыцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году вымушана зьехалі за мяжу. Усе трое лічаць, што, застаўшыся ў Беларусі, яны б апынуліся за кратамі.

Адразу пасьля разгону Плошчы, 20 сьнежня 2010 году, актывіст грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», бялыніцкі прадпрымальнік Алег Мяцеліца падаўся за мяжу. Цяпер ён у Вільні. Разам зь іншымі ўцекачамі-паплечнікамі заснаваў у сталіцы Літвы няўрадавую арганізацыю «Беларускае бюро грамадзкага й палітычнага прадстаўніцтва». Чаму актывіст наважыўся на палітычную эміграцыю?

Алег Мяцеліца
Алег Мяцеліца
«Лёс бы мой быў такі, як і ў тых людзей, якія падпалі пад крымінальную адказнасьць і былі абвінавачаныя па падзеях 19 сьнежня. Я ўпэўнены, што так бы і было. Пра гэта кажуць мае паплечнікі, якія былі за кратамі».

Карэспандэнт: «Ці зьбіраецеся вяртацца? Што павінна адбыцца, каб вы вярнуліся?»

Мяцеліца: «Я зьбіраюся абавязкова вяртацца. Што павінна адбыцца? Гэта вызваленьне ўсіх палітвязьняў і іх рэабілітацыя. А таксама спыненьне рэпрэсіўнага мэханізму, які працуе цяпер у Беларусі. Падчас парлямэнцкай кампаніі, калі, магчыма, будзе нейкае зацішша ў пляне рэпрэсіяў. І можна будзе пазьбегнуць затрыманьня нават, калі гэты мэханізм потым зноў запрацуе».

У той жа Вільні перабывае неспакойныя часы на радзіме і яшчэ адзін актывіст «Гавары праўду», але з Магілёва — Ігар Каваленка. Ён таксама адзін з заснавальнікаў Беларускага бюро грамадзкага й палітычнага прадстаўніцтва.

«У Вільні нам з асабістых крыніц вядома, што тут шмат кадэбэшных шпікоў, і нас папярэджвалі пэўныя асобы, што ня трэба па адным хадзіць. Трэба па два й болей перасоўвацца па горадзе, бо можа здарыцца што заўгодна», — заяўляе Ігар Каваленка.

У Чэхіі вучыцца актывіст «Гавары праўду» Уладзімер Станкевіч. Ён удзельнік Плошчы. Пасьля яе разгону некалькі разоў яго выклікалі ў КДБ. Баючыся арышту, зьехаў за мяжу. Пра вяртаньне на радзіму пакуль ня думае.

Аляксей Колчын: «Цяпер спрыяльны час для вяртаньня палітуцекачоў»

Магілёўскі праваабаронца Аляксей Колчын лічыць, што хваля рэпрэсіяў за падзеі на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году мінула. Дык ці могуць у такім разе палітуцекачы вярнуцца на радзіму, пытаюся ў праваабаронцы:

«На мой погляд, цяпер самы спрыяльны момант для такога вяртаньня. Пачынаецца новая палітычныя выбарчая кампанія, і ўлады, што б яны ні казалі, зацікаўленыя ў тым, каб выбары былі, калі не прызнаныя, то хаця б мякка ацэненыя, гэтак мовіць, заходнімі партнэрамі. Вядома, па вяртаньні да гэтых людзей будзе асаблівая ўвага, але я ня думаю, што яна выльецца ў нейкія брутальныя формы перасьледу. Прынамсі, я спадзяюся на гэта».

Берасьцейшчына

Палітычныя ўцекачы ў эўрапейскіх краінах ёсьць і зь Берасьцейшчыны. А пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году некаторым мясцовым актывістам пэўны час давялося хавацца за мяжою ад крымінальнага перасьледу.

Як распавёў кіраўнік Берасьцейскай абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Шыманскі, да палітычных уцекачоў трэба ставіцца з разуменьнем:

«У краіне, у якой існуюць палітычныя вязьні, натуральна, будуць існаваць і палітычныя ўцекачы. У Берасьцейскай вобласьці таксама ёсьць палітычныя ўцекачы. Да прыкладу, зь Белаазёрску сям’я Азаронкаў выехала ў Швэцыю. Мне, напрыклад, прыемна, што людзі застаюцца актыўнымі і памятаюць, што варта дапамагаць тым, хто застаецца на радзіме».

Кіраўнік аргкамітэту па стварэньні партыі БХД на Берасьцейшчыне Зьміцер Шурхай пагаджаецца з гэтай думкай і дадае, што падчас значных грамадзка-палітычных падзеяў палітычных уцекачоў становіцца болей:

«Асабліва гэта тычыцца падзеяў прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Пасьля іх шмат хто з маіх знаёмых уцёк зь Беларусі. Шмат хто проста застаецца жыць у Эўропе, баючыся вярнуцца на радзіму, але прытулку палітычнага не дабіваецца».

Спадар Шурхай кажа, што некаторым палітычна актыўным берасьцейцам даводзілася хавацца нават ад крымінальнага перасьледу:

«Ёсьць знаёмыя, на якіх завялі крымінальныя справы пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году, і яны вымушаныя былі зьехаць, каб ня быць арыштаванымі, за мяжу. Але потым, пасьля таго як справа аб „масавых беспарадках“ ужо была закрытая, яны павярталіся назад».

Спадар Шурхай дадае, што не асуджае тых, хто зьяжджае за мяжу. Ён кажа, што калі чалавеку пагражае перасьлед, крымінальная адказнасьць ці катаваньні за палітычныя перакананьні, то варта ратавацца і працаваць для Беларусі за мяжой:

«Лепей хай ён жыве ў Варшаве ці ў Вільні і нешта робіць дзеля дэмакратызацыі Беларусі, чым будзе сядзець у СІЗА КДБ ці ў турме, у калёніі...»

Андрэй Бандарэнка: «Плятформа» абяцае дапамагчы ўцекачам

Кіраўнік інфармацыйна-асьветніцкай установы «Плятформа» Андрэй Бандарэнка таксама мае асабісты досьвед палітуцекача. Бізнэсовец, удзельнік парлямэнцкай выбарчай кампаніі 2008 году кажа, што некаторы час быў змушаны хавацца ад судовага перасьледу ў Польшчы. Андрэй Бандарэнка:

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
«Калі я зразумеў, што для мяне тут усё вырашана і я буду ў найбліжэйшы час арыштаваны, то я вырашыў пакінуць Беларусь і зьехаў у Польшчу і там знаходзіўся каля трох месяцаў, а пасьля змушаны быў вярнуцца назад, бо маёй сям’і была патрэбная дапамога. Я вырашыў, што гэтая дапамога можа быць толькі мая. А што будзе са мной, няхай Пан Бог вырашае».

Карэспандэнт: «Такім чынам, цяпер праблема ўцекача зь Беларусі — гэта перадусім яго асабісты клопат. Так?»

«Так, так. І я сустракаўся шмат з кім, хто знаходзіўся за межамі Беларусі вельмі доўга. Усе яны казалі, што гэта для іх было нават цяжэй за турму. Бо ты разумееш, што нічым ня можаш дапамагчы сваёй сям’і, ты амаль нікому не патрэбны, ня можаш рэалізаваць свае магчымасьці. І таму той жах, што быў на радзіме, ён перасьледуе цябе, асабліва на першым часе».

Карэспандэнт: «Цяпер вы кіраўнік інфармацыйна-асьветніцкай установы „Плятформа“. Ці маеце хоць якія магчымасьці дапамагаць уцекачам зь Беларусі?»

«Увогуле, калі ўцякач у цяжкіх умовах, то гэта дакор нашым палітычным партыям і дэмакратычным арганізацыям, якія, вобразна кажучы, кідаюць сваіх людзей. Як правіла, уцекачы зь Беларусі застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі».

Карэспандэнт: «Беларусь зноў на парозе новай палітычнай кампаніі: разгортваецца падрыхтоўка да парлямэнцкіх выбараў. Калі зноў трэба чакаць хвалі перасьледу апазыцыі?»

«Я магу на асабістым прыкладзе распавесьці, як зазнаў перасьлед і ціск з боку ўлады. Бо, у прыватнасьці, супраць мяне ўлады выкарыстоўвалі Адміністрацыйны й Крымінальны кодэксы. Міліцыянты й кадэбісты ствараюць такія ўмовы, каб цяжка было даказаць, што ты не вінаваты. І вельмі часта застаецца толькі адно выйсьце — гэта зьехаць зь Беларусі. Таму я хачу зьвярнуцца да лідэраў апазыцыі: праблема ўцекачоў — гэта вельмі важная праблема, і калі вы нешта задумалі альбо ўжо робіце, то не забывайце, што адказваеце за лёс людзей. Вам давядзецца абараняць гэтых людзей у цяжкай для іх сытуацыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG