Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакейны чэмпіянат у Беларусі не забяруць


Belarus -- Tiny figures of hockey players on a table of the chairman of federation of hockey of Belarus, 14May2009
Belarus -- Tiny figures of hockey players on a table of the chairman of federation of hockey of Belarus, 14May2009

Кангрэс Міжнароднай фэдэрацыі хакею на паседжаньні ў Хэльсынкі зацьвердзіў Менск месцам правядзеньня чэмпіянату сьвету 9–25 траўня 2014 году. Кіраўнік фэдэрацыі Рэнэ Фазэль заявіў, што нельга зьмешваць спорт і палітыку. У той жа час на вуліцах Хэльсынкі праціўнікі чэмпіянату ў аўтарытарнай краіне наладзілі пэрформанс з наглядным паказам антыдэмакратычнасьці беларускага рэжыму.

Ва ўступнай прамове Рэнэ Фазэль заявіў, што забароны і байкоты спаборніцтваў абясцэньваюць ідэі спорту, падкрэсьліўшы, што гэта агульная думка Міжнароднай фэдэрацыі хакею. На яго перакананьне, спорт ня можа і не павінен быць палітычным інструмэнтам, а павінен весьці да замірэньня і адкрыцьця новых межаў:

"Апошнім часам гэтая тэма правакуе мноства дэбатаў і размоваў. Перад тым як выслухаць меркаваньне Рады, я б хацеў сказаць наступнае: у кожнага ёсьць права выказаць свой пункт гледжаньня, і ўжо цэлы год фэдэрацыя зьбірае меркаваньні пра перанос чэмпіянату сьвету. Мы паважаем усе пазыцыі. Але мы не павінны быць марыянэткамі ў руках палітыкаў. Калі палітыка часта вядзе да канфрантацыі, то спорт павінен аб'ядноўваць людзей", – рэзюмаваў Фазэль. Ён дадаў, што ад адмены чэмпіянату сьвету пацярпяць невінаватыя людзі – заўзятары і спартоўцы.

Спартовы аглядальнік тэлеканалу "Белсат" Аляксандар Пуціла лічыць, што такое моцнае лобі беларускага рэжыму ў кіраўніцтве Міжнароднай фэдэрацыі хакею яшчэ не азначае, што намаганьні ініцыятараў кампаніі на перанос чэмпіянату сьвету-2014 зь Беларусі зусім марныя:

Аляксандар Пуціла
Аляксандар Пуціла
"Усё ж трэба разумець: Міжнародная фэдэрацыя хакею на лёдзе ня мае такога вялікага ўплыву на ўсясьветны хакей як на свой від спорту – напрыклад, футбол, дзе ФІФА альбо УЭФА слухаюцца бездакорна ва ўсім сьвеце. Той жа Фазэль – ня надта важная фігура ня толькі для наймацнейшай у сьвеце Нацыянальнай хакейнай лігі, але нават для Кантынэнтальнай хакейнай лігі. Пункты паразуменьня шмат па якіх пытаньнях ня знойдзеныя, час ад часу ўзьнікаюць канфлікты. Таму я амаль упэўнены: каб пазьбегнуць новых цяжкасьцяў, фэдэрацыя магла б пайсьці на перанос чэмпіянату сьвету, якія б дадатковыя складанасьці гэта ні выклікала…

Мне спадабалася выказваньне Ганса-Георга Віка, які заўважыў, што дыктатарскія рэжымы заўсёды цягнуць да сябе буйныя спартовыя форумы, каб крыху абяліць свае антыдэмакратычныя дзеяньні. Як мы памятаем, Пуцін актыўна агітаваў за правядзеньне ў сваёй краіне і зімовых Алімпійскіх гульняў, і чэмпіянату сьвету па футболе, і чэмпіянату сьвету па хакеі. Таксама ж гэта ўсё нездарма. Таму пачакаем. Я думаю, што ўсё ж канчаткова пытаньне ня вырашана, ціск з нагоды адмены чэмпіянату сьвету, пераносу яго ў іншую краіну будзе працягвацца. Ва ўсякім разе, агітацыя за гэта яшчэ ня скончаная, я ўпэўнены".

Заклікі перанесьці чэмпіянат сьвету-2014 з таталітарнай Беларусі ў дэмакратычную дзяржаву загучалі пасьля падзеяў сьнежня 2010 году, калі за нязгоду з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў міліцыя затрымала блізу 700 удзельнікаў апазыцыйнага мітынгу, а больш за паўсотні, уключна зь некаторымі экс-кандыдатамі ў прэзыдэнты, былі асуджаныя да розных тэрмінаў зьняволеньня нібыта за арганізацыю "масавых беспарадкаў".

Патрабаваньне пазбавіць Беларусь хакейных спаборніцтваў падтрымалі Эўрапарлямэнт і Кангрэс ЗША. Эўрадэпутаты Марэк Мігальскі з Польшчы і славуты славацкі хакеіст Пэтэр Шцястны арганізавалі ў сеціве збор подпісаў за перанос чэмпіянату сьвету. Днямі 27 амэрыканскіх кангрэсмэнаў заклікалі Рэнэ Фазэля не праводзіць першынства ў Менску, бо многія апазыцыянэры застаюцца ў турмах, а актывістаў грамадзянскай супольнасьці па-ранейшаму арыштоўваюць і запужваюць.

Ева Някляева, дачка аднаго з асуджаных прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду – Уладзімера Някляева, узначаліла кампанію "Not to Minsk 2014" у Фінляндыі. Сёньня разам з польскім эўрадэпутатам Марэкам Мігальскім яна наладзіла ў Хэльсынкі прэсавую канфэрэнцыю, на якую запрасіла і прадстаўнікоў Міжнароднай фэдэрацыі хакею:

Ева Някляева
Ева Някляева
"На прэсавай канфэрэнцыі прысутнічаў Марэк Мігальскі, які распавёў пра міжнародную кампанію на перанос чэмпіянату сьвету зь Менску ў 2014 годзе. Таксама Мігальскі прывёз пэтыцыю, якая сабрала больш за 25 тысяч подпісаў па ўсім сьвеце. Гэтая пэтыцыя была перададзеная прадстаўнікам Міжнароднай фэдэрацыі хакею, якія адмыслова прыйшлі на прэс-канфэрэнцыю, каб яе прыняць. Прадстаўнікі фэдэрацыі адказалі, што яны аднясуць гэтую пэтыцыю на кангрэс, які пачаў працаваць у Хэльсынкі".

Карэспандэнт: "Рэнэ Фазэль зноў сказаў, што няма сэнсу пераносіць чэмпіянат, бо пацярпяць заўзятары, спартоўцы. Пры такім лобі ў кіраўніцтве фэдэрацыі ці ёсьць шанец паўплываць на пазыцыю прыхільнікаў рэжыму?"

"Трэба ўлічваць, што па гэтым пытаньні ў кожнага сябра фэдэрацыі (а там досыць шмат хакейных дзяржаваў) ёсьць права голасу. Таму на гэтым кангрэсе ў прадстаўніка кожнай краіны існуе рэальная магчымасьць выказацца па гэтым няпростым пытаньні. Напрыклад, мы ведаем, што ў Швэцыі гэтае пытаньне неаднаразова ўздымалася, таксама ў Фінляндыі міністар культуры і спорту размаўляў з кіраўніцтвам Фінскай хакейнай фэдэрацыі. І калі нейкія краіны ўздымуць гэтае пытаньне, Міжнародная фэдэрацыя будзе вымушаная прагледзець сваё рашэньне".

Як расказала Ева Някляева, сёньня на вуліцах Хэльсынкі было наладжана некалькі пэрформансаў, якія адлюстроўваюць сытуацыю ў сучаснай Беларусі. У прыватнасьці, было інсцэніравана, як у Менску спэцназаўцы зьбіваюць і затрымліваюць людзей – каб фінскія хакейныя фанаты ведалі, што іх можа чакаць, калі яны наведаюць Беларусь у 2014 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG