Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астаповіч просіць Мясьніковіча разабрацца з Латушкам


Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч патрабуе роспуску Грамадзкай рады ў справах культуры і мастацтва пры Савеце міністраў Беларусі ў сувязі з невыкананьнем ускладзеных на яе функцый. Аргумэнты на карысьць спыненьня дзейнасьці «імітацыйнай» структуры выкладзеныя ў адмысловым лісьце на імя прэм’ер-міністра краіны Міхаіла Мясьніковіча.

Антон Астаповіч канстатуе: створаная ў лістападзе 2010 году Грамадзкая рада ў справах культуры і мастацтва на чале зь міністрам культуры Паўлам Латушкам не апраўдала спадзеваў. Зацьверджаны на першым паседжаньні плян застаўся на паперы: ні летась, ні сёлета рада так і не сабралася. Як сябра рады і асноўны аўтар-складальнік праектаў, спадар Астаповіч перакананы: фантомная структура, якая павінна была стаць пасярэдніцай паміж дзяржавай і грамадзтвам, ня мае права на існаваньне.

«У сувязі з тым, што такая пазыцыя і Міністэрства культуры, і кіраўнічых органаў рэспубліканскай рады папросту дыскрэдытуе саму ідэю грамадзка-дзяржаўнага партнэрства ў сфэры гісторыка-культурнай спадчыны, я вымушаны быў сёньня заказным лістом накіраваць просьбу ў Савет міністраў. Ліст напісаны на імя старшыні ўраду Міхаіла Мясьніковіча з просьбай аб роспуску Рэспубліканскай рады ў справах культуры і мастацтва пры Савеце міністраў як органа, які не працуе, які не выконвае сваіх функцый, дзеля чаго ён і ствараўся, і ў сувязі з тым, што існаваньне гэтага органа ў бязьдзейным стане дыскрэдытуе саму дзейную адміністрацыю Рэспублікі Беларусь», — кажа Астаповіч.

Мне вельмі падабаецца пастаноўка пытаньня, што Латушка — ахвяра нейкіх цёмных сілаў. Насамрэч Латушка — міністар, кіраўнік органа дзяржаўнага кіраваньня
Антон Астаповіч

Яшчэ летась у рамках падрыхтоўкі пасяджэньня рады адбылося некалькі нарадаў працоўнай групы ў справе сыстэматызацыі найбольш актуальных пытаньняў аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Разгляд падрыхтаваных дакумэнтаў і прыняцьцё адпаведных рашэньняў, як спадзяваліся прадстаўнікі грамадзкасьці, маглі б аб’яднаць высілкі дзяржавы і грамадзтва і накіраваць іх у прававое рэчышча. Цяперашняе «асваеньне» гістарычных цэнтраў у шэрагу гарадоў Беларусі (і асабліва гэта тычыцца Менску) выклікае абурэньне ня толькі ў спэцыялістаў, але і ў шараговых грамадзянаў.

Аднак, як піша ў лісьце на імя кіраўніка ўраду спадар Астаповіч, пазыцыя старшыні Грамадзкай рады, міністра культуры Паўла Латушкі па сабатаваньні даўно насьпелага паседжаньня цалкам падрывае давер да органаў дзяржаўнага кіраваньня:

«Мне вельмі падабаецца пастаноўка пытаньня, што Латушка — ахвяра нейкіх цёмных сілаў. Насамрэч Латушка — міністар, кіраўнік органа дзяржаўнага кіраваньня. Але, як мне падаецца, ён сам не зацікаўлены ў дыялёгу з грамадзкасьцю. Па выніках усіх сустрэчаў, нарадаў, нават якія адбываліся са складаньнем выніковага пратаколу і з прыняцьцем канкрэтных пратакольных рашэньняў, ніводзін пункт з боку Міністэрства культуры не выконваўся. Хоць гэта цалкам у кампэтэнцыі ведамства Латушкі, ніякіх ня трэба зьверху ні ўзгадненьняў, ні падтрымак. То бок гэта пытаньні, якія знаходзяцца абсалютна ў кампэтэнцыі міністра культуры. Але ж само міністэрства не зацікаўленае ў гэтых зьменах».

Сам Павал Латушка сёньня ў працоўнай камандзіроўцы і атрымаць камэнтар адносна захадаў Антона Астаповіча не атрымалася. Аднак ягоны намесьнік у Грамадзкай радзе Анатоль Бутэвіч з ініцыятывай старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры катэгарычна ня згодны:

«Гэта яго праблемы, але я зь ім катэгарычна ня згодны. Тое, што няма паседжаньняў, яшчэ не азначае, што рада нічога ня робіць у прамежках. Тое ж самае ён мог бы сказаць і пра сваю грамадзкую арганізацыю, і пра нашу грамадзкую камісію, дзе я старшыня, а ён — сакратар. Дзе таксама праблемаў ня меней, у тым ліку па адказным яму сэктары. Любая структура, якая існуе, проста сваёй прысутнасьцю ў грамадзкім жыцьці і тое тыя ці іншыя працэсы рэгулюе. Незалежна ад таго нават, як актыўна яна зьбіраецца ці не зьбіраецца. Зборка — гэта адна з формаў працы, але не выключная. Можна зьбірацца, пагаварыць і нічога не зрабіць, а можна не часта зьбірацца, але рабіць таксама карысныя справы. Таму, незалежна ад таго, што, сапраўды, паседжаньня даўно не было, сэкцыі савету працуюць. Распусьціць, раскідаць усё можна, заўсёды. Але што атрымаем у выніку? Стварыць нешта намнога цяжэй, чым разбурыць».

Грамадзкая рада ў справах культуры і мастацтва пры Савеце міністраў Беларусі перадусім павінна была стаць дыскусійнай пляцоўкай дзеля пошуку кампрамісных рашэньняў у пытаньнях захаваньня гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Гісторыкі, архітэктары, грамадзкія дзеячы даўно б’юць трывогу ў сувязі з тым, што пад выглядам рэстаўрацыі ўсё часьцей адбываецца руйнаваньне каштоўных гістарычных аб’ектаў, а на месцы зьнішчаных помнікаў узводзяцца муляжы, якія з клопатам пра захаваньне нацыянальнай спадчыны ня маюць нічога агульнага.

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч

Апошнія навіны

усе навіны за дзень >
XS
SM
MD
LG