Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Камуналка» зноў падаражэла


Ад 1 чэрвеня ў Беларусі даражэюць жыльлёва-камунальныя паслугі для насельніцтва.

Так, сям’я з трох чалавек, якая пражывае ў тыповай двухпакаёвай кватэры, з улікам ацяпленьня цяпер будзе плаціць за месяц 216 тысяч рублёў, а ўлетку — 138 тысяч.

Экспэрт Аляксандар Сасноў, які даўно займаецца сацыялягічнымі дасьледаваньнямі, гэты крок уладаў тлумачыць так:

Аляксандар Сасноў
Аляксандар Сасноў
«Вядома, яны разумеюць, што стаўленьне людзей да іх пасьля гэтага будзе дрэннае. Але яны ўпэўненыя, што сёньня ўся сытуацыя ў краіне — пад іхнім кантролем. І таму палохацца ім няма чаго. А падвышаць кошты на паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ўсё ж трэба. Ня сёньня, дык заўтра. Ня заўтра, дык пасьлязаўтра. Вось і знайшлі такі момант — зрабіць сёньня. І робяць».

Эканаміст Леанід Заіка кажа, што ўлады абгрунтоўваюць кожнае падвышэньне коштаў на жыльлёва-камунальныя паслугі адной і той жа тэзай: маўляў, дзяржава ня можа цягнуць на сабе гэты воз. А кампэнсацыя з боку насельніцтва вельмі малая. Але лічбы, якія пры гэтым называюцца — напрыклад, дзяржава бярэ на сябе больш за 80% аплаты альбо насельніцтва кампэнсуе менш за 13%, — ніхто не правяраў:

Леанід Заіка
Леанід Заіка
«Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі дагуляецца, калі прафсаюзы і пэнсіянэры возьмуць калькулятары і пойдуць правяраць, якія насамрэч тарыфы і выдаткі і наколькі апраўданыя ці не апраўданыя прыбыткі гэтага міністэрства. Яно нават распараджэньне Лукашэнкі прадставіць разьлікі на ваду, на цяпло і на ўсе іншыя паслугі не змагло выканаць. Не захацела, ня здолела».

Праблему аплаты паслугаў можна было б разьвязаць лягчэй, калі б Беларусь пераняла практыку бальшыні краінаў сьвету — лічыць эканаміст Міхась Залескі:

Міхась Залескі
Міхась Залескі
«Ва ўсім сьвеце ёсьць рынкавыя прынцыпы аплаты такіх рэчаў. Калі я жыву ў Драздах, у самым прыгожым месцы гораду, маю ўсе выгоды, то яны мне павінны дорага абыходзіцца. А калі я жыву ў блёчным доме сацыяльнага тыпу на ўскрайку гораду, — мне ўсё таньней павінна абыходзіцца. А ў нас па інэрцыі дзейнічаюць сацыялістычныя прынцыпы зь нейкімі абсалютна дзіўнымі накруткамі.

Няма цаны зямлі. Адсюль няма рэальнай цаны гарадзкой забудовы. Адсюль няма рэальнай цаны квадратнага мэтра жыльлёвай плошчы ў залежнасьці ад паверху, якасьці будынкаў, іхнага месцазнаходжаньня. І, адпаведна, няма рэальнага аказаньня паслуг у гэтых будынках. Таму плацяць усе аднолькава».

Цяперашняе падвышэньне — не апошняе, упэўнены Аляксандар Сасноў. А спыніцца яно толькі тады, калі ўлады пабачаць, што людзі больш цярпець ня будуць:

«Калі пабачаць, што насельніцтва падышло да такой ступені, што вось-вось можа здарыцца выбух, тады ўлады і будуць шукаць нейкія іншыя захады, каб зьменшыць напругу ў грамадзтве».

Паводле пастановы Савету Міністраў, аплата паслугаў ЖКГ ад 1 чэрвеня вырасьце на 8,6%. Пры гэтым Аляксандар Лукашэнка сёлета ўжо выказваўся пра недапушчальнасьць падвышэньня «камуналкі»:

«Штогод гэта робіцца на 5 даляраў, але ня больш. Гэта трэба засвоіць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG