Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Кангрэсе МФХ супраць чэмпіянату-2014 у Беларусі ня выступіў ніхто


Нямецкае выданьне Handelsblatt зьмясьціла на сваіх старонках інтэрвію прэзыдэнта нацыянальнай хакейнай фэдэрацыі Нямеччыны Увэ Гарнаса.

У размове з карэспандэнтам агенцтва France Presse ён расказаў пра так званую «дыскусію па беларускім пытаньні» на Кангрэсе МФХ у Хэльсынкі.

Як вынікае з інтэрвію, адзіным, хто выступіў на гэтую тэму, быў сам Гарнас. Раней адносна захаваньня сталіцы чэмпіянату-2014 выказаўся ў сваёй уступнай прамове на зьезьдзе прэзыдэнт Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі Рэнэ Фазэль.

Паводле Увэ Гарнаса, у сувязі са шматлікімі палітычнымі пратэстамі супраць правядзеньня чэмпіянату ў Беларусі пытаньне плянавалі абмеркаваць з удзелам усіх чальцоў МФХ. Дыскусіі меркавалася правесьці адразу пасьля прэзэнтацыі Беларускай фэдэрацыяй сваёй канцэпцыі правядзеньня чэмпіянату.

Але ніякага абмеркаваньня не адбылося.

«Выказаць сваю думку было дазволена ўсім, але я быў адзіны, хто захацеў выступіць. Я сказаў адкрытым тэкстам тое, што я заўсёды падкрэсьліваў раней», — адзначыў кіраўнік Нямецкага хакейнага зьвязу.

Хакейная фэдэрацыя Нямеччыны за час пасьля расстрэлу асуджаных па справе аб тэракце ў менскім мэтро Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва атрымала ад дэпутатаў Бундэстагу шмат пратэстаў, у якіх адзначалася недапушчальнасьць правядзеньня міжнароднага турніру ў краіне, дзе парушаюцца правы чалавека.

Аднак, нягледзячы на гэтую крытыку беларускай унутрыпалітычнай сытуацыі, кіраўніцтва нямецкай фэдэрацыі лічыць, што чэмпіянат у Беларусі ўсе ж лепш праводзіць, чым байкатаваць.

Фактычна Увэ Гарнас цалкам пагадзіўся са словамі прэзыдэнта Рэнэ Фазэля адносна таго, што байкот супярэчыць фундамэнтальнай «ідэі спорту і што чальцы фэдэрацыі не павінны быць марыянэткамі ў руках у палітыкаў і грамадзкіх актывістаў».

Блізкае да погляду Гарнаса стаўленьне да правядзеньня чэмпіянату ў Менску выказаў сёньня ў інтэрвію нашаму радыё прэзыдэнт Швэдзкай хакейнай фэдэрацыі Крыстэр Энглюнд. Ён паўтарыў сваю ранейшую думку, што «спорт здольны зрабіць краіну аб’ектам зацікаўленьня міжнародных СМІ і такім чынам паспрыяць ціску на ўлады, калі яны не паважаюць правоў чалавека». Пры гэтым Энглюнд дадаў, што «вельмі цяжка вызначыць, што правільнае, а што няправільнае ў розных краінах». Кіраўнік швэдзкай дэлегацыі паведаміў, што меў сустрэчу з праваабаронцамі, падчас якой паабяцаў, што паінфармуе аб сытуацыі ў Беларусі тых хакеістаў, якія адправяцца ў 2014-м на чэмпіянат у Менск.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG