НАДВОР'Е
У Беларусі будзе сонечна, да 27 градусаў цяпла.
У ГЭТЫ ДЗЕНЬ У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ
У офісе партыі БНФ (Менск, Чарнышэўскага, 3) – круглы стол, прысьвечаны палітычным вязьням. Пачатак а 12-ай.
Там жа ўвечары – творчая сустрэча са Зьмітром Вайцюшкевічам. Пачатак а 19-ай.
«Ноч у кнігарні». У менскай кнігарні логвінаЎ (Незалежнасьці 37а), у нязмушанай атмасфэры: з коўдрамі, гарбатай і паўлежачы сустрэнуць золак дня славянскай пісьмовасьці. Адам Глёбус прачытае новую сэрыю казак, а Ігар Бабкоў прадставіць перавыданьне свайго рамана. Пачатак а 23 ночы. Уваход вольны.
У Багдадзе – перамовы сталых чальцоў Рады бясьпекі ААН і Нямеччыны з Іранам у справе іранскай ядзернай праграмы.
НЕ ПРАПУСЬЦІЦЕ
У вечаровым эфіры – перадача Яна Максімюка «Званочкі», «Паштовая скрынка 111» – агляд лістоў слухачоў на Свабоду, адрыхтаваны Валянцінам Жданко. А таксама - «падарожжы Свабоды». Віталь Сямашка распавядае пра пасёлак Бальшавік, што пад Менскам.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1618 – пратэстанцкае дваранства Прагі захапіла ўладу і выкінула каталіцкіх прадстаўнікоў у акно праскай гарадзкой залі.
1761 – Шчучын атрымаў герб.
У гэты дзень нарадзіліся:
1707 – Карл Лінэй, швэдзкі прыродазнаўца.
1959 – Аляксандар Смалянчук, беларускі гісторык.
У гэты дзень памерлі:
1173 – Эўфрасіня Полацкая, княжна, беларуская сьвятая.
1753 – Францішка Ўршуля Радзівіл, пісьменьніца, асьветніца і драматург Рэчы Паспалітай.
1946 – Кастусь Езавітаў, беларускі палітычны, грамадзкі і вайсковы дзяяч, адзін з удзельнікаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, народны сакратар вайсковых справаў (міністар абароны) БНР.
1980 – Ларыса Александроўская, беларуская опэрная сьпявачка і рэжысэрка.
1996 – Уладзімер Карват, беларускі вайсковы лётчык першай клясы, падпалкоўнік, начальнік паветранай базы ў горадзе Баранавічы. Загінуў пад час выкананьня вучэбнага палёту. Адвёў самалёт ад вёскі Арабаўшчына. Першы, хто ўганараваны званьнем Герой Беларусі.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ
Хто саромеецца роднай мовы, варты таго, каб і яго добрыя людзі саромеліся.
Вацлаў Ластоўскі
ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ СВАБОДЫ
Кіраўніку Радыё Рацыя анулявалі беларускую візу
Вульканічныя выкіды набліжаюцца да Вялікай Брытаніі і Ірляндыі
Някляеў: «Расея будзе шукаць партнэра сярод беларускай намэнклятуры»