Ганна Шапуцька, якая разам зь іншымі грамадзкімі актывістамі дапамагала ў арганізацыі пахаваньня Галіны Малчанавай, сумняецца, што адміністрацыя жодзінскай турмы паведаміла Аляксандру пра сьмерць маці.
«Сёньня ў першай палове дня мы размаўлялі з супрацоўнікам адміністрацыі турмы, і той сказаў, што немагчыма, каб адпусьцілі на пахаваньне, калі прысуд не ўступіў у дзеяньне. А яшчэ мы сумняваемся, ці ведаў на той момант Аляксандар пра сьмерць маці. Паводле нашых зьвестак, адвакат перадаваў сваякам, каб адправілі Аляксандру ў турму тэлеграму, што маці памерла, але гэта не было зроблена, і такую тэлеграму мы самі адправілі толькі сёньня, 11 чэрвеня».
Галіну Малчанаву пахавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам.
У пахаваньні бралі ўдзел шмат грамадзкіх актывістаў з Барысава, Менску ды іншых мясьцін, паведаміла Галіна Шапуцька.
Галіна Малчанава памерла ад цяжкай хваробы ў ноч на 9 чэрвеня. Аляксандра Малчанава на пахаваньне з Жодзінскай турмы не адпусьцілі, спаслаўшыся на тое, што прысуд адносна яго яшчэ не ўступіў у дзеяньне.
А 9 красавіка 2011 году Аляксандар Малчанаў быў асуджаны на паўтара году калёніі строгага рэжыму за крадзеж мэталалому. Пасьля першай адседкі за Плошчу яго ў родным Барысаве нікуды не бралі на працу, і збор мэталалому быў адзіным спосабам яго заработку.