Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Карышаў пачаў судзіцца з «Гранітам» у Лунінцы


Мікалай Карышаў, актывіст прафсаюзу "Граніту"
Мікалай Карышаў, актывіст прафсаюзу "Граніту"

У Лунінецкім раённым судзе прайшло папярэдняе слуханьне паводле пазову Мікалая Карышава да прадпрыемства «Граніт» у Мікашэвічах. Наступнае паседжаньне ў гэтай справе адбудзецца 8 чэрвеня.

Намесьнік кіраўніка суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Мікалай Карышаў быў звольнены з гэтага прадпрыемства пасьля дысцыплінарных спагнаньняў. Актывісты незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве мяркуюць, што гэтыя спагнаньні былі сфабрыкаваныя, а Мікалая Карышава звольнілі за актыўны ўдзел у незалежным прафсаюзе.

Мікалай Карышаў не пагадзіўся з накладзенымі на яго спагнаньнямі і вырашыў абскардзіць іх у судзе.

Як паведаміў «Свабодзе» Мікалай Карышаў, паседжаньне вёў той самы судзьдзя, які раней разглядаў справу кіраўніка суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Алега Стахаевіча:

«Сёньня было папярэдняе слуханьне. З боку адказчыка, наймальніка ніхто не зьявіўся. Мы заявілі свае хадайніцтвы — аб выкліку сьведак, аб выкліку з боку наймальніка гэтых начальнікаў, якія выпісвалі мне спагнаньні, аб прадстаўленьні неабходных дакумэнтаў, інструкцыяў. Старшыня Лунінецкага суду Васіль Бельскі задаволіў хадайніцтвы ў поўным аб’ёме».

Напрыканцы 2011 году некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць) напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Рабочыя абвясьцілі, што ствараюць на прадпрыемстве суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу. Адразу ж сябры незалежнага прафсаюзу адчулі ціск на сябе з боку адміністрацыі.

З прадпрыемства былі звольненыя актывісты прафсаюзу Алег Стахаевіч, Генадзь Паўлоўскі, Мікалай Карышаў. Звольнілі і жонку сакратара незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Людмілу Літвінку, якая працавала на замене дэкрэтнага адпачынку.

Актывісты працягваюць судзіцца з прадпрыемствам. Алег Стахаевіч абскарджвае рашэньне Лунінецкага суду ў Берасьцейскім абласным судзе. Паседжаньне адбудзецца 31 траўня.

У адсутнасьць заяўніка Лунінецкі суд прызнаў законным і звальненьне Генадзя Паўлоўскага. Зараз актывіст незалежнага прафсаюзу рыхтуецца да абскарджваньня ў абласным судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG