Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кепская маці». Працяг гісторыі


Мая Мімінашвілі
Мая Мімінашвілі
Больш за 60 супрацоўнікаў нацыянальнага цэнтру іспытаў звольніліся ў знак салідарнасьці з Маяй Мімінашвілі. Мая Мімінашвілі была вызваленая з пасады прэзыдэнтам Саакашвілі пасьля таго, як яе сын узяў удзел у апазыцыйным мітынгу.

З кіраўніком грузінскай службы нашага радыё Давідам Какабадзэ гутарыў Франак Вячорка.

Вячорка: Пачаліся акцыі салідарнасьці з Маяй Мімінашвілі?

Какабадзэ: Гэта мае масавы характар. Амаль усе сябры камісіі, якую ўзначальвала Мая Мімінашвілі (іх 150 ці больш чалавек) заявілі аб адстаўцы. Некаторыя, больш за 60, ужо афіцыйна напісалі заявы. Астатнія зьбіраюцца гэта зрабіць. Практычна ўвесь склад экзамэнацыйнай камісіі будзе зьменены. Трэба будзе шукаць новых людзей. А цяпер – пэрыяд іспытаў, як ангельцы кажуць – таймінг вельмі неспрыяльны. Коней мяняюць на пераправе. Будзе складана правесьці іспыты на належным узроўні. Прызначылі новую кіраўніцу экзамэнацыйнай камісіі. Яна заяўляе, што ніякіх праблемаў ня будзе. Слаба верыцца. Дай Бог, каб усё было добра.

Вячорка: Як рэагуюць афіцыйныя ўлады і мэдыі?

Какабадзэ: Афіцыйныя ўлады стараюцца паказваць добрую міну пры кепскай гульні. Яны цяпер сталі абвінавачваць Мімінашвілі, якую раней хвалілі, што яна супраціўлялася рэформам, што яна «рэтраград». Гэтая жанчына кіравала цэнтрам іспытаў цягам апошніх 10 гадоў. Была ля вытокаў гэтай камісіі, водгукі былі толькі станоўчыя, і з боку апазыцыі, і з боку ўладаў. І з боку студэнтаў, абітурыентаў, выкладнікаў. На падрыхтоўку гэтай вялізнай каманды дзяржава патраціла вялікую колькасьць грошай: на трэнінгі за мяжой і ў Грузіі. За адзін дзень зьмяніць склад камісіі, правесьці іспыты на тым жа ўзроўні – немагчыма.

Вячорка: Вось гэты канфлікт нейкім чынам зьвязаны з парлямэнцкімі выбарамі ў Грузіі, якія маюць адбыцца ўвосень?

Какабадзэ: Факты кажуць, што так. Іншым чынам складана патлумачыць, чаму супалі ўдзел сына Маі Мімінашвілі на апазыцыйным мітынгу прыхільнікаў Іванішвілі і яе звальненьне літаральна на наступны дзень. Іспыты на носе, ужо пачаліся. Звальняць чалавека, які кіруе ўсім, проста нерацыянальна. Калі думаеш звольніць, пачакай, калі скончацца іспыты. Тады звальняй і карай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG