Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барадулін-Дамавік і Бураўкін-Бай


Ірына Хадарэнка
Ірына Хадарэнка

Саюз беларускіх пісьменьнікаў сумесна з грамадзкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!» рыхтуе да выданьня незвычайны паэтычна-міталягічны каляндар, дзе ў фотавобразах розных міталягічных істотаў выступяць знакамітыя беларускія паэты.

Так сёньня трэба прапагандаваць беларускую літаратуру — лічыць каардынатарка праекту паэтка Ірына Хадарэнка.

— Ірына, што ўяўляе з сябе гэты ваш праект і што ў выніку павінна атрымацца?

— 2012 год нават на дзяржаўным узроўні абвешчаны ў Беларусі Годам кнігі. Але ўсе мы ведаем, што, нягледзячы на шэраг прапагандысцкіх мерапрыемстваў, сытуацыя з чытаньнем наогул і культурай чытаньня ў прыватнасьці няўмольна пагаршаецца. Колькасьць беларускамоўных выданьняў зьмяншаецца, наклады падаюць, большасьць насельніцтва зусім ня ведае сучасных беларускіх літаратараў. Таму наш праект «Беларускі фальклёр», які ажыцьцяўляецца пры падтрымцы грамадзкай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», — гэта найперш праект фатаграфічны. І яго галоўная ідэя ў тым, каб пры дапамозе візуальна-крэатыўных мэтадаў прыцягнуць увагу грамадзкасьці ня толькі да творчасьці беларускіх пісьменьнікаў, але і да скарбаў айчыннай міталёгіі, да фальклёру.

— І ў якіх міталягічных істотаў вы прапануеце пераўвасобіцца нашым пісьменьнікам?

— Наш праект досыць рухомы і мае высокую ступень імправізацыйнасьці. Гэта, з аднаго боку, добра і дае прастору для творчасьці, з другога — значна ўскладняе яго ажыцьцяўленьне. Пакуль магу сказаць дакладна, што будуць прадстаўленыя такія пэрсанажы, як багіня вясны Лёля і багіня лета Цёця, бог агню і кавальскай справы Жыжаль, бог восені Жыцень, бог зімы і марозу Зюзя, апякун лясных гушчароў Лесавік, русалкі і чэрці, а таксама іншыя самабытныя казачныя істоты. І тут, амаль як у ролевай гульні, нашым літаратарам розных пакаленьняў давядзецца пераўвасобіцца.

— І хто пагадзіўся быць чортам?

— Чарцякаў у нас будзе два. Увогуле, беларуская старажытная міталёгія вельмі багатая, і там былі чэрці ў розных увасабленьнях: пякельнік, шатан, дурны чорт... І вось у гэтых ролях мы бачым паэтаў Сержука Сыса і Віктара Жыбуля.

— Я ведаю, што здымкі некаторых пэрсанажаў ужо адбыліся. Ці лёгка нашыя паэты ўваходзяць у вызначаныя для іх ролі?

— Некаторыя пісьменьнікі спачатку ставіліся з сумневам да гэтай ідэі. Прыходзілася тлумачыць, што ніякага трэшавага глямуру або эпатажных здымкаў аголеных целаў мы з фотамастаком Валер’ем Дубоўскім рабіць не зьбіраемся. Апроч таго, рэха беларускай міталёгіі і традыцыйнага фальклёру так ці іначай жыве ў творчасьці кожнага пісьменьніка, таму іх зьнітаванасьць з абранымі вобразамі нельга лічыць выпадковай. Напрыклад, Аксана Данільчык увасобілася ў Лёлю на тле расквітнелага вясновага дрэва. Каб атрымаць некалькі добрых кадраў, нам трэба было знайсьці адпаведны строй, дачакацца дня з добрым надвор’ем, прымусіць паэтку басанож хадзіць па крапіве. А вось Генадзю Бураўкіну, які выступіў у вобразе Бая, давялося доўга ўлагоджваць сваю партнэрку па фотасэсіі шасьцігадовую Еву, якая, нягледзячы на ўсё чароўныя байкі, ніяк не хацела ўсаджвацца паэту на калені. А Дамавік у выкананьні Рыгора Барадуліна атрымаўся ў нас такі адукаваны — сярод кніг, з асадкай у руках.
Рыгор Барадулін у ролі Дамавіка.
Рыгор Барадулін у ролі Дамавіка.

Разам з Ірынай Хадарэнкай над стварэньнем паэтычна-міталягічнага календара працуе фотамастак Валеры Дубоўскі, які з намі на тэлефоннай сувязі.

— Валеры, скажыце, як успрымаюць жывыя клясыкі вашы працяглыя фотасэсіі?


— Клясыкі — увогуле людзі складаныя... Бывае, верш прачытаеш — і не зразумееш. Вы правільна сказалі, здымкі часам цягнуцца цэлы дзень. Але я стараюся не ствараць празьмернага дыскамфорту тым, каго здымаю. Мой прынцып — сам пры патрэбе станавіся на галаву, неяк выкручвайся. Гэта мае прафэсійныя праблемы. А той, каго здымаюць, не павінен адчуваць нязручнасьці. Хоць паэты — не фотамадэлі, але ролі выконваюць выдатна. Напрыклад, Бураўкін-Бай. Ён жа да гэтай ролі падыходзіць! Генадзь Мікалаевіч напісаў «Калыханку» — па музыцы і тэксьце найлепшую ў былым СССР. Увогуле, Бураўкін — беларус высокай пробы, ён мае вельмі выразны твар. Здымаць яго — адно задавальненьне.

— Ірына, вы лічыце, што ваш каляндар заахвоціць беларусаў больш чытаць паэзію?

— Так, гэта адна з нашых мэтаў. На маю думку, айчыннай літаратуры патрэбны рэбрэндынг, калі казаць мовай маркетолягаў. Трэба шукаць новыя мэханізмы стымуляваньня цікавасьці да літаратуры. З улікам таго, што сёньня ў культуры пераважае візуальны спосаб перадачы інфармацыі, гэта таксама варта браць да ўвагі. У дадзеным выпадку я ня маю на ўвазе нейкія скандальныя рэчы кшталту публічнага стрыптызу або правакацыйнага пэрформансу. Заўсёды можна зрабіць нешта адметнае пры дапамозе небанальных і разам з тым эстэтычных інструмэнтаў.
Казачнік Бай — Генадзь Бураўкін.
Казачнік Бай — Генадзь Бураўкін.

— Ірына, беларуская літаратура здаўна выконвала нацыястваральную ролю — тут можна згадаць Ф. Багушэвіча, Я. Купалу, М. Багдановіча... А ці сёньня наша літаратура працягвае гэта рабіць?

— Працягвае, але не заўсёды пасьпяхова. Праблема ў тым, што мы аніяк ня можам адмовіцца ад шэрагу комплексаў, якія моцна заселі ў калектыўнай мэнтальнасьці яшчэ з даўніх часоў. У нас вельмі мала твораў, якія б стваралі прыцягальны вобраз беларуса як кемлівага і прывабнага барацьбіта.

— Накшталт караткевічаўскага Гервасія Вылівахі?

— Так-так. Нават у нашых клясыкаў беларус часта паўставаў у ролі нейкай прыгнечанай істоты. А ў пісьменьнікаў-постмадэрністаў ён часам выступае як істота з жывёльнымі інстынктамі, якія пераважаюць над усім астатнім. Хто такі беларус, дзе яго Радзіма і што для яго галоўнае ў жыцьці — гэтыя пытаньні па-ранейшаму актуальныя, бо папросту ў нас так і не сфармавалася канчаткова трывалая сыстэма нацыянальнай ідэалёгіі, якая, як правіла, вельмі шчыльна зьвязаная з літаратурай і філязофіяй. Да таго ж, істотнай праблемай зьяўляецца і адсутнасьць добрых перакладаў беларускіх творцаў на асноўныя эўрапейскія мовы. Нашу літаратуру вельмі слаба ведаюць у сьвеце. Нават у суседняй Польшчы здабыткі беларускай літаратуры вядомыя хіба ў вузкіх колах, а на тамтэйшыя літаратурныя фэстывалі штогод езьдзяць адны і тыя ж асобы. Сёньня бальшыня літаратараў займаецца пераважна ўласным прасоўваньнем, а не мацаваньнем падмуркаў айчыннай культуры. У літаратурным сьвеце няма еднасьці, усё падзелена на мноства нейкіх дробных тусовак з дробнымі памкненьнямі. А супольнасьці, якая прызвычаілася ўвесь час поўзаць па зямлі, будзе вельмі цяжка ўзьляцець. Мы па-ранейшаму сядзім у паўзмроку і марым аб тым, што «загляне сонца і ў наша ваконца». Мушу прызнацца, што і на маю творчасьць гэта паўплывала. Мне часам хацелася б пісаць вершы зусім іншага кірунку і настрою, але ж культурная памяць народу накладае свой адбітак...
Аксана Данільчык у вобразе багіні вясны Лёлі.
Аксана Данільчык у вобразе багіні вясны Лёлі.

— Нядаўна пабачыла сьвет вашая новая паэтычная кніга «Сьвядомаграфія». Мабыць, ня трэба асабліва тлумачыць, каго вы маеце на ўвазе ў адным з вершаў, калі пішаце: «а тут... вусаты чорт стварыў свой цырк на дроце». Па многіх вершах відно, што вы не прымаеце сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці. А якой яна павінна быць, каб паэтка Ірына Хадарэнка пачувала сябе камфортна?

— Я ня ведаю, што такое для паэта «пачуваць сябе камфортна». Паэтаў ва ўсе часы нешта зьдзіўляе, трывожыць, абурае і прыгнятае. Калі месца гэтай спрадвечнай трывогі заступаюць камфорт і задаволенасьць, дык і паэзія спакваля зьнікне. Праблема ня ў тым, як я ўспрымаю і ацэньваю нашу рэальнасьць, а ў тым, што яна ўваходзіць у моцнае супрацьстаяньне з маёй асабістай сыстэмай каштоўнасьцяў, у якой значнае месца займае свабода духу і самавыяўленьня. Можа, гэта частка этычнай спадчыны пакаленьня 90-х, што пасьпела яшчэ глынуць свабоды і мае яе сваім ідэалам? А можа — проста вынік жаданьня жыць па-людзку, а не «па-скоцку», жыць цывілізавана, шануючы чалавечую годнасьць, чалавечыя правы. Калі Гегелю ў свой час заўважылі, што ягоныя тэорыі разыходзяцца з фактамі, ён адказаў: «Тым горш для фактаў». Беларусы сёньня існуюць, як героі Оруэла, у стане нейкай падвоенай сьвядомасьці, у сытуацыі маральнага каляпсу, калі хлусьня выдаецца за праўду, вычварэнства — за норму, а злачынства — за геройства. Бясспрэчна, такая сытуацыя шкодзіць нам усім, а ня толькі тым, хто яе адчувае найбольш абвострана. Што павінны рабіць паэты? Змагацца. Змагацца з дапамогай слова. Я ня ведаю, ці кожны пісьменьні здольны і лічыць для сябе прымальным выходзіць на Плошчу, на мітынгі і г.д. Усё ж місія паэта іншая — пісаць, ствараць новыя творы і сьмела выказваць свае думкі. Нават калі тыя думкі супярэчыць меркаваньням большасьці.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG