Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статут ВКЛ перададуць у Менску


Урачыстая перадача Статута Вялікага Княства Літоўскага музэю гісторыі Магілёва адбудзецца 7 чэрвеня ў Менску ў будынку Нацыянальнага гістарычнага музэю

Арыгінальнае выданьне на старабеларускай мове 1588 году пасьпяхова выкупілі ў прыватнага калекцыянэра ў Маскве за $ 45 тыс. Гэта адбылося 5 чэрвеня.

Прыкладна месяц таму музэй гісторыі Магілёва абвясьціў дабрачынную акцыю па зборы сродкаў, каб выкупіць у прыватнага маскоўскага калекцыянэра ўнікальную кнігу. Статут быў выстаўлены на продаж на электронным аўкцыёне ўладальнікам антыкварнай крамы ў Маскве. Асобнік ацанілі ў $45 тыс. Пры гэтым частку грошай (10%), як папярэдне дамовіліся з прадаўцом, трэба было сабраць за два тыдні ў якасьці закладу. Але беларусам удалося сабраць усю суму за няпоўныя тры тыдні. За кошт прыватных ахвяраваньняў было сабрана $15 тыс. Асноўную суму ў $30 тыс. прапанавала музэю група кампаній «Альпары», якая адгукнулася на просьбу Нацыянальнага банку Беларусі дапамагчы ў набыцьці кнігі.

«Для нас вялікі гонар аказаць пасільную дапамогу брацкай дзяржаве, рэальная магчымасьць вярнуць у Беларусь значную гісторыка-культурную каштоўнасьць», — сказаў БелТА дырэктар па карпаратыўных камунікацыях «Альпары» Валерый Тарасаў.

Арыгінальны Статут — найвышэйшае дасягненьне старабеларускай прававой думкі, ён паўплываў на культурна-гістарычную і юрыдычную традыцыю краін Эўропы. Статут — ня проста дакумэнт, але сымбаль і помнік найвышэйшай культурнай значнасьці. Да цяперашняга часу захаваліся некалькі дзясяткаў асобнікаў Статута, аднак у Беларусі дагэтуль не было ніводнага. І толькі дзякуючы актыўнасьці магілёўцаў і неабыякавых да сваіх каранёў і гісторыі беларусаў рэліквія вяртаецца на радзіму.

Статут 1588 году распрацаваў падканцлер ВКЛ і стараста магілёўскі Леў Сапега. Ён жа і выдаў яго за свае асабістыя сродкі ў друкарні, якая была заснавана ў Вільні Пятром Мсьціслаўцам на грошы магілёўскіх купцоў Мамонічаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG