Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнкавы алігархі стараюцца абысьці санкцыі ЭЗ


Прапануем пераклад фрагмэнтаў артыкулу з сайту euobserver.com, у якім раскрываюцца некаторыя дэталі цьмяных бізнэсовых кантактаў беларускіх алігархаў з Эўропай і спробаў пазьбегчы наступстваў эканамічных санкцый ЭЗ.

Юрысты Эўрапейская службы зьнешніх дзеяньняў ламаюць галаву, як адрэагаваць на апошнюю спробу беларускага алігарха Ўладзімера Пефціева пазьбегнуць санкцый ЭЗ.

Пефціеў — сябар Лукашэнкі і яго меркаваны «кашалёк» — знаходзіцца ў чорным сьпісе ЭЗ разам са сваёй кампаніяй «Белтэххолдынг», у якую ўваходзіць і «Белтэхэкспарт». На гэтым тыдні ён прадаў кантрольны пакет акцый у гэтай фірме нейкаму Дзьмітрыю Гурыновічу.

Паводле інфармацыі «Белтэххолдынгу», Гурыновіч зьяўляецца выпускніком Расейскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры прэзыдэнце РФ ды ўключаны ў кадравы рэзэрв прэзыдэнта РФ. Кадравы рэзэрв — гэта сьпіс людзей, якія ў будучыні могуць працаваць у адміністрацыі расейскага кіраўніка.

Пры гэтым Дзьмітры Гурыновіч раней ніколі ня згадваўся ў інфармацыйных паведамленьнях.

Дыплямат ЭЗ паведаміў нам, што Гурыновіч зьяўляецца былым «дарадцам або памочнікам Пефціева, або, магчыма, застаецца ім да гэтага часу». Ён дадаў, што гэты продаж — спроба абысьці санкцыі ЭЗ. «Калі кампанія не належыць чалавеку, які знаходзіцца пад санкцыямі, то яна можа быць выключана з чорнага сьпісу» — адзначыў дыплямат.

Суразмоўца зь Нямецкага фонду Маршала сказаў нам, што «Пефціеў насамрэч прадаў сваю кампанію самому сабе».

Гэты продаж — не адзіная спроба беларускіх алігархаў змагацца з санкцыямі.
Пефціеў і тры яго фірмы падалі пазоў у Эўрапейскі суд, у якім спрабуюць даказаць, што яны не зьяўляюцца спонсарамі Лукашэнкі.

Паводле інфармацыі «Беларускага трыбуналу», няўрадавай арганізацыі, якая знаходзіцца ў Гаазе, «Белнафтагаз» уваходзіць у групу кампаній, якія ўцягнутыя ў афёру экспарту расейскіх нафтапрадуктаў у ЭЗ. Прыбытак ад яе складае каля 880 мільёнаў даляраў на год.

Беларусь імпартуе расейскую нафту па ўнутрырасейскіх цэнах. Але калі яна хоча перапрацаваць яе і прадаць атрыманыя прадукты ў Эўропу, яна павінна плаціць Расеі мыта ў памеры ад 300 да 500 даляраў за тону. Але гэтае правіла не пашыраецца на растваральнікі, вырабленыя з нафты.

«Беларускі трыбунал» кажа, што «Белнафтагаз» экспартуе бэнзін пад выглядам растваральнікаў у Літву, Латвію, Эстонію і Нідэрлянды, адкуль ён — ад імя афшорных кампаній, зьвязаных зь беларускім рэжымам — прадаецца ў іншыя краіны ЭЗ.

Калі прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін наведаў Лукашэнку 31 траўня, ён заявіў журналістам: «Сам факт майго першага замежнага візыту ў брацкую Беларусь, безумоўна, адлюстроўвае асаблівы характар нашых адносін».

У сумеснай заяве двух лідэраў сказана: «Расея і Беларусь будуць каардынаваць намаганьні ў барацьбе са спробамі ўмяшаньня ва ўнутраныя справы і ціскам у выглядзе абмежавальных захадаў або санкцый».

«Беларускі трыбунал» адзначае, што расейцы добра ведаюць пра ашуканства з растваральнікамі, але «зь нейкай невядомай прычыны ігнаравалі яго да гэтай пары». «Магчыма, што гэты факт яны выкарыстаюць супраць Лукашэнкі ў будучыні» — дадае «Беларускі трыбунал».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG