Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвал на рынку будаўніцтва жыльля


Будаўніцтва жыльля сёлета можа скараціцца ў паўтара-два разы ў параўнаньні з 2010 годам.

Прычына — рэзкае скарачэньне льготных крэдытаў. Нічым не забясьпечаная эмісія Нацбанку, якая ішла на жыльлёвае будаўніцтва, летась прывяла да фінансавага крызісу. Сёлета ўрад зноў просіць грошай на жыльлёвае будаўніцтва.

Змагаючыся з фінансавым крызісам на пачатку 2012 году, Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, згодна зь якім была істотна скарочаная ільготная катэгорыя грамадзянаў, якія маглі браць доўгатэрміновыя крэдыты пад будаўніцтва жыльля ўсяго пад 5% на тэрмін да 40 гадоў. Цяпер ільготныя крэдыты для абсалютнай бальшыні тых, хто мае ў іх патрэбу, прывязаныя да стаўкі рэфінансаваньня Нацбанку, а тэрмін вяртаньня ня можа перавышаць 20 гадоў.

Паводле афіцыйных дадзеных, у першым квартале 2012 году ўведзена ў эксплюатацыю 1 мільён 300 тысяч квадратных мэтраў жыльля. Па выніках году плянуецца ўзьвесьці 4 мільёны 200 тысяч квадратных мэтраў, што ў паўтара разы менш за дакрызісныя аб’ёмы будаўніцтва — у 2010-м было здадзена 6,5 мільёна квадратных мэтраў. Прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч днямі сказаў, што стабілізацыя на фінансавым рынку мусіць вывесьці жыльлёвае будаўніцтва з часовага крызісу:

«Што тычыцца жыльлёвай палітыкі, скончанае фактычна ўсенароднае абмеркаваньне. Паступіла звыш 200 прапаноў, самых розных. Вядома, бальшыня зь іх накіраваныя на тое, каб пашырыць ільготы пры будаўніцтве жыльля. Прэзыдэнт даручыў да канца траўня разгледзець гэтыя пытаньні ва ўрадзе і далажыць да наступнай нарады ў кіраўніка дзяржавы для прыняцьця канчатковага рашэньня».

Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, цяпер асноўныя крыніцы фінансаваньня жыльлёвага будаўніцтва — уласныя сродкі (амаль 50% ад агульнай колькасьці інвэстыцый) і крэдыты банкаў (34%).

Эканаміст Іван Анташкевіч лічыць, што перад урадам стаіць нялёгкая задача: ажывіць жыльлёвы рынак у зусім не прыстасаваных для гэтага ўмовах:

«Вядома, вялізная колькасьць складанасьцяў узьнікае ў сувязі з гэтым
немагчыма мець такія працэнты па крэдытах на ўзьвядзеньне жыльля ...

рашэньнем — калі гаварыць пра вяртаньне ранейшых аб’ёмаў жыльлёвага будаўніцтва. Бо тое, што цяпер існуе ў частцы крэдытаваньня, — гэта ж немагчымыя лічбы. Натуральна, такую ініцыятыву трэба ўсяляк падтрымліваць, у тым ліку і на ўзроўні грамадзкай думкі. А вось магчыма гэта рэалізаваць ці немагчыма — гэта ўсё суб’ектыўна. Зразумела, што выйсьці на ранейшыя паказьнікі вельмі складана: няма неабходных фінансавых рэсурсаў, рэформы не праведзеныя і г.д. Але самае галоўнае — немагчыма мець такія працэнты па крэдытах на ўзьвядзеньне жыльля. Гэта форменны зьдзек, асабліва пры стаячым валютным курсе. Таму дай бог ураду ўдачы ў гэтай справе, бо вырашаць нешта сапраўды трэба».

На пачатку траўня старшыня Нацыянальнага банку Надзея Ермакова запэўніла, што патаньненьне крэдытаў для насельніцтва чакаецца да сярэдзіны году: «Яны патаньнеюць, і істотна, стануць пад’ёмнымі», — сказала спадарыня Ермакова, удакладніўшы, што стрымліваць далейшае зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня ніхто ня будзе.

Аднак, як кажа фінансавы аналітык Ірына Мерзьлякова, па-сапраўднаму залатая эра, калі банкаўскія крэдыты пад будаўніцтва, у тым ліку ў валюце, выдаваліся ледзь ня кожнаму, хто па іх зьвяртаўся, беззваротна мінула:

«Можна згадаць, што яшчэ ня так даўно банкі даволі ахвотна крэдытавалі насельніцтва, шмат выдавалі сродкаў у валюце. Калі паглядзець па крэдытным партфэлі фізычных асобаў, больш за 70% крэдытных апэрацый некаторых банкаў складалі менавіта крэдыты на будаўніцтва, у тым ліку гэта былі валютныя пазыкі. Асабліва актыўнічалі банкі „Масква-Менск“, „Белрасбанк“, „Белгазпрамбанк“ і г.д. Абсалютна зразумела, што калі гэтыя банкі шмат крэдытавалі, выдавалі шмат мэтавых крэдытаў, яны ў новых умовах ня могуць працаваць у ранейшых аб’ёмах, ім трэба прапаноўваць нешта альтэрнатыўнае. А ў беларускіх рублях гэта зрабіць складана».

Цяпер працэнтная стаўка на будаўніцтва ў банках вагаецца ў межах 35–60%, што робіць выніковы кошт нерухомасьці зусім не адэкватным прыбыткам бальшыні беларусаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG