Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна: Эўра-2012, ксэнафобія і палітвязьні


Сол Кэмпбэл параіў ангельскім заўзятарам ня ехаць на Эўра-2012 ва Ўкраіну
Сол Кэмпбэл параіў ангельскім заўзятарам ня ехаць на Эўра-2012 ва Ўкраіну

Праз тыдзень стартуе чэмпіянат Эўропы па футболе, які будзе праходзіць у Польшчы і Ўкраіне. Пра сытуацыю ва Ўкраіне напярэдадні спаборніцтва мы папрасілі распавесьці аглядальніка ўкраінскай службы нашага радыё Васіля Зілгалава.

Гульні чэмпіянату пройдуць ва Львове, Данецку, Харкаве і Кіеве, ва ўкраінскай сталіцы адбудзецца таксама фінальны матч чэмпіянату.

Некаторыя на Захадзе выказваюць перасьцярогі наконт магчымых праяваў расізму і ксэнафобіі.

Сёньня брытанская Бі-Бі-Сі паказала дакумэнтальную стужку пра ўкраінскіх футбольных заўзятараў, якія вітаюць адзін аднаго нацысцкім салютам, зьдзекуюцца з чарнаскурых спартоўцаў, сьпяваюць антысэміцкія песьні, нападаюць на студэнтаў з Азіі на стадыёне ў Харкаве.

Бі-Бі-Сі папрасіла пракамэнтаваць гэтыя кадры былога гульца зборнай Англіі па футболе, чарнаскурага Сола Кэмпбэла. Ён параіў ангельскім заўзятарам ня ехаць на Эўра-2012 ва Ўкраіну: «Заставайцеся дома, глядзіце тэлевізар. Інакш вы можаце вярнуцца ў труне».

На думку аглядальніка ўкраінскай службы нашага радыё Васіля Зілгалава гэтыя страхі надзвычай перабольшаныя.

«Найбольш ва Ўкраіне абмяркоўваюць цяпер сытуацыю з атмасфэрай чэмпіянату, якая можа сустрэць эўрапейскіх заўзятараў. Сапраўды, у краіне на нацыянальных спаборніцтвах здараліся праявы ксэнафобіі і расізму. Але гэта зусім ня масавая зьява. І тыя заявы, якія прагучалі з боку чарнаскурых ангельскіх футбалістаў Волката і Кэмпбэла, ня маюць сур’ёзнага грунту — гэта яўнае перабольшаньне.

Украіна паводле ўзроўню расізму і ксэнафобіі нічым не адрозьніваецца ад краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Сёньня ўжо выступілі ўкраінскія футбалісты — Лужны, Шаўчэнка — якія супакойвалі жарсьці. Паводле іх, калі параўнаць Украіну і Англію, то няма вялікіх адрозьненьняў у сэнсе ксэнафобіі».

Нядаўна кіраўнікі шэрагу эўрапейскіх краін байкатавалі саміт краін Цэнтральнай Эўропы ў Ялце, які нарэшце быў скасаваны. З прычыны наяўнасьці ва Ўкраіне палітвязьняў, найперш справы Юліі Цімашэнкі, гучалі галасы нават пра байкот сёлетняга чэмпіянату. Яны мелі нейкі плён?

Васіль Зілгалаў:

«Афіцыйна ніякага байкоту Эўра-2012 ва Ўкраіне з боку ЭЗ ня будзе. Але Рада ЭЗ раіла афіцыйным гасьцям чэмпіянату прыняць да ўвагі, што ва Ўкраіне ёсьць палітвязьні. Тым, хто накіруецца туды афіцыйным чынам, дадзеная парада імкнуцца наведаць Цімашэнку і заявіць сваю пазыцыю.

Дарэчы, я сёньня чытаў заяву аўстрыйскага футбаліста Матэуса Бэргера, які гуляе за адэскі „Чарнаморац“. Ён у інтэрвію аўстрыйскаму выданьню заявіў, што праблема Цімашэнкі хвалюе ўкраінцаў значна менш, чым эўрапейцаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG