Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статут ВКЛ 1588 году, магчыма, вернецца ў Беларусь


Архівіст Зміцер Яцкевіч спраўджвае сапраўднасьць Статуту. Фота Наша Ніва
Архівіст Зміцер Яцкевіч спраўджвае сапраўднасьць Статуту. Фота Наша Ніва

Працягваецца збор сродкаў, каб выкупіць Статут ВКЛ для Музэю гісторыі Магілёва. За арыгінал выданьня ўнесены заклад, сродкі на які даў прыватны прадпрымальнік з Магілёва.

Як паведамляе «Наша ніва», каб унесьці заклад — чатыры з паловай тысячы даляраў — ініцыятары кампаніі дзеля выкупу Статуту наведалі антыкварную краму ў Маскве, дзе кніга выстаўленая на продаж.

У сталіцу Расеі езьдзілі дырэктар магілёўскага музэю Аляксей Бацюкоў, калекцыянэр Андрэй Радкоў, які адшукаў інфармацыю пра аўкцыён са Статутам, і спэцыяліст з Нацыянальнага гістарычнага архіву Зьміцер Яцкевіч. Апошні агледзеў рэліквію і пацьвердзіў: гэта сапраўды арыгінал XVI стагодзьдзя.

«На сёньня на рахунку сабралася 54 мільёны рублёў, — расказвае дырэктар магілёўскага гістарычнага музэю. — А 4,5 тысячы даляраў на заклад падарыў прыватны прадпрымальнік з Магілёва, які ня хоча, каб ягонае імя называлі».

Цяпер надышоў самы цяжкі этап: як назьбіраць асноўную частку сумы. Аляксей Бацюкоў разьлічвае, што падключацца банкі ці багатыя прадпрыемствы.

Музэй гісторыі Магілёва абвясьціў дабрачынную акцыю, каб сабраць сродкі на выкуп Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 году, арыгінальнага выданьня.

Статут быў выстаўлены на продаж на электронным аўкцыёне ўладальнікам антыкварнай крамы ў Маскве. Асобнік ацэнены на $45 тыс.

Пры гэтым частку грошай (10%), паводле папярэдняй дамоўленасьці з прадаўцом, неабходна сабраць цягам двух тыдняў у якасьці закладу. Рэшту сумы трэба будзе пералічыць цягам трох месяцаў.

Ва ўсім сьвеце налічваецца каля 60 асобнікаў усіх трох выданьняў Статуту, зь іх 29 — выданьня 1594–1595 гадоў. Яны ёсьць у Вялікабрытаніі (1), Літве (6), Польшчы (6), Расеі (11), Украіне (5), а ў Беларусі няма ніводнага. І прыватныя асобы, і дзяржаўныя інстытуты краіны ўжо рабілі спробы выкупіць асобнік Статуту, аднак беспасьпяхова.

Статут 1588 году быў распрацаваны падканцлерам ВКЛ і старастам магілёўскім Львом Сапегам і выдадзены за ягоныя асабістыя сродкі ў друкарні, заснаванай у Вільні Пятром Мсьціслаўцам на грошы магілёўскіх купцоў Мамонічаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG