Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўнікі ўцякаюць з Астравецкай АЭС


Некаторыя працоўныя будаўнічых спэцыяльнасьцяў звальняюцца з будоўлі Астравецкай АЭС.

Людзі заяўляюць, што ім абяцалі нашмат вышэйшыя заробкі, чым тыя, якія выплачваюць. Мясцовыя актывісты мяркуюць, што на будоўлі атамнай станцыі беларускія ўлады эканомяць расейскія грошы.

Многія працоўныя-будаўнікі прыехалі ў Астравец, прачытаўшы абвестку ў дзяржаўнай газэце Ліды, дзе паведамлялася пра высокія заробкі на будоўлі АЭС. Сярод іншых паверыў абяцаньням і Мікалай Белавус зь Ліды. Аднак на месцы высьветлілася, што выплачваюць людзям значна меншыя грошы.

Мікалай Белавус: «У мяне нават абвестка гэтая зь лідзкай газэты ёсьць, дзе гаворыцца, што заробкі складаюць больш за пяць мільёнаў беларускіх рублёў. А іншым нашым хлопцам казалі, што па восем мільёнаў — у пераліку на расейскія грошы гэта 30–32 тысячы расейскіх рублёў. А тут за красавіцкую вахту зусім драбязу заплацілі, па мільёну сямсот. Ходзяць чуткі, што ёсьць указ зрабіць больш таннай гэтую будоўлю. І ўжо нават другую вахту будаўнікоў набраць ня могуць — людзі паглядзелі, што драбязу плацяць, і ня хочуць ехаць.
Ходзяць чуткі, што ёсьць указ зрабіць больш таннай гэтую будоўлю. І ўжо нават другую вахту будаўнікоў набраць ня могуць.

Спрабавалі таксама не працаваць, сядзячую забастоўку ладзілі. Дык сказалі — ой, маўляў, дабавім, дабавім. Але, ведаеце, усё на словах. А як будзе насамрэч — невядома».

Жыхару Астраўца, мясцоваму грамадзкаму актывісту Івану Круку праблема нізкіх заробкаў для працоўных на будоўлі АЭС таксама добра вядомая:

«Многія працаўнікі сыходзяць таму, што Расея пералічвае грошы на працу так, каб людзі атрымлівалі па пяць мільёнаў рублёў. А наш урад дзесьці прытрымлівае, і людзі насамрэч атрымліваюць каля двух мільёнаў. Літаральна ўчора мне чалавек кажа: працаваў, але звольніўся — навошта ж гэтак падманваць нас? Няма там ніякай пэрспэктывы — хочуць пабудаваць за капейкі няведама што».

Паводле Івана Крука, нічога добрага ад будоўлі станцыі не чакаюць і мясцовыя жыхары:

«Людзі разумныя і адукаваныя разумеюць, што гэта ня месца для АЭС. Наш рэгіён унікальны паводле прыроды і вельмі аддалены ад Менску, ад прамысловасьці — гэта ж таксама вялікія выдаткі. Я ды іншыя тут лічаць, што гэтая АЭС — ваенна-палітычны аб’ект».

Як паведаміў Іван Крук, будаўнікі атамнай станцыі чакаюць прыезду ў Беларусь расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, які можа паўплываць на далейшы лёс Астравецкай АЭС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG