Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалая Дзядка зьмясьцілі ў адзіночку на паўгода


Мікалай Дзядок
Мікалай Дзядок

Паводле рашэньня начальніка Шклоўскай калёніі № 17 Мікалай Дзядок, які адбывае там пакараньне тэрмінам чатыры з паловай гады, пераведзены ў памяшканьне камэрнага тыпу, так званы «БУР», на паўгода.

«Мікалаю незаконна зьмянілі рэжым утрыманьня на больш суровы: са звычайнай камэры перавялі ў адзіночку. На майго сына ўжо даўно ціск, яго неаднаразова прымушалі пісаць прашэньні аб памілаваньні. Акрамя гэтага, ягоны атрад перавялі на 6-дзённы працоўны тыдзень, што незаконна. Мікалай толькі выказаўся пра сваю нязгоду з гэтым, бо ёсьць яшчэ абавязковыя дзяжурствы, нарады. Гэта адразу ж пацягнула за сабой пазбаўленьне Мікалая доўгатэрміновага спатканьня з маці і жонкай, якое раней было дазволена ў чэрвені, і зьмяшчэньне ў адзіночку», — паведаміў бацька асуджанага Аляксандар Дзядок.

Адміністрацыя калёніі на сувязь з роднымі ісьці адмаўляецца. Прычым два дні таму маці Мікалая была на прыёме ў начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Сяргея Працэнкі, які пры ёй тэлефанаваў начальніку Шклоўскай калёніі і зладзіў цэлы спэктакль: які, маўляў, ён добры хлопец, як ён добра працуе, хоць у той час ужо было прынята рашэньне аб зьмяшчэньні яго ў адзіночку, распавёў бацька Аляксандар Дзядок:

«За час знаходжаньня ў Бабруйскай і Шклоўскай калёніі Мікалай атрымаў больш за 10 спагнаньняў за розныя надуманыя парушэньні, кшталту „няправільна адрэагаваў на заўвагу“. І цяпер ён ня можа трапіць пад маючую адбыцца амністыю», — кажа Аляксандар Дзядок.

27 траўня 2011 году Мікалай Дзядок быў асуджаны па справе анархістаў разам зь Ігарам Аліневічам і Аляксандрам Францкевічам. Іх абвінавацілі ў арганізацыі антымілітарысцкага шэсьця ля будынка Мінабароны, нападзе на казіно «Шангры Ла» і ізалятар на Акрэсьціна, падпале дзьвярэй філіялу «Беларусбанку», нападзе на расейскую амбасаду.

Дзядок атрымаў 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

7 красавіка Мікалая без тлумачэньня прычынаў перавялі з Магілёўскай калёніі № 15 ў Шклоўскую ПК-17.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG