Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзю ў справе Жанаазена закідалі чым папала


Аралбай Нагашыбаеў
Аралбай Нагашыбаеў
4 чэрвеня, судзьдзя Аралбай Нагашыбаеў абвясьціў прысуд у дачыненьні падсудных, абвінавачаных ва ўдзеле ў масавых беспарадках, якія адбыліся 16 сьнежня мінулага году ў горадзе Жанаазен у Казахстане. 13 чалавек з 37 адпраўленыя ў турму.

Абвінавачаныя ў масавых беспарадках і пагромах атрымалі ад трох да сямі гадоў пазбаўленьня волі. Частка асуджаных атрымалі ўмоўныя тэрміны, іншыя патрапілі пад амністыю. Два чалавекі былі апраўданыя.

Падчас абвяшчэньня вэрдыкту ў судзьдзю з залі паляцелі розныя прадметы.

Судзьдзю давялося сьпешна сысьці, так і не дачытаўшы прысуды шасьці абвінавачаным. Асьцерагаючыся новага ўсплёску абурэньня, аднавіць абвяшчэньне прысуду ён пакуль не рашаецца.

Падчас судовага працэсу многія з абвінавачаных заявілі, што свае паказаньні ў ходзе сьледзтва яны былі вымушаныя даць пад катаваньнямі. Іх сваякі, некаторыя з адвакатаў і праваабаронцы кажуць аб неаб'ектыўнасьці суду.

Ерлан Каліеў
Ерлан Каліеў
«Абураліся нават сваякі тых, каго апраўдалі. Людзі пытаюцца, за што ж яны тады правялі столькі месяцаў у ізалятарах, за што іх мучылі? Амаль усе ўпэўненыя, што ўвесь гэты суд – суцэльная паказуха» – цытуе Бі-Бі-Сі прадстаўніка міжнароднага камітэту «Жанаазен 2011» Ерлан Каліеў.

На мінулым тыдні такое ж абурэньне выказвалі калегі пецярых супрацоўнікаў паліцыі, якіх таксама судзілі ў жанаазенскай справе.

Генэральная пракуратура Казахстана паведамляла, што супрацоўнікі паліцыі падчас беспарадкаў у Жанаазене дзейнічалі правамерна, аднак у асобных выпадках прымяненьне зброі і спэцсродкаў насіла неадпаведны характар.

Экс-паліцыянты атрымалі ад пяці да сямі гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

16 сьнежня 2011 году ў Жанаазене і 17 сьнежня на станцыі Шэтпе Мангістаўскай вобласьці ўспыхнулі масавыя беспарадкі, у выніку якіх у Жанаазене каля 100 чалавек атрымалі агнястрэльныя раненьні, 14 загінулі. У Шэтпе 11 чалавек былі параненыя, адзін памёр.

Гэтым падзеям папярэднічаў доўгі страйк нафтавікоў з патрабаваньнем вышэйшай заработнай платы.

Апазыцыйны палітык Сэрыкбалсын Абдзільдзін так пракамэнтаваў нашаму радыё судовы працэс і прысуды:

Сэрыкбалсын Абдзільдзін
Сэрыкбалсын Абдзільдзін
«Калі зыходзіць з заявы прэзыдэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева аб тым, што патрабаваньні нафтавікоў былі законнымі, то ўвогуле ніякіх судзілішча не павінна было б быць. Калі і судзіць, то трэба было прыцягваць да крымінальнай адказнасьці паліцыянтаў, якія стралялі ў людзей. А тых, якія патрабавалі на законнай падставе сваю заработную плату, наогул ня трэба было чапаць. А саджаць іх у турму – я лічу гэта наогул амаральнай зьявай. Пры гэтым трэба думаць ня толькі пра тых, хто знаходзіцца за кратамі, але і аб іх сем'ях: дзецях, бацьках і маці і гэтак далей».

Са словаў апазыцыйнага палітыка, гэты судовы працэс і абвінаваўчы прысуд «закранаюць гонар і годнасьць ня толькі жыхароў Заходняга Казахстана, Жанаазена і Шэтпе, але і гонар і годнасьць усёй нацыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG