Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка быў наступным кліентам лорда Бэла пасьля Асада


Башар Асад і Аляксандар Лукашэнка
Башар Асад і Аляксандар Лукашэнка
Артыкул пра гэта апублікавала The New York Times. Паводле публікацыі Асад быў кліентам шэрагу заходніх PR-агенцтваў, у тым ліку і брытанскага Bell Pottinger, які некалькі гадоў таму спрабаваў палепшыць імідж на Захадзе кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Для некаторых журналістаў Сырыя была адной з самых негасьцінных краін Блізкага Ўсходу, журналісты зазнавалі пагрозы і перасьлед, калі спрабавалі раскрыць мэханізм рэпрэсій, на які дзесяцігодзьдзямі абапіралася ўлада Асада.

Але для іншых журналістаў да нядаўняга часу Сырыя была краінай, кіраванай культурным, англамоўным прэзыдэнтам Башарам Асадам, які разам са сваёй жонкай брытанскага паходжаньня Асмай вядзе краіну ў новую эру адкрытасьці і росквіту.

І гэтае другое ўражаньне невыпадковае. З дапамогай дарагіх кансультантаў у сфэры PR, якія працавалі на Клінтана, Буша і Тэтчэр, прэзыдэнт спрабаваў прадставіць сябе і сваю сям'ю ў заходніх мэдыях як людзей адкрытых, прагрэсіўных і нават гламурных.

У сакавіку 2011 году, калі сілы бясьпекі Асада пачалі жорсткі перасьлед палітычных апанэнтаў, што прывяло да гібелі прыкладна 10.000 сырыйцаў, часопіс Vogue з захапленьнем апісваў жонку сырыйскага прэзыдэнта.

Асад быў асабліва рашучым у тым, каб абяліць свой імідж, і наняў спэцыялістаў для гэтага. Ён плаціў вашынгтонскай фірме Brown Lloyd James $ 5000 у месяц, каб яна выконвала функцыі пасярэдніка паміж часопісам Vogue і першай лэдзі Сырыі.

Кампанію паляпшэньня свайго іміджу на Захадзе Асады пачалі яшчэ ў 2006 годзе, калі жонка прэзыдэнта зьвярнуўся да PR-фірмы Bell Pottinger у Лёндане.

Цім Бэл, адзін з заснавальнікаў кампаніі і былы дарадца Маргарэт Тэтчэр, сказаў, што сп-ня Асад зьвярнулася да яго фірмы пасьля некалькіх іншых першых лэдзі, ў тым ліку Лоры Буш.

Bell Pottinger наўпрост не арганізоўваў публікацыі пра Асадаў, але даў некаторыя парады, якія праз пэўны час далі плён.

Paris Match назваў сп-ню Асад «сьвятлом ў краіне, поўнай ценю» і «ўсходняй Дыянай». Францускі Elle прызнаў яе адной з найлепш апранутых жанчын у сусьветнай палітыцы, а ў 2009 годзе The Huffington Post апублікаваў артыкул і слайд-шоў пад назвай «Асма аль-Асад. Першая лэдзі Сырыі і сапраўдная прыгажосьць».



Але ніводная з публікацыяў ня мела такога розгаласу, як артыкул, апублікаваны ў сакавіку 2011 году ў Vogue пад назвай «Ружа ў пустыні». У ёй аўтар, Джоан Бак, назвала сп-ню Асад «самай прыцягальнай першай лэдзі».

Зараз сп-ня Бак выказвае шкадаваньне з нагоды таго артыкулу, але кажа, што сп-ня Асад была сапраўды цікавай суразмоўцай і вельмі добра апранутай.

Гэтай вясной часопіс выдаліў артыкул са свайго сайту. Ганна Вінтур, галоўны рэдактар Vogue, выступіла з гэтай нагоды з заявай: «Страшныя падзеі, якія разгарнуліся летась у Сырыі пасьля публікацыі нашага артыкулу, паказалі, што каштоўнасьці, якія вызнаюць сырыйскія ўлады, разыходзяцца з тымі, якія вызнае Vogue. Мы рашуча асуджаем зьверствы рэжыму Асада».

Нават сярод самых рэпрэсіўных рэжымаў у сьвеце Сырыя вылучаецца ў абыходжаньні з журналістамі: паводле зьвестак Камітэту абароны журналістаў, 13 журналістаў былі забітыя ў Сырыі з лістапада мінулага году. Сырыйскія службовыя асобы адмаўлялі сваю датычнасьць да гэтых забойстваў, але сырыйскія дзяржаўныя СМІ паведамлялі, што забітыя замежныя журналісты «былі ці шпіёнамі ці мелі сувязі з тэрарыстычнымі арганізацыямі».

Над паляпшэньнем іміджу Аляксандра Лукашэнкі на Захадзе лорд Бэл працаваў у 2008-2009 гадах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG