Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 траўня ў Лібіі працягнецца суд на беларусамі, якіх вінавяць у дапамозе Кадафі


Суд над грамадзянамі Беларусі, Расеі і Ўкраіны, якіх вінавацяць у дапамозе рэжыму Муамара Кадафі, пройдзе ў панядзелак у Трыпалі.

Напярэдадні прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных заявіў Інтэрфаксу, што беларускія дыпляматы намагаюцца, каб трох грамадзянаў Беларусі вызвалілі з-пад варты пад гарантыі амбасады ў Трыпалі на той час, пакуль ідзе судовае разьбіральніцтва.

«Гэта ўзгодненая пазыцыя трох амбасадараў — Беларусі, Расеі і Ўкраіны, чые грамадзяне цяпер знаходзяцца пад вартай. Дыпляматы прапануюць адпусьціць грамадзянаў сваіх краінаў пад гарантыі дыппрадстаўніцтваў, яны павінныя знаходзіцца ў Лібіі да завяршэньня судовых слуханьняў », — адзначыў афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі.

Раней Савіных казаў, што «высунутае нашым грамадзянам абвінавачваньне не адпавядае рэчаіснасьці»: «Беларускія грамадзяне па сваёй ініцыятыве ехалі ў Лібію, па цывільных кантрактах, каб працаваць на цывільных аб’ектах (..) Яны нават не прыступілі да працы, а ўсяго толькі перасеклі мяжу Лібіі».

Суд пераносіўся ўжо двойчы — спачатку плянавалася правесьці слуханьні 1 траўня, аднак з прычыны сьвятаў яны былі адкладзеныя, а затым — 7 траўня, калі адвакаты папрасілі яшчэ раз перанесьці пасяджэньне.

27 жніўня 2011 году лібійскім паўстанцкім батальёнам «Кака» былі затрыманыя 25 грамадзянаў Беларусі, Украіны і Расеі. Усю групу зьвінавацілі ў тым, што яна рамантавала вайсковую тэхніку, якая выкарыстоўвалася рэжымам Кадафі для «зьнішчэньня лібійскага народу».

3 верасьня гэтую групу вызвалілі з-пад арышту, аднак 6 верасьня іх зноў затрымалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG