Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сухайр Бэлхасэн: cымбалем рэпрэсій зьяўляецца арышт Бяляцкага


«Жорсткія рэпрэсіі, якія пачаліся адносна грамадзянскай супольнасьці Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, толькі ўзмацніліся», — заяўляе прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH) Сухайр Бэлхасэн у сваім артыкуле, апублікаваным у францускім часопісе «Altermondes».

«З моманту сумнеўнага пераабраньня Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам у 2010 годзе сытуацыя з правамі чалавека ў краіне не перастае пагаршацца. Сымбалем гэтых рэпрэсій зьяўляецца арышт Алеся Бяляцкага, старшыні праваабарончага цэнтра „Вясна“, у жніўні 2011 года», — цытуе Бэлхасэн праваабарончы сайт spring96.org.

«Умовы яго зьняволеньня вельмі цяжкія, але гэты нястомны абаронца свабоды ніколі ня скардзіцца. «Я непакоюся за ўсіх тых, хто знаходзіцца па іншы бок сьцяны», — піша ён з турмы. І дадае: «Што да мяне, я знаходжуся менавіта там, дзе павінен знаходзіцца праваабаронца пры цяперашнім гнілым рэжыме», — адзначыла Бэлхасэн.

У матэрыяле гаворыцца, што беларускіх праваабаронцаў цяпер перасьледуюць больш, чым калі раней.

Бэлхасэн падкрэсьлівае, што сёньня ў Беларусі 13 палітзьняволеных, якія адчуваюць вялікі ціск, пазбаўленыя адвакатаў, былі пад судом па некалькі разоў запар і асуджаныя да суровых пакараньняў. «Ня варта падманвацца наконт нядаўняга вызваленьня двух лідэраў апазыцыі — кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і каардынатара ягонай кампаніі Дзьмітрыя Бандарэнкі. Гэтае вызваленьне — ня знак нейкай лібэралізацыі рэжыму Лукашэнкі: апазыцыянэраў адпусьцілі на волю толькі пасьля цяжкіх фізычных і маральных катаваньняў, якія прымяняліся да іх, каб прымусіць іх падпісаць ліст прэзыдэнту з просьбай аб памілаваньні», — адзначае Бэлхасэн.

Яна лічыць, што іх вызваленьне «стала магчымым толькі дзякуючы міжнароднаму ціску». «Аднак санкцыі, якія прымаюцца супраць Беларусі, павінны быць больш мэтанакіраванымі і трапіць у самае сэрца рэжыму. Дваістая стратэгія ЭЗ — голасна выказваць сваю падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі і прымаць „абмежавальныя захады“ адносна ўраду і ўсіх набліжаных да рэжыму Лукашэнкі асобаў (у прыватнасьці, замарожваньне рахункаў і адмова ў візах) — будзе сапраўды эфэктыўнаю толькі ў тым выпадку, калі краіны ЭЗ будуць дзейнічаць разам», — заяўляе Бэлхасэн.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG