Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чакаецца недабор абітурыентаў


У некаторых вышэйшых навучальных установах можа быць недабор першакурсьнікаў на навучаньне за кошт сродкаў бюджэту.

Пра гэта міністар адукацыі Сяргей Маскевіч паведаміў журналістам 21 траўня ў Менску.

Чакаецца, што ў цяперашняй уступнай кампаніі возьмуць удзел прыблізна 100 тысяч чалавек, паведамляе БелаПАН.

Прыкладна 10–12% ня змогуць прэтэндаваць на месцы ў вышэйшых навучальных установах: такі працэнт абітурыентаў традыцыйна набірае менш за сем балаў на іспытах цэнтральнага тэставаньня, і сёлета прынята рашэньне не дапускаць іх да ўдзелу ў конкурсе на паступленьне.

Пры гэтым, паводле Мінадукацыі, на ўсе формы атрыманьня адукацыі ў дзяржаўных і прыватных ВНУ заплянавана прыняць прыблізна 91,6 тысячы чалавек.

«Я ня думаю, што ў ВНУ будзе нейкая сур’ёзная занепакоенасьць адносна таго, што будуць недаборы. Я думаю, што найлепшыя ВНУ будуць мець лепшы вынік, а тыя, якія або горш папрацавалі, або менш прэстыжныя, магчыма, ня поўнасьцю сфармуюць бюджэтны набор. Я ня бачу ніякай пагрозы, і занепакоенасьці ніякай няма, што мы пакінем без кадраў тую ці іншую сфэру або галіну», — сказаў Сяргей Маскевіч.

Паводле міністра «больш праблем» можна чакаць з паступленьнем на платнае навучаньне. Ён адзначыў, што «многім хацелася б пайсьці на традыцыйна папулярныя эканамічныя, юрыдычныя спэцыяльнасьці, а сёлета колькасьць месцаў будзе меншай».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG