Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моўчану працягнулі бальнічны да 17 чэрвеня


Зьбітаму міліцыянтамі актывісту «Эўрапейскай Беларусі» Андрэю Моўчану працягнулі бальнічны да 17 чэрвеня.

Пра гэта «Свабодзе» паведаміла ягоная сястра Вольга Моўчан:

«Брат па-ранейшаму адчувае сябе дрэнна: баляць галава і вока. Дактары кажуць, што ў яго закрануты трайчасты нэрв, таму і вока не перастае балець і, мусіць, будзе балець яшчэ доўга. І галаўныя болі найперш таксама зьвязаныя з пашкоджаньнем гэтага нэрву.

Андрэй аддаў рэнтгенаўскія здымкі, якія яму зрабілі яшчэ ў шпіталі хуткай дапамогі. Лекар сказаў, што ўважліва прагледзіць іх і пасьля выкажа свае меркаваньні».

19 траўня Андрэй Моўчан разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг каля ўнівэрсама «Першамайскі» ў менскім мікрараёне Ўручча на знак салідарнасьці зь Сяргеем Каваленкам. Міліцыянты затрымалі яго і жорстка зьбілі. Паводле папярэдняй высновы лекараў, у Андрэя была чэрапна-мазгавая траўма, пералом ніжняй сківіцы і рэбраў, адбітыя ныркі і ногі.

25 траўня Андрэя Моўчана выпісалі са шпіталя хуткай дапамогі, накіраваўшы на лячэньне ў паліклініку. У эпікрызе пры выпісцы пазначана толькі тое, што ён атрымаў лёгкую чэрапна-мазгавую траўму. Пералом сківіцы, а таксама іншыя траўмы стаяць пад пытаньнем.

28 траўня на Андрэя Моўчана ў міліцыі склалі два адміністрацыйныя пратаколы. Адзін — паводле стандартнага ўжо для апазыцыянэраў артыкула 17.1, што нібыта лаяўся матам. Другі — 23.34, несанкцыянаванае пікетаваньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG