Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куток амэрыканскай фатаграфіі зьявіўся ў Менску


Майкл Скэнлан (зьлева) адкрывае куток амэрыканскай фатаграфіі.
Майкл Скэнлан (зьлева) адкрывае куток амэрыканскай фатаграфіі.

Амбасада ЗША перадала ў дар менскаму Цэнтру фатаграфіі больш за сто альбомаў прац найлепшых амэрыканскіх фотамайстроў.

Фатаграфія збліжае народы, фатаграфія спрыяе пераменам — заявіў на адкрыцьці амэрыканскага разьдзела часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан.

Куток амэрыканскай фатаграфіі зьявіўся ў Менску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:38 0:00
Наўпроставы лінк

Адкрываючы куток амэрыканскай фатаграфіі, Майкл Скэнлан згадаў знакаміты здымак сустрэчы на Эльбе ў 1945 годзе амэрыканскага і савецкага салдатаў, на якім адлюстраваныя лейтэнанты Ўільям Робэртсан і Аляксандар Сільвашка.

«Сустрэча на Эльбе»
«Сустрэча на Эльбе»
Гэты здымак дэманструе сувязь паміж амэрыканскім і беларускім народамі — заявіў спадар Скэнлан, бо Аляксандар Сільвашка быў беларусам:

«На жаль, на пачатку мінулага года ён сышоў ад нас. У нашай амбасады зь ім быў сталы кантакт. Але гэты здымак зьберажэ гэты момант ягонага жыцьця назаўсёды».

Яшчэ адзін здымак, які згадаў спадар Скэнлан,— фатаграфія выступу Марціна Лютэра Кінга ў Вашынгтоне, калі ён сказаў неўміручае «I have a dream» (У мяне ёсьць мара):

«Здымак адлюстраваў сотні тысяч людзей — і чорных, і белых… Паказаўшы гэта, фатаграфія зрабіла так, каб людзі паверылі, што перамены магчымыя… Такім чынам фатографы нясуць вялікую адказнасьць».

Дзякуючы дару амэрыканскай амбасады разьдзел кніг фотамайстроў з ЗША стаўся самым вялікім у Менскім фотацэнтры — цяпер ён налічвае больш за 250 тамоў.

Гэта важны крок для беларускай фатаграфічнай супольнасьці, — заявіў «Свабодзе» дырэктар Менскага цэнтру фатаграфіі Аляксей Шынкарэнка:

«Для нашага цэнтру, для беларускай фатаграфічнай супольнасьці гэта фактычная магчымасьць пабачыць жыўцом цудоўна надрукаваныя фатаграфіі, не знаходзячыся ў выставачнай залі. Усе гэтыя шэдэўры, усе гэтыя імёны цяпер цяжкадасягальныя. А амэрыканская фатаграфія даўно ўжо мае права лічыць сябе лідэрам у сусьветнай фатаграфіі, які займае ключавое месца».

Паводле Майкла Скэнлана адкрыцьцё разьдзелу амэрыканскай фатаграфіі — адзін з шматлікіх культурных праектаў, які амбасада ЗША рэалізуе ў Беларусі, нягледзячы на абмежаваньне ў штаце дыпляматаў, уведзенае афіцыйным Менскам.

23 траўня пры дапамозе амбасады ЗША ў Менску быў пастаўлены м’юзыкал «Вэстсайдзкая гісторыя», які цягам гэтага году будзе паказаны ў розных гарадах Беларусі яшчэ 48 разоў. 6 чэрвеня ў Берасьці пакажуць «Брадвэйскае шоў». 29 чэрвеня ў супрацоўніцтве з аркестрам філярмоніі будзе прадстаўленая пастаноўка опэры Джорджа Гершвіна «Поргі і Бэс».

Майкл Скэнлан: «Шчыра кажучы, у Беларусі няма браку творчых людзей, і гэта стварае магчымасьці для праектаў, якія мы робім і якія будзем працягваць рабіць, таму што гэта аб’ядноўвае людзей, дае магчымасьць дзяліцца досьведам і ідэямі».

Майкл Скэнлан заявіў пра зацікаўленасьць ЗША пашырэньнем і жывых кантактаў паміж грамадзянамі дзьвюх краін. У прыватнасьці ён паведаміў, што Вашынгтон нядаўна выступіў з ініцыятывай на адрас Менску пра ўзаемнае зьніжэньне кошту візаў:

«У нашым разуменьні мы ня бачым нічога кепскага ў тым, каб беларусам было прасьцей езьдзіць у Амэрыку, а амэрыканцам сюды. Гэта было б толькі добра для абодвух бакоў. Мы лічым гэта вельмі важным і будзем рабіць усё, што магчыма, каб так сталася».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG