Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кралі ўсе, хто меў магчымасьць»

абноўлена

11 чэрвеня калегія крымінальных спраў Гомельскага абласнога суду абвясьціла прысуд 25 кіраўнікам, спэцыялістам і шараговым працаўнікам мясцовага мясакамбінату, а таксама 3 міліцыянтам, якія мелі дачыненьне да буйных крадзяжоў на прадпрыемстве.

Былыя дырэктар акцыянэрнага таварыства «Гомельскі мясакамбінат» Валер Дземідзенка й галоўны інжынэр Анатоль Муха асуджаныя на 7 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за крадзяжы па змове шляхам злоўжываньня службовым становішчам. Начальніца каўбаснага цэху Ганна Сырцова пакарана 7 гадамі 6 месяцамі турмы, кіроўца транспартнага цэху Васіль Туманаў — 5 гадамі зьняволеньня.

Яшчэ 9 працаўнікоў камбінату, а таксама загадчыкі фірмовай крамы й сталоўкі мясакамбінату атрымалі меншыя тэрміны зьняволеньня — ад 1,5 да 4 гадоў. Шасьцёра працаўнікоў пакараныя ўмоўнымі тэрмінамі, у тым ліку з накіраваньнем на так званую «хімію», трох амніставалі й яшчэ трох апраўдалі.

Дырэктар мясакамбінату спадар Дземідзенка, які звыш дваццаці гадоў ачольваў прадпрыемства, адмовіўся камэнтаваць крымінальную справу: «Без камэнтароў, без камэнтароў. Потым пагаворым — празь месяц».

Чаму празь месяц, не ўдакладніў.

Лава падсудных была за шклом
Лава падсудных была за шклом




Адзін зь юрыстаў так патлумачыў сытуацыю, якая мела месца на прадпрыемстве: «Рэальна, так скажам, хто меў магчымасьць, той і браў — адзін больш, іншы менш . Міліцыя „крышавала“, карысталася, вядома, пагонамі».

У судзе знайшла пацьверджаньне вэрсія сьледзтва, што на прадпрыемстве была створана злачынная групоўка, якая цягам 2004–2009 гадоў займалася крадзяжом так званых лішкаў прадукцыі на шкоду тэхналёгіі й якасьці. Кожнаму з працаўнікоў адводзілася свая роля ў гэтым крымінальным ланцужку — і кіраўніку, і начальніку цэху, і тэхнолягу, і забойшчыку жывёлы з кіроўцам. Мяса, каўбасы й іншая «левая» прадукцыі выкарыстоўвалася й для «падкормкі» патрэбных людзей ва ўладных структурах. Гэтыя людзі, аднак, у судовым выраку ня значацца.

У махінацыях бралі ўдзел і супрацоўнікі міліцыі. Трох зь іх асудзілі на тэрмін ад 3,5 да 4 гадоў турэмнага зьняволеньня, з пазбаўленьнем міліцэйскіх званьняў і выплатай штрафаў па суду ў памеры 100 базавых велічыняў.

Пад варту непасрэдна ў залі суду ўзялі сямёх чалавек, уключна з дырэктарам і галоўным інжынэрам мясакамбінату. Калі прысуд набудзе моц, у іх канфіскуюць маёмасьць і забароняць займаць цягам 4 гадоў адказныя пасады.

У выраку названыя лічбы, згодна зь якімі, у прыватнасьці, па змове зь мясакамбінату скрадзена прадукцыі на суму амаль 200 мільёнаў рублёў, у тым ліку з каўбаснага цэху — на 159 мільёнаў.

Гомельскі мясакамбінат — найстарэйшы ў рэгіёне, ён адсьвяткаваў 100-гадовы юбілей. Прадпрыемства акцыянаванае, большая частка акцыяў належыць калектыву. Некаторыя акцыянэры схільныя лічыць крымінальную справу супраць кіраўнікоў і спэцыялістаў заказной.

Акцыянэр: «Схадзіце на паседжаньне акцыянэрнага таварыства й паглядзіце, да каго пяройдзе мясакамбінат. Ён ужо ня будзе прыватным. 27 адсоткаў акцыяў цяпер — дзяржаўная доля, будуць даганяць да 51 адсотка. Права ўласнасьці пяройдзе да новага ўласьніка — і ўсё».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG