Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Застольле ў рэстаране? З уласным пачастункам — забаронена!


Насельніцтву Беларусі цяпер «катэгарычна забаронена прыносіць хатнія харчы й напоі на ўрачыстасьці й застольлі ў рэстаранах, кафэ ці ў іншых аб’ектах грамадзкага харчаваньня».

Адпаведную пастанову выдаў галоўны санітарны ўрач. Як удакладняецца, мэдычныя й кантрольныя службы будуць цяпер праводзіць «раптоўныя праверкі сыравіны й гатовай харчовай прадукцыі, а таксама пэрсаналу й памяшканьняў». Практыка, калі людзі, імкнучыся зэканоміць, накрываюць сталы ў кавярнях ці рэстаранах самастойна купленымі ў крамах прадуктамі і сьпіртовымі напоямі, вельмі распаўсюджаная ў Беларусі.

Забарону на выкарыстаньне харчоў, прынесеных кліентамі на застольлі ў рэстаранах ды сталоўках, адчуюць на сабе найперш самі кліенты. «Яны страцілі магчымасьць зэканоміць», — прызнаюць адміністратары магілёўскіх рэстаранаў. Вось два характэрныя меркаваньні:

«Вясельлі і памінкі — такія рэчы, што, аднак, заўжды адбываюцца»

«Колькасьць кліентаў ня зьменіцца. У прынцыпе, гэта будзе даражэй ім. Нічога з гэтым не паробіш. Магчыма, і будзе такое, што некаторыя будуць адмаўляцца, што задорага будзе».

«Напэўна, так для іх будзе даражэй. Ну, што яны садавіну прыносяць, напоі, сьпіртное ды кандытарскія вырабы, калі ў нас няма сваіх. Вясельлі й памінкі — гэта такія рэчы, аднак, якія заўжды адбываюцца. Вы ж згадайце, калі пачаў падымацца курс валюты, дык нехта вясельле плянаваў на сто чалавек, а зрабіў на трыццаць. Але ж зрабіў».

«А пасьля будуць цягаць у пракуратуру...»

У заводзкіх сталоўках таксама прызнаюць, што кліентам давядзецца больш плаціць за застольлі. Тым ня менш загадчыцы сталовак не хаваюць, што ім будзе прасьцей ціснуць на кліентаў: маўляў, бярыце харчы нашы, бо ёсьць пастанова санітарнага ўрача.

«Вы дужа дрэнна ведаеце людзей, яны на прадуктах душу выдзеруць. Бываюць і выключэньні. Дапусьцім — ну няма ў мяне ікры. Добра, прынясіце ікры, але гэта на свой страх і рызыку. А вялікую партыю прадуктаў я б і не дазволіла, бо гэта ж таваразварот таго ж прадпрыемства. А потым будуць цябе цягаць у пракуратуру. У сталоўках цяпер харчы ёсьць», — зазначае загадчыца адной з заводзкіх сталовак Магілёва.

Арганізатар урачыстасьцяў Галіна схіляецца да думкі, што людзі будуць шукаць іншыя месцы для застольляў.

«Кліентаў, відаць, паменее...»

«Раней рэстарацыі альбо кавярні ставілі ўмову, што ты мусіш на пэўную суму зрабіць замову, а прадукты можаш купіць сам. Цяпер жа з рэстараннай нацэнкай гэта будзе надта нявыгадна для людзей, сама мала напалову, а то ў два ці тры разы. Кліентаў паменее. У Магілёве ёсьць хаця б канкурэнцыя між аб’ектамі грамадзкага харчаваньня. А вось у райцэнтрах, дзе адна кавярня — гэта будзе рабіць яшчэ цяжэй».

Дзяржаўныя кавярні ды рэстарацыі мусяць выконваць

Забарона на выкарыстаньне ў кавярнях ды рэстаранах прадуктаў заказчыка пакуль не дайшла да непасрэдных выканаўцаў у Гомелі.

Адміністратарка адной з гомельскіх кавярняў спадарыня Надзея кажа, што да апошняга часу яны ішлі насустрач тым, хто ладзіць вясельлі, юбілеі ці нават хаўтуры — пагаджаліся гатаваць стравы з прывезеных заказчыкам прадуктаў:

«Мы ідзем людзям на саступкі. Заказ на пэўную суму яны робяць. Астатняе, калі людзі жадаюць прынесьці нешта дадатковае, то мы дазвалялі прыносіць».

Сэзонныя абмежаваньні былі й раней, аднак не катэгарычныя.

Сэзонныя абмежаваньні ў зьвязку зь цёплым надвор’ем бывалі й раней. Але калі санслужба катэгарычна забароніць прымаць прадукты ад заказчыка, то, вядома, прадпрыемствы грамадзкага харчаваньня будуць выконваць распараджэньні:

«Калі абмежаваньне будзе строгае, то страты, натуральна, будуць — чалавек не заўсёды пойдзе да нас. Я таксама не хачу парушаць і страціць працу, калі падыход санстанцыі будзе вельмі строгі да грамадзкага харчаваньня».

«Сьціпленька сабраліся дома, адсьвяткавалі ды разышліся...»

У спадарыні Тацьцяны, маці траіх дзяцей, меншы сын яшчэ не жанаты, і яна заклапочана ягонай будучай жаніцьбай. Дзе згуляць вясельле і як зрабіць гэта па магчымасьці таньней? Калі ў кавярні з-за высокіх коштаў гэта зрабіць будзе немагчыма, то давядзецца абысьціся хатнімі пасядзелкамі:

«А ніяк не спраўляць — дома вінэгрэту нарабіць. Немагчыма сёньня чалавеку сярэдняга дастатку ці малога справіць якое-кольвечы сьвята, пышнае такое. Значыць, сьціпленька — сабраліся дома, адсьвяткавалі ды пайшлі».

«Змагацца за тое, каб кавярні й рэстараны былі ў прыватных руках...»

Спадар Уладзімер наагул прапаноўвае, асабліва летам, не ісьці ў рэстараны, а ставіць палаткі і сваімі сіламі ладзіць урачыстасьці:

«Заўсёды ёсьць выхад. Калі гэта лета, то можна паставіць палатку вялікую, павець зрабіць такую, якія ў вёсках раней рабілі. На лецішчы, у чыстым полі. Але самае лепшае выйсьце — змагацца за тое, каб кавярні, рэстарацыі былі ў прыватных руках — і тады заўсёды з прыватнікам можна дамовіцца».

Валерыя Кліцунова: «Новыя забароны ў рэстаранах — гэта плюс у цікавасьці людзей да адпачынку ў аграсядзібах»

Валерыя Кліцунова
Валерыя Кліцунова
Старшыня праўленьня Беларускага грамадзкага аб’яднаньня «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова лічыць, што «новыя забароны ў рэстаранах і кафэ павялічаць цікавасьць людзей да адпачынку ў аграсядзібах».

«Увогуле, як і чым карміць сваіх кліентаў — гэта справа адміністрацыі рэстарана ці кафэ. Таму што калі ты не дазволіш людзям прыносіць сёмгу ці ікру, альбо дарагі каньяк, то яны больш ня прыйдуць да цябе... Але (сьмяецца) пойдуць у сядзібу...Так што гэтая пастанова — нам плюс».

Карэспандэнт: «Пэўна, пра такі паварот у канкурэнцыі думаюць і працаўнікі прадпрыемстваў грамадзкага харчаваньня. Як мяркуеце?»

«Я перакананая, што нармальныя адміністратары ўсё гэта разумеюць і хочуць прыцягнуць кліента. Таму той мінімум, які кліент можа купіць у рэстаране, гарэлкі й яды, — гэта ён зробіць нават дзеля таго, каб яму дазволілі прынесьці сёмгу, каньяк і ікру. Таму што гэтыя далікатэсы павінны быць, калі ты сьвяткуеш значную для сябе падзею. А ў рэстаране далікатэс купіць нерэальна, бо там шалёныя нацэнкі».

Карэспандэнт: «А якія перавагі ў дадзеным выпадку маюць аграсядзібы?»

«Аграсядзібы — выдатная пляцоўка для любой урачыстасьці. Харчаваньне тут заўжды смачнае, бо ўсе прадукты са свайго гароду. У любым разе гэта натуральныя, арганічныя прадукты. У нас выдатныя кулінары.

...Зрэшты, я трохі адхілілася ад тэмы. Насамрэч, ня ведаю, як можна пракантраляваць выкананьне новай пастановы на практыцы. Гэта нерэальна. Ну якая праблема ў тым, каб наліць выдатны каньяк сваім сябрам? Рэстараны — гэта ж бізнэс. І калі госьць прапануе наліць сваім гасьцям свой любімы напой, то як яму адмовіць? Таму да цяперашняга часу ўсё там вырашаецца гнутка, мякка й гэтак далей. А ў тых, хто жорстка ставіцца, у іх і кліентуры менш...»

Карэспандэнт: «Цяпер даводзіцца чуць, што суровыя патрабаваньні пастановы прыкрываюць нечыя карысьлівыя інтарэсы...»

Кліцунова: «Я ўвогуле не разумею, як можна кантраляваць гэтую сфэру бізнэсу... Там шмат прыватнага капіталу.

Так, кантралёры могуць прыходзіць і казаць, што на стале стаіць нібыта ня тая пляшка... але гэта вынішчэньне бізнэсу. У пэрыяд крызісу так сябе не паводзяць. Цяпер трэба паводзіць сябе гнутка, як бізнэсоўцам, так і правяраючым.

Дарэчы, у ЗША і эўрапейскіх краінах, дзе ўсё, як гаворыцца, супэр і ў людзей ёсьць грошы, я сама бачыла й дамаўлялася, каб прынесьці сваё... Таму я мяркую, што цяперашнія забароны — не да часу і не актуальныя...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG