Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вазьняк: «Гавары праўду» не арганізоўвала збор подпісаў у Барысаве


Сяргей Вазьняк
Сяргей Вазьняк

Прэс-сакратар грамадзкага руху «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк абверг выказваньні старшыні Менаблвыканкаму Барыса Батуры наконт удзелу руху «Гавары праўду» ў зборы подпісаў супраць будаўніцтва заводу перапрацоўкі сьмецьця ў Барысаве.

Барыс Батура, камэнтуючы сытуацыю з пабудовай заводу перапрацоўкі сьмецьця ў Барысаве, сказаў: «Па ... заводзе ў Барысаве яшчэ няма прапрацовак, а ўжо подпісы зьбіраюць, што „мы — супраць“... Трэба аб’ектыўна падыходзіць да рашэньня такіх пытаньняў. Такія вытворчасьці мы будзем будаваць, як бы гэтага ні хацелася руху „Гавары праўду“, ці як ён там называецца», — паведаміў afn.by.

Сяргей Вазьняк: «Мы не арганізоўвалі збор подпісаў людзей у Барысаве. Магчыма, старшыня Менаблвыканкаму Батура больш інфармаваны пра дзейнасьць кампаніі „Гавары праўду“, чым я. Але калі людзі там пачалі зьбіраць подпісы і самі называць сябе „Гавары праўду“, то мы будзем гэта толькі вітаць. А цэнтральны штаб кампаніі не арганізоўваў там збор подпісаў.

Але калі казаць пра словы Батуры, то сапраўды трэба аб’ектыўна падыходзіць да рашэньня пытаньняў. Ня трэба будаваць прамысловыя аб’екты цішком ад людзей. Ня трэба іх праектаваць так, каб людзі на дыбкі ўставалі, каб цэлыя вёскі бунтавалі, як гэта было ўчора ў Якімавай Слабадзе пад Сьветлагорскам, ці цэлыя гарады, ці раёны, як гэта ў Смалявіцкім раёне. Рабіце ўсё адкрыта, каб людзі бачылі, што гэта за праект, хто інвэстар, што за тэндэр, што ён сумленна быў праведзены, што прайшлі ўсе экспэртызы — экалягічныя, тэхналягічныя і так далей. Патлумачце, што не было „адкатаў“, што гэта не праз хабар усё вырашаецца. Людзі ж бунтуюць з-за таго, што не зразумела нічога, чаму на іх тэрыторыях будуецца небясьпечнае прадпрыемства. Таму яны і подпісы зьбіраюць. Праблема не ў канкрэтнай будоўлі — у Барысаве, у Смалявіцкім раёне ці яшчэ недзе. Праблема — у закрытасьці ўлады ад людзей. Давайце ўсё будзем рабіць адкрыта».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG