Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біржы павіталі падтрымку Гішпаніі


Індэксы на важнейшых біржах сьвету сёньня пайшлі ўгору пасьля паведамленьня, што Эўразьвяз адкрые для гішпанскіх банкаў крэдытную лінію ў аб’ёме да 100 мільярдаў эўра.

Дамова наконт крэдыту гішпанскім банкам была дасягнутая міністрамі фінансаў 17 краінаў эўразоны падчас мінулых выходных. Атрымаўшы гэтую дапамогу, банкі, у сваю чаргу, адновяць паўнавартаснае фінансаваньне гішпанскай эканомікі.

У сярэднім індэксы біржаў у Лёндане, Франкфурце, Парыжы ды на біржах у Японіі, Паўднёвай Карэі і Ганконгу павысіліся на 2%. У Мадрыце яны скочылі ўгору на 6%.

Пайшла ўгору таксама цана нафты ў Азіі і Эўропе, прыблізна 2 даляры на барэль. І эўра ўмацаваўся ў адносінах да даляра, з 1,25 да 1,26 даляра.

«Я ўпэўнены, што гэта пашле моцны сыгнал рынкам, што эўразона гатовая падтрымаць Гішпанію ў яе намаганьнях рэструктурызаваць і рэкапіталізаваць свой банкаўскі сэктар. Гэта важна для таго, каб запэўніць крэдытаваньне кампаній і сем’яў у Гішпаніі ды такім чынам не дапусьціць да ланцуговай рэакцыі, якую і іншым выпадку нельга было б выключыць» ― сказаў Олі Рэн, эўракамісар у эканамічных і фінансавых пытаньнях.

Аднак аналітыкі перасьцерагаюць, што станоўчая рэакцыя біржаў на крэдытнае пагадненьне зь Гішпаніяй можа аказацца нетрывалай.

Аналітыкі зьвяртаюць увагу, што ў выніку парлямэнцкіх выбараў у Грэцыі, назначаных на 17 чэрвеня, да ўлады могуць прыйсьці сілы, якія заклікаюць да выхаду краіны з зоны эўра. Фінансавы дэфолт Грэцыі і яе выхад з зоны эўра мог бы сур’ёзна пахіснуць сусьветную фінансавую сыстэму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG