Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сёньня Акуджава сьпявае для нас»


Булат Акуджава
Булат Акуджава

12 чэрвеня — 15 год сьмерці Булата Акуджавы — расейскага паэта, кампазытара, літаратара і сцэнарыста.

Адзін зь лепшых прадстаўнікоў расейскай творчай інтэлігенцыі меў добрыя стасункі з беларускімі калегамі ў творчасьці, бываў у Беларусі і выступаў з канцэртамі. Падчас аднаго з такіх прыездаў Булата Акуджавы ў Менск, адбыўся наступны інцыдэнт: перад пачаткам ягонага канцэрту ў будынку Беларускай дзяржаўнай філярмоніі актор Уладзімер Гасьцюхін на ганку філярмоніі публічна паламаў плытку Булата Акуджавы на знак пратэсту супраць грамадзянскай пазыцыі расейскага дысыдэнта, скіраванай на дэмакратычныя зьмены ў Расеі.

Гэты інцыдэнт узгадвае тагачасны дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі, мовазнаўца Лявон Баршчэўскі:

Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі
«Булат Акуджава, як і павінна быць паэту, чалавек уражлівы. І таму гэты інцыдэнт зрабіў на яго адмоўнае уражаньне. Напачатку канцэрту ён быў крыху разгублены, бо не чакаў такой правакацыі. Але калі ён убачыў, што ў залі сядзяць Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін, якіх ён добра ведаў, асабліва Васіля Быкава, ён адмыслова іх прывітаў напачатку канцэрту і паступова расьпеўся, так што канцэрт прайшоў нармальна.Падчас адказу на пытаньні, Булат Акуджава сказаў, што ён чалавек гуманістычных поглядаў і разумее, што яму помсьцяць за тое, што ў часе спробы маскоўскага путчу ён стаў на бок Ельцына. Калі закончыўся канцэрт і людзі пайшлі па аўтографы, то я падышоў адным зь першых. У мяне быў значак дэпутата Вярхоўнага Савету і сказаў, што, як дэпутат Вярхоўнага Савету, я прашу прабачыць за гэтых неразумных людзей і за несправядлівае стаўленьне да вас, як да франтавіка, як да чалавека, які шмат перажыў у жыцьці і ніколі не адступаўся ад прынцыпаў гуманізму. Падчас канцэрту яму таксама даслалі пытаньне з падтэкстам: як ён ставіцца да таго, што быў скасаваны Савецкі саюз. Акуджава сказаў, што ўсе народы маюць права на самавызначэньне і беларускі народ не выключэньне. Увогуле, у яго былі самыя лепшыя адносіны да дэмакратычнай Беларусі, разумеючы, як цяжка дэмакратам і ў Расеі, і ў Беларусі».

Дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандр Лукашук меў непасрэдныя сустрэчы з Булатам Акуджавай у студыі Радыё Свабода. Узгадвае Аляксандр Лукашук:

Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук
«Булат Акуджава ўразіў мяне тым, як добра ён стаў сьпяваць: як вярнулася звонкасьць і сіла ў ягоны голас. Пасьля некалькіх песьняў мы размаўлялі і я зрабіў гэты камплімэнт: Булат Шалвавіч, вы сьпяваеце шмат лепш, чым так, як я вас чуў нават некалькі гадоў назад. Акуджава вельмі прыязна заўсьміхаўся і сказаў: сапраўды, усе мае сябры мне так кажуць, што голас стаў лепшым.
Гэтая сустрэча адбылася ў Празе. На запрашэньне ён прыйшоў на Радыё Свабода, адказваў на пытаньні, а пасьля прасьпяваў некалькі песьняў. Пасьля гэтага я задаў яму пытаньне, якое даўно мяне цікавіла. Прыкладна ў 1987-1988 гадах я пабачыў па тэлебачаньні ягоны выступ. Ён прасьпяваў песьню, якую я з таго часу ня мог забыць. Там былі такія словы:
„И спросят меня: зачем так расправил крыла?
А я им отвечю: надежда была“.
Я быў моцна ўражаны вось гэтым аптымістычным і трагічным пасылам адначасна, які быў у гэтай песьні. І нідзе ня мог знайсьці надрукаванага тэксту гэтай песьні. Я запытаўся ў яго ці памятае ён гэтую песьню і дзе можна знайсьці словы? І ён таксама ўзрадаваўся і кажа, што яна нідзе не друкавалася, толькі ў нейкай часопіснай падборцы. І ён сказаў таксама, што песьня для яго таксама важная і дарагая. Ужо пасьля сьмерці Акуджавы, калі пачалі выходзіць ягоныя зборнікі, я набыў кнігу, дзе быў надрукаваны тэкст гэтай песьні. Ён мог загінуць разам са сваёй сям’ёй у ГУЛАГу, дзе зьнік ягоны бацька, ён мог загінуць на вайне, як большасьць ягонага пакаленьня. Ён мог не перажыць 60-я, 70-я, 80-гады. І заўсёды вось гэтая тэма, якую ён змог гэтак выказаць — надзея была, будучыня ў мінулым — нягледзячы ні на што, усё роўна гэта было пра будучыню. І таму сёньня Акуджава сьпявае для нас».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG