Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы судзяць за палітпрызыў апазыцыі 1982 году


Акруговы вайсковы суд у Польшчы разглядае справу супраць аўтараў апэрацыі «Восень-82», у часе якой у 1982 годзе правялі прызыў у войска апазыцыянэраў і актывістаў прафсаюзу «Салідарнасьць».

Як піша газэта Rzeczpospolita, перад судом паўсталі тры адстаўныя генэралы, адказныя за парушэньні закону і правоў чалавека падчас гвалтоўнага прызыву апазыцыянэраў.

Пракурор Мечыслаў Гура паведаміў газэце, што ў другой палове 1982 году ўлады ПНР вырашылі спыніць практыку інтэрнаваньня апазыцыянэраў і прыдумалі новую форму іх ізаляцыі — забіралі ў войска.

Такая форма ціску была таксама незаконная, але для польскага грамадзтва і міжнароднай грамадзкай думкі гэта было менш відавочнае парушэньне.

Паводле пракурора Гуры, такі спосаб масавага прызыву ў войска актывістаў апазыцыі трэба прызнаць інтэрнаваньнем небясьпечных для ўлады асобаў паводле палітычных матываў.

Падчас той кампаніі ў войска трапіла 1500 апазыцыянэраў, якіх узялі на «тэрміновыя вайсковыя вучэньні».

Іх згрупавалі на палігонах, жылі яны ў намётах, іх прымушалі рыць і засыпаць акопы, выконваць іншую цяжкую фізычную працу. Ім пагражалі, што ня вернуцца дадому, не пабачаць болей сем’яў, запалохвалі і абражалі.

Улады хацелі такім чынам зламаць сваіх праціўнікаў фізычна і маральна.

Цяпер гэта разглядаецца як злачынства часоў камунізму. Сьледзтва ўжо дапытала па гэтай справе генэралаў Войцеха Ярузэльскага і Чэслава Кішчака.

Палітычны прызыў выкарыстоўваюць цяпер супраць маладых апазыцыянэраў і беларускія ўлады, якія прымушаюць служыць у войску адлічаных за палітыку студэнтаў. Пры гэтым ваенкаматы закрываюць вочы на стан іхняга здароўя.

У траўні гэтага году ў войска забралі актывіста «Маладога фронту» Міхаіла Мускага. У 2009–10 гадах гвалтоўна былі прызваныя ў войска Зьміцер Хведарук, Іван Шыла і Франак Вячорка. Пазьней Івана Шылу і Франка Вячорку камісавалі паводле стану здароўя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG