Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для нас, вясковых людзей, палітыка — гэта ў першую чаргу цэны...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111». Эфір 13 чэрвеня 2012 году

У пошце «Свабоды» на працягу апошніх тыдняў пераважаюць расповеды пра паўсядзённае жыцьцё ў сёньняшняй Беларусі. Хоць у краіне зусім хутка павінна пачацца выбарчая кампанія, вялікай цікавасьці да гэтай тэмы ў людзей няма. Спадзяваньні на зьмены ў дзяржаве з выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў зьвязваюць сёньня вельмі нямногія.

Пачну сёньняшнюю размову зь ліста Надзеі Марчук зь вёскі Глінянкі Кобрынскага раёну. Слухачка піша пра тое, што найбольш турбуе сёньня яе і ейных аднавяскоўцаў (цытую ліст):

«Для нас, вясковых людзей, палітыка — гэта ў першую чаргу цэны. І ня толькі тыя, што ў краме, але і закупачныя цэны на сельгаспрадукцыю, якую мы вырабляем у сваіх маленькіх хатніх гаспадарках і за кошт якой у значнай ступені выжываем. І вось тут дзяржава, па сутнасьці, зьдзекуецца зь селяніна. Колькі нам плацяць за здадзенае малако, мяса, зерне, бульбу?

Вось прыклады. Малако тлустасьцю 3,6 працэнта дзяржава купляе ў нас па 2955 рублёў за літар, а прадае? Бывае, што і за больш як за сем тысяч.

Пшаніцу (збожжа) у нас купляюць па 630 рублёў за кіляграм. А колькі каштуе хлеб?

Проса — 730 рублёў за кіляграм. А ў краме цана разоў у пяць вышэйшая.

Ведаю, гарадзкія людзі скардзяцца, што цэны ў крамах для іх надта высокія. Можа, яны думаюць, што мы ў тым вінаватыя, што купаемся ў грашах за іхны кошт, што звышпрыбыткі атрымліваюць сяляне і калгасы? Але гэта зусім ня так»
.

Цэны ў краме ня могуць супадаць з тымі закупачнымі цэнамі, па якіх вы, спадарыня Надзея, здаяце сваё малако нарыхтоўшчыку. Транспарт, перапрацоўка, упакоўка, захоўваньне, паслугі гандлю — усё гэта каштуе грошай. Але зразумела і тое, што розьніца ў цэнах не павінна складаць сотні працэнтаў, як гэта шмат калі назіраецца ў сёньняшняй Беларусі. Хто ж атрымлівае звышпрыбыткі? У многіх выпадках гэта — шматлікія пасярэднікі, якія з дапамогай зладзеяватых чыноўнікаў і кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў настваралі фірмаў і фірмачак, празь якія перапампоўваюцца паперы і грашовыя плыні. Ні да малака, ні да мяса, ні да зерня яны, як правіла, ніякага дачыненьня ня маюць. Уся іхная праца — адшчыкнуць працэнт ад заробленых ня імі грошай ды падзяліцца гэтым працэнтам з тымі, хто даў ім дазвол на гэтую, так бы мовіць, «дзейнасьць».

Пра сваё шматгадовае змаганьне з самаўпраўствам ды бязьдзейнасьцю мясцовых чыноўнікаў працягвае інфармаваць наш даўні слухач, дзіцячы доктар Ігар Пасноў зь Віцебску. У сваім новым лісьце на «Свабоду» ён піша:

«Змагацца з рэжымам можна і трэба ня толькі мітынгамі ды шэсьцямі. Каб падстаўляцца, гарлапаніць ды паддавацца на правакацыі — вялікага розуму ня трэба. Я ж дамагаюся немалых рэальных вынікаў, выкарыстоўваючы зусім легальныя сродкі.

Напрыклад, сёньня і рэспубліканскі Дзяржкантроль, і дэпутаты паведамляюць мне, што іхныя запыты ў адказ на мае заявы прывялі да сапраўднага буму ў рэканструкцыі бальніц і паліклінік.

Я запісаны на прыём да памочніка прэзыдэнта — буду гаварыць пра злоўжываньні ў сыстэме аховы здароўя. Бюракратычны апарат дзіцячай цэнтральнай паліклінікі вырас да 4 паверхаў вялізнага
7-павярховага корпуса. Гэта ж супярэчыць дэкрэту аб дэбюракратызацыі і эканоміі сродкаў. Дзяцей усё менш, а штаты ўсё шырэйшыя. Прычым штаты не дактароў, а бюракратыі.

Ці яшчэ. Учора зьбіралі па 5 тысяч рублёў на Дом дзіцяці. Грошай не шкада — справа сьвятая. Але крыўдна, што дзяржава ў асобе чыноўнікаў ходзіць з шапкай па людзях. Хоць у той самы час сабе і сваім сваякам ды набліжаным шчодра раздаюць прэміі, званьні, іншыя ўзнагароды. Напрыклад, Чалавек году ў нас — сястра жонкі губэрнатара (10 мільёнаў рублёў прэміі яшчэ да дэвальвацыі). Ганаровая грамата — жонцы губэрнатара (прэмія — 5 базавых). Першы намесьнік губэрнатара — таксама Чалавек году, таксама 10 мільёнаў прэміі... Сорам і ганьба! Пішу пра гэта ў дзяржкантроль, „Советскую Белоруссию“. І сёе-тое, хоць і са скрыпам, рухаецца наперад.

Відаць, ня ўсё так добра ў Дацкім каралеўстве, калі няма грошай на Дом дзіцяці. А тым часам інфэкцыйная бальніца ў нас па-ранейшаму нагадвае ГУЛАГ, а будоўля вядзецца марудна. Бо адна справа, калі сястра жонкі губэрнатара будуе
7-павярховы офіс, і зусім іншая — простыя дзеці... Буду гаварыць пра гэта падчас прыёму ў памочніка прэзыдэнта».

Так, спадар Ігар, калі ўвесь час тузаць адказных чыноўнікаў, даймаць іх няспыннымі скаргамі, запісамі на прыём, лістамі ў рэдакцыю — часам можна дамагчыся жаданай мэты — і начальнік урэшце пад ціскам выканае тое, што павінен быў зрабіць без усялякіх напамінкаў, проста ў сілу сваіх службовых абавязкаў. Але ці не эфэктыўней было б стварыць такую сыстэму, пры якой кіраўнік рэгіёну наўпрост выбіраецца людзьмі — а таму цалкам залежыць ад іхнай волі, трымае справаздачу перад імі? Ня справіўся са сваімі непасрэднымі абавязкамі — падчас сумленных выбараў ня будзеш пераабраны на наступны тэрмін. У дэмакратычных краінах дзейнічае менавіта такі парадак.

Далей у нашай праграме — водгукі слухачоў наконт праграмаў Радыё Свабода, іхныя ўражаньні ад пачутага, развагі пра ролю «Свабоды» ў жыцьці беларускага грамадзтва.

Вось што піша нам на гэтую тэму Тацяна Ўмрэйка зь Менску:

«Я — сталая аматарка Радыё Свабода: слухаю яго ўжо больш за 35 год. Гэтак жа, як і мае родныя. Падтрымліваю ўсё, што так ці інакш зьвязана з нацыянальным адраджэньнем Беларусі. Мару і чакаю яе вяртаньня ў спрадвечную сям’ю вольных эўрапейскіх народаў, бо толькі там — роўныя з роўнымі — мы будзем пачуваць сябе сапраўднай нацыяй ды гаспадарамі ўласнай зямлі. Веру, што больш як за 200 гадоў каляніяльнага рэжыму ня вынішчылі дарэшты годнасьць ды сьвядомасьць нашых людзей, і беларусы засталіся беларусамі, а не „улучшенным вариантом русского народа“ — як бы таго ні хацелася шмат каму.

Для мяне ваша радыё — гэта вакенца ў нармальны, цывілізаваны сьвет, крынічка роднае мовы, сувязь і еднасьць з братнімі народамі Ўсходняй Эўропы — украінцамі, палякамі, латышамі, чэхамі, славакамі, венграмі. Мне вельмі падабаюцца перадачы зь гісторыі Беларусі, успаміны дзеячаў адраджэньня канца
80-х гадоў (часта ўзгадваю той незабыўны час, асабліва прамовы Зянона Пазьняка на мітынгах і ў Вярхоўным Савеце), палітычныя камэнтары аглядальнікаў ды аналітыкаў».

Зь цікавай прапановай зьвяртаецца ў сваім лісьце на «Свабоду» Іван Канавалаў зь Менску. Слухач піша:

«Як і раней, слухаю вас, і асаблівую ўвагу зьвяртаю на аналітычныя перадачы. Прашу спадара Карбалевіча падрыхтаваць праграму на наступную тэму: як адаб’ецца на стане эканомікі Беларусі і ўзроўні жыцьця насельніцтва давядзеньне ўнутраных коштаў у Расеі на газ, нафту, мэталы ды іншае да ўсясьветнага ўзроўню? Ведаю, што ў выніку гэтага кошты для Беларусі ўзрастуць прыкладна ў тры разы.

Галоўнае, што спатрэбіцца ўдакладніць: на колькі гадоў Усясьветная гандлёвая арганізацыя пагодзіцца даць адтэрміноўку Расеі на ўвядзеньне такіх коштаў?

Магчыма, для падрыхтоўкі такой перадачы спатрэбіцца нямала часу. Але я ў любым разе зь нецярпеньнем буду чакаць яе»
.

Сапраўды, спадар Іван, гэта вельмі сур’ёзная праблема. Расея, уступаючы ў гэтую арганізацыю, ня надта лічылася з тым, што Беларусь, зь якой яна зьвязаная адзінай мытнай прасторай, да ўступленьня зусім не гатовая. У выніку з усімі нэгатыўнымі наступствамі для эканомікі, якія пацягне за сабой сяброўства ў WTO, Беларусь сутыкнецца ўжо ў блізкай будучыні, а вось перавагі і прэфэрэнцыі яна атрымае зусім ня хутка — толькі ў аддаленай пэрспэктыве, калі сама здолее далучыцца да арганізацыі.

Наступны вершаваны водгук даслаў нам Аляксей Каралёў-Новікаў зь вёскі Нумітава Наваградзкага раёну. Слухач піша:

«Хваля Свабоды
Душу натхняе!
На хвалі Свабоды
Маё сэрца замірае!»


Дзякуй вам, спадар Аляксей, за такія ўзьнёслыя, узвышаныя радкі.

І яшчэ адзін ліст-водгук — ад Юрыя Насевіча з Баранавічаў. Слухач піша:

«Вашы праграмы цікавыя і ва ўсім мяне задавальняюць. Часта і з задавальненьнем слухаю „Праскі акцэнт“. А асабліва цікавыя інтэрвію вашых карэспандэнтаў, узятыя на вуліцах розных гарадоў Беларусі. Гэта вельмі важна — ведаць, што думаюць простыя людзі, іхныя меркаваньні пра найбольш значныя грамадзкія праблемы. Таксама надзвычай прыемна бачыць вас усіх на тэлеканале „Белсат“, даведацца ваш пункт гледжаньня наконт пытаньняў, якія ўсіх хвалююць».

Сапраўды, спадар Юры, нашы карэспандэнты штодня выходзяць на вуліцы ў розных мясьцінах Беларусі, каб пагаварыць зь людзьмі наконт праблемаў, якія ўсіх цікавяць. Апытаньні выкарыстоўваюць у сваіх праграмах і афіцыйныя мэдыі, але ў іх чамусьці ў эфір выходзяць толькі тыя меркаваньні, якія супадаюць з афіцыйнай лініяй. У рэальнасьці, аднак, ніякага аднадумства ў беларускім грамадзтве няма. Асабліва ў праблемах, якія тычацца стаўленьня да ўлады і апазыцыі, эканамічнай палітыкі, праблемы палітвязьняў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG