Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Нарачы можна падхапіць цэркарыёз


Санітарная служба папярэджвае адпачывальнікаў на Нарачанскіх азёрах пра небясьпеку заражэньня цэркарыёзам.

Пра гэта заявіў лекар-паразытоляг Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Андрэй Ведзянькоў 5 чэрвеня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.

Паводле ягоных слоў, захворваньне пераносяць вадаплаўныя птушкі, адно са зьвёнаў яго перадачы чалавеку — малюскі. Цэркарыёз — гэта алергічная рэакцыя: на целе чалавека зьяўляецца сып, пухіры, ён адчувае слабасьць, галавакружэньне, магчымае павышэньне тэмпэратуры. Праз 7–10 дзён гэтыя сымптомы зьнікаюць — лічынкі ў целе чалавека гінуць.

Як заявіў Ведзянькоў, пік захворваньня цэркарыёзам на Нарачанскіх азёрах прыпаў на лета 2010 году, якое было анамальна гарачае. У сувязі з гэтым вялікія намаганьні былі затрачаныя на добраўпарадкаваньне пляжнай зоны. Касілі расьліннасьць, у якой размножваюцца малюскі, чысьцілі ад іх вадаёмы. У 2011 годзе колькасьць зваротаў да лекараў у сувязі з цэркарыёзам скарацілася больш чым у 10 разоў.

Санслужба разьлічвае, што сёлета пацярпелых ад цэркарыёзу будзе яшчэ менш. «Выключыць адзінкавыя выпадкі мы ня можам, але масавага характару захворваньне насіць ужо ня будзе», — спадзяецца Ведзянькоў.

Каб пазьбегнуць заражэньня, ня трэба прынаджваць вадаплаўных птушак у месцы, прызначаныя для купаньня. Купацца варта на спэцыяльна абсталяваных пляжах, далей ад месцаў, дзе зьбіраюць рачных малюскаў і дзе гняздуюцца вадаплаўныя птушкі. У вадзе варта заставацца ня больш як хвілін 5–10. Па магчымасьці рэкамэндуецца выбіраць для купаньня ўчасткі возера з глыбінёй больш за мэтар і не затрымлівацца на мелкаводзьдзі. Выйшаўшы з вадаёму, варта апалоскваць цела водаправоднай вадой, а калі такой магчымасьці няма, то насуха абцірацца ручніком.

Як падкрэсьліў спэцыяліст, захворваньне праходзіць само, безь лячэньня, таму ў мэдыцынскую ўстанову варта зьвяртацца толькі ў цяжкіх выпадках, калі да сьвербу дадаецца павышэньне тэмпэратуры і сухі кашаль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG