Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Такі зялёны, такі прыгожы быў наш горад...»


Горкі рыхтуюцца да Дажынак
Горкі рыхтуюцца да Дажынак

5 чэрвеня — Усясьветны дзень аховы навакольнага асяродзьдзя, які 30 гадоў таму быў абвешчаны Генэральнай Асамблеяй ААН. Да гэтай тэмы «Свабода» прымеркавала рэгіянальны агляд пра экалягічна небясьпечныя праекты, якія пагражаюць будучыні Беларусі. Сярод іх — паўторная мэліярацыя, руйнаваньне прыродных ландшафтаў, узьвядзеньне шкодных вытворчасьцяў.

«Так будуюць лядовы палац....»

У райцэнтры Горкі ў разгары падрыхтоўка да прэзыдэнцкага фэсту «Дажынкі-2012». Тутэйшых жыхароў абурае, што працы ідуць без папярэдняга абмеркаваньня. Людзі заяўляюць, што на іхнія нараканьні чыноўнікі не зьвяртаюць увагі.

Спадарыня: «Сэрца крывёй абліваецца, калі бачыш, як ляжаць маладзенькія бярозкі. Плакаць хочацца. Такі зялёны, такі прыгожы горад быў. Цяпер глядзіш — адны каробкі тырчаць. Гэтага ня трэба было рабіць. Так усе людзі гавораць. І потым, той амфітэатар... Там падкопы пад дамы робяцца. Там дом вісіць над амфітэатрам. Канкрэтна ў нас ваеннае становішча».

Другая спадарыня: «Так будуюць лядовы палац. Але колькі там ліп загубілі. Там была акурат зялёная зона. Высеклі ўсе лесапасадкі. Каму яны заміналі? Я сама была на будаўніцтве амфітэатру. Там руіны, катлаваны. Слупы там панаўбівалі, ды няўдала. Цяпер усё па новай».


Адказ з адміністрацыі прэзыдэнта — гэта адпіска

Інжынэр Вольга Савельева, якая цяпер жыве ў Менску, але нарадзілася ў Горках, пісала ў адміністрацыю прэзыдэнта, каб зьвярнуць увагу на нядбайнае стаўленьне горацкіх уладаў да навакольнага асяродзьдзя. Адказам засталася незадаволеная. Называе яго адпіскай. Спадарыня Савельева занепакоеная тым, як вядуцца працы на дажынкаўскіх аб’ектах. Усё там адбываецца ў аўральным рэжыме, заяўляе яна.

«Яны па-іншаму ня могуць. Часу ім не хапае. Калі яны ўбівалі палі, то яны іх убівалі абы-дзе. Адсыпалі насып мерзлага грунту і мерзлага карэньня дрэў. Я паўсюль усім кажу: „Добра, каб гэта ўсё абвалілася, ды на таго, хто праектаваў“. Пры нашых грунтах гэта ўсё можа паехаць. У гэтае лета мы застаёмся бяз зоны адпачынку. І так будзе далей».

У раённай інспэкцыі аховы навакольнага асяродзьдзя на аповед пра людзкую незадаволенасьць тым, як рыхтуюцца Горкі да «Дажынак», адрэагавалі наступным чынам:

«І што тут у нас парушаецца? Я ня бачу. Усё адбываецца згодна з праектна-каштарыснай дакумэнтацыяй. Ёсьць пастанова Савету міністраў. Ва ўстаноўленым парадку зацьверджаная. Яна прайшла экспэртызу. Там прапісана ўсё. Тут ніякіх не павінна быць пытаньняў. Наогул — колькі людзей, столькі й меркаваньняў».

На Гарадзеншчыне мялеюць калодзежы

На Гарадзеншчыне мялеюць калодзежы ў вёсках, якія закранула савецкая мэліярацыя. Найбольш гучны канфлікт з-за гэтага — у вёсцы Пятралевічы, што пад Слонімам.

Вось што паведаміў сёньня «Свабодзе» тамтэйшы жыхар Мікола Канановіч: «Цяпер паўсюдна ў нас на Слонімшчыне апускаюцца грунтовыя воды. Да прыкладу, у вёсцы Вішава зусім высахлі калодзежы.

Тут праводзілі спэцыяльнае дасьледаваньне навукоўцы, і яны дакладна высьветлілі, што ўзровень грунтовай вады, так званай верхаводкі, сапраўды паніжаецца».

Карэспандэнт: «А як вы асабіста ратуецеся ў такой сытуацыі?»

«Я жыву якраз на пачатку вёскі, ніжэй, чым іншыя, таму ў мяне і ў суседа вада ў калодзежы, дзякуй Богу, не прапала. На нашу сям’ю пакуль хапае...»

Карэспандэнт: «На Гарадзеншчыне, як і ў іншых рэгіёнах Беларусі, улады мусяць выконваць дзяржаўную праграму „Чыстая вада“. Ці ёсьць на яе спадзяваньні?»

«Сапраўды, такая праграма ёсьць, але яна разьлічаная перадусім на аграгарадкі. На патрабаваньні жыхароў усіх астатніх вёсак ва ўлады адказ адзін: вольных грошай у бюджэце няма».

Карэспандэнт: «Пакуль усе скаргі асядаюць на раённым узроўні. Але ж, напэўна, людзі будуць зьвяртацца да „вярхоў“ улады?»

«Вядома, будуць скардзіцца. Гэта ж вельмі вострая праблема. Вада патрэбная ня толькі, каб наталіць смагу. Трэба ж паіць жывёлу, паліваць гароды. А яшчэ і дадатковая праблема — якасьць вады. Яшчэ пяць гадоў таму мясцовая санэпідэмстанцыя праводзіла дасьледаваньне, і ўжо тады ва ўсіх калодзежах вада была дрэннай якасьці».

У дзяржавы на ваду для ўсіх грошай няма

Карэспандэнт: «Ці абяцаюць цяпер чыноўнікі, што ўлада возьмецца вырашыць праблему?»

«У дзяржавы адназначны адказ: „Дзяржава рабіць гэта ня возьмецца, бо грошай няма. Адзінае магчымае выйсьце, калі пралічаць каштарыс пры долевым удзеле насельніцтва вёскі“.

Як мяркуецца, на матэрыялы й працу па ўладкаваньні водаправоду ў вёсцы Пятралявічы Слонімскага раёну спатрэбіцца ня менш як 1,5 мільярда рублёў.

Анатоль Булыня, дырэктар дэпартамэнту мэліярацыі: „Першасны мэліярацыйны фонд мы перавысілі яшчэ толькі напалову“

Тым часам жыхары вёскі, якую пакрыўдзіла савецкая мэліярацыя, са зьдзіўленьнем даведваюцца пра заявы дырэктара дэпартамэнту мэліярацыі й воднай гаспадаркі Мінсельгасхарчу Беларусі Анатоля Булыні пра новыя маштабныя пляны. Вось што ён заявіў нядаўна на прэсавай канфэрэнцыі да Дня мэліяратара, што прыпадае на першую нядзелю чэрвеня:

„Мы — не „піянэры“ ў мэліярацыі, бо па аб’ёмах асушэньня ў сьвеце знаходзімся недзе ў канцы. У нас яшчэ не асушаных земляў... вельмі шмат. Мы ледзьве-ледзьве перавысілі так званы першасны мэліярацыйны фонд толькі напалову...“

Таксама на Гарадзеншчыне ўлады заявілі, што пачнуць будаваць побач з гарадзенскім хімічным гігантам „Азот“ яшчэ адзін. Пра закрыцьцё старога прадпрыемства гаворка не вядзецца. Побач з санітарнай зонай „Азоту“ — жылая забудова, шматпавярховыя дамы, з вокнаў якіх відаць коміны хімічнай вытворчасьці.

Наш карэспандэнт пацікавіўся ў жыхароў: як ім жывецца непадалёк ад „Азоту“ і ці ведаюць яны пра пляны пабудовы яшчэ аднаго хімічнага прадпрыемства?

Спадар: „Дык я на „Азоце“ трыццаць гадоў адпрацаваў ужо, нармальна ўсё. Людзям недзе трэба працаваць, заробак добры. Я толькі „за“, за „Азот“. За добры толькі, экалягічна чысты“.

Спадарыня: „Азот“ будаваць? І што: у гэтым месцы ці далей? Але ж яшчэ атамную станцыю будуюць. Дык што: зусім Горадню загубіць, зусім Беларусь загубіць зьбіраюцца? Вядома, я за чысты горад, таксама супраць станцыі. Нельга, Беларусь і так атручаная».

Маладая спадарыня: «Ня ведаем... Навошта нам яшчэ адзін „Азот“? Мы ня вытрываем. Вядома, думаем. Вось быў пажар нядаўна, адразу думкі, што там нешта выбухнула такое, што можа паўплываць на здароўе яшчэ больш. Уплывае на ўвесь горад і прылеглую тэрыторыю. І я лічу, што трэба праводзіць рэфэрэндум».

Гэта ж хімія, трэба праводзіць сход, зьбіраць людзей

Другі спадар: «Думаю, што такі „Азот“ не пабудуюць, таму што будавацца будзе пятая чарга аміяку і карбаміду па новых тэхналёгіях. Цяпер гэтыя цэхі будуць ня вельмі вялікія, але выпускаць будуць вельмі шмат прадукцыі. Трэба старыя цэхі закрываць, новую прадукцыю выпускаць. У старых выкід у атмасфэру значна большы, чым будзе ў новых. Мне ня страшна тут, бо я там раблю, а кватэру атрымаў ад „Азоту“. Даўно там працую. Я не начальнік, рабочы. Ня тое, што абараняю той пункт гледжаньня, што кіраўніцтва абараняе...»

Трэці спадар: «Па ідэі, улады павінны цікавіцца ў людзей: быць тут гэтай хіміі ці ня быць. І так мы ёю дыхаем, а калі яшчэ адзін завод будзе, увогуле тады незразумела што будзе. А куды мне падзецца? Тут ужо па-любому будзеш, хочаш ці ня хочаш».

Трэцяя спадарыня: «Гэта ж хімія, трэба праводзіць сход, зьбіраць людзей. А я нічога ня ведала нават пра гэта. Вядома, страшнавата. Жывём тут, што зробіш».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG