Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень беларуска-швэдзкай літаратуры ў Берасьці


Сьвятлана Алексіевіч, Генадзь Праневіч і Алесь Разанаў (зьлева направа) падчас літаратурнага сэмінару.
Сьвятлана Алексіевіч, Генадзь Праневіч і Алесь Разанаў (зьлева направа) падчас літаратурнага сэмінару.

У Берасьцейскай абласной бібліятэцы адбыўся фэстываль беларуска-швэдзкай літаратуры.

Удзел у ім прымалі вядомыя беларускія творцы Сьвятлана Алексіевіч і Алесь Разанаў, а таксама швэдзкія літаратары Анэлі Юрдаль, Сара Люндбэрг і Ліна Экдаль.

Дзень беларуска-швэдзкай літаратуры сабраў поўную залю Берасьцейскай абласной бібліятэкі. Сустрэча праходзіла ў межах літаратурнага падарожжа Швэцыя-Беларусь-Швэцыя, якое ладзіць Швэдзкі інстытут.

Падчас фэстывалю ў Берасьці адбыліся сустрэчы зь беларускімі і швэдзкімі літаратарамі, конкурс юнацкай паэзіі, а таксама літаратурны сэмінар.
У залі Берасьцейскай абласной бібліятэкі.
У залі Берасьцейскай абласной бібліятэкі.

Сьвятлана Алексіевіч падчас сэмінару расказала, што формула творчасьці шмат у чым залежыць ад часу, у якім даводзіцца жыць:

«Мая справа апавесьці пра нейкія рэчы, якія па-над часам, якія захоўваюць нас чалавекам. То бок пры любой уладзе трэба застацца чалавекам. Сёньня так сумясьціліся межы дабра і зла, што, па-мойму, нават рэлігія апынулася ў разгубленасьці. І многія дэмакратычныя ідэі перасталі працаваць. Пачалі працаваць нейкія таталітарныя, аўтарытарныя ідэі ў нейкім такім прывінцыйным варыянце. І мы апынуліся з тым, што чалавек абмежаваў свой сьвет».

Паэт Алесь Разанаў па-філязофску апавёў, што такое творчасьць:

«Што такое творчасьць, лепш за ўсё ведаюць самі творы. Выдатныя — на выдатна, добрыя — на добра, адмысловыя — па-адмысловаму, адметныя — па-адметнаму. Творчасьць — гэта тое, што нельга ўмець».
Кветкі Алесю Разанаву.
Кветкі Алесю Разанаву.

У межах дня літаратуры адбыліся і выступы швэдзкіх літаратараў Анэлі Юрдаль, Сары Лундбэрг і Ліны Экдаль. Чытачы пачулі ўрыўкі зь іх твораў у аўтарскім выкананьні і ў перакладзе на беларускую мову.
Швэдзкая паэтка Ліна Экдаль (зьлева) і беларуская паэтка Аксана Спрынчан чытаюць вершы па-швэдзку і па-беларуску.
Швэдзкая паэтка Ліна Экдаль (зьлева) і беларуская паэтка Аксана Спрынчан чытаюць вершы па-швэдзку і па-беларуску.

Берасьцейскі літаратуразнаўца Генадзь Праневіч распавёў «Свабодзе», што сустрэча беларускіх і швэдзкіх пісьменьнікаў у Берасьці адбылася ўпершыню, і яна перавяла супрацоўніцтва ў культурную галіну:

«Нашы гістарычныя сувязі абумоўліваюць і сувязі культурныя. Швэды для нас ужо ня terra incognita, і мы мэнтальна іх успрымаем як людзей простых, дэмакратычных, адкрытых. Гэта вельмі прыемная традыцыя і добра, што яна закранае і пытаньні мастацкай творчасьці, разьвіцьця літаратуры».

Спадар Праневіч кажа, што беларуска-швэдзкі літаратурны фэстываль адгарнуў новую старонку ўзаемных дачыненьняў на Берасьцейскай зямлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG