Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліпковіч: «Як цяпер давяраць Міністэрству абароны?»

абноўлена

Яўген Ліпковіч
Яўген Ліпковіч

Блогер Яўген Ліпковіч плянуе зьвярнуцца ў суд, каб абараніць свае гонар і годнасьць ад газэты «Во славу Родины».

Нагодай для судовага зыску стаў артыкул «Липкович: клинический случай пиромании — или?..», які зьявіўся ў газэце 18 траўня за подпісам начальніка ўпраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалягічнай працы Міністэрства абароны, кандыдата пэдагагічных навук Уладзімера Макарава.

Яўген Ліпковіч зрабіўся вядомым дзякуючы барацьбе за вяртаньне ў продаж абястлушчанага кефіру, спальваньню кнігаў Мікалая Чаргінца. У 2010 годзе ён балятаваўся ў дэпутаты Менскага гарсавету.

Яўген Ліпковіч дагэтуль праходзіць сьведкам па крымінільнай справе, якую год таму ўсчала Генэральная пракуратара. Справа тычыцца абразы дзяржаўнага сьцяга ў блогу Ліпковіча. Летась у чэрвені ў кватэры Ліпковіча прайшоў ператрус. Падчас яго канфіскавалі кампутар, які дагэтуль не вярнулі. Цяпер, па словах самога Ліпковіча, ніякіх сьледчых дзеяньняў не адбываецца і яго самога ніхто не турбуе.

Год таму Ліпковіча зьвінавацілі ў абразе кіраўніка афіцыйнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца, якое выявілася ў спальваньні ягоных кніг, і прысудзілі да выплаты штрафу. Менавіта гэты эпізод біяграфіі выклікаў найбольшую ўвагу аўтара «Во славу Родіны» .

У прыватнасьці Ўладзімер Макараў піша: «Няўжо Ліпковіч не знаёмы з элементарнымі маральнымі нормамі і ня ведае, што неяк нядобра заклікаць спальваць кнігі і разьбіваць тэлевізары, калі па іх ідуць праграмы беларускага тэлебачаньня? Ведае!»

Прачытаўшы артыкул, Яўген Ліпковіч звярнуўся ў рэдакцыю газэты:

«Я пазваніў паразмаўляць. Гэта нармальна. Закон кажа спачатку паспрабаваць усё вырашыць мірна, без крыві. Мне далі тэлефон галоўнага рэдактара. Я пачуў ад яго: «Я чалавек ваенны, мне загадаюць — я выканаю. Мне загадаюць прыйсьці ў суд — я прыйду». Я так зразумеў, што «мне загадаюць надрукаваць — я надрукую».

Такое вырашэньне сытуацыі Яўгена Ліпковіча не задаволіла, і ён рыхтуе некалькі пазоваў у суд разам з адвакатам.

Ліпковіч: «Газэта „Во славу Родины“ ня першы раз такое друкуе. Пасьля выбарчай кампаніі 2010 году яна абяцала апублікаваць гісторыю пра тое, як апазыцыя сама зьбіла Някляева. Пасьля яна апублікавала дадзеныя пра тое, што Халіп і Саньнікаў узялі на 20 сьнежня 2010 году білеты на самалёт у Тэль-Авіў».

Артыкул Уладзімера Макарава шмат у чым грунтуецца на інфармацыі, вынятай з сайту «Предатели». У тым ліку там утрымліваюцца зьвесткі з асабістай справы Яўгена Ліпковіча пра прызыў у войска.

Ліпковіч: «Я, канечне, адразу кінуўся правяраць, што гэта за сайт. Ён зарэгістраваны на фальшывы менскі адрас і тэлефон фізычнай асобы. Хостынг у яго ў ЗША».

Наконт зьяўленьня гэтай інфармацыі Яўген Ліпковіч зьбіраецца пісаць заяву ў вайсковую контравыведку.
Тое, што яны мяне абразілі, — гэта дзясятая справа. Але як мы можам давяраць Міністэрству абароны, калі ў іх усё дзіравае, усё праз пальцы.

Ліпковіч: «Тое, што яны мяне абразілі, — гэта дзясятая справа. Але як мы можам давяраць Міністэрству абароны, калі ў іх усё дзіравае, усё праз пальцы. Гэта ж вельмі важна. Тонкасьць у тым, што мы атрымліваем датацыі з Расеі за тое, што мы абараняем заходні рубеж. А калі нам ня будуць давяраць за такія фокусы?»

Усе дакумэнты, зьвязаныя з гэтай справай, Яўген Ліпковіч плянуе выклядаць у блог.

Яўген Ліпковіч: «Я ўсё жыцьцё марыў быць ваенным. У мяне дзед быў вайсковым выведнікам — ГРУ. Мяне нават у маленстве хацелі размеркаваць у дзіцячы інтэрнат для супрацоўнікаў ГРУ. Але мая маці была катэгарычна супраць таго, каб я стаў вайскоўцам. І каб яе не расстройваць і не ствараць канфлікт у сям’і, я паступіў на робататэхніку. Але жарсьць да войска ўсё ж перамагла. І я прыдумаў, як туды трапіць — я заваліў сэсію. Маці перажывала, але нічога не магла зрабіць. Мяне адлічылі, і я прыйшоў у ваенкамат. І якое было маё расчараваньне, калі мэдкамісія мяне забракавала. На вайсковай катэдры ў інстытуце мяне ставілі перад шэрагам, і кіраўнік увесь час ставіў мяне ў прыклад іншым студэнтам: „Глядзіце, — казаў ён, паказваючы на мяне пальцам. — Сапраўдны танкавы рост!“ Так — гэта было адзінае месца, дзе я з маім ростам мог адчуваць сябе вышэй за ўсіх іншых студэнтаў-аксэлератаў».

Ліпковіч: «Наконт Макарава я буду падаваць пазоў пра абарону гонару і годнасьці. А наконт газэты і Макарава таксама я хачу зьвяртацца ў пракуратуру, каб ужо яна давалі ацэнку іх дзеяньням. Ёсьць два артыкулы Крымінальнага кодэксу, 178-мы і 179-ты, гэта разгалошваньне мэдычных зьвестак і мэдычнай тайны і незаконны збор інфармацыі. Паводле іх ім пагражае — ад штрафу да трох гадоў пазбаўленьня волі».

Апроч гэтага Яўген Ліпковіч плянуе спагнаць з падпалкоўніка ў адстаўцы Ўладзімера Макарава кампэнсацыю нанесенай яму маральнай шкоды:

«Паколькі ён вельмі доўга пра мяне распавядаў на канфэрэнцыях і ў газэтах, я хачу, каб ён тым жа чынам абвергнуў гэтую інфармацыю. Як закон кажа. І маральная кампэнсацыя мусіць быць. З-за таго, што Макараў пра мяне вельмі кепска выказваўся, я цэлы год ня мог знайсьці працу. А заробак нам абяцалі 500 даляраў у месяц. Таму я лічу, што страціў вельмі прыстойныя грошы ў тым ліку і з-за яго. Няхай Макараў асабіста мне кампэнсуе суму, якую назваў прэзыдэнт».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG