Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэмпіянат сьвету па хакеі пакінулі ў Менску


Рэнэ Фазэль і Ўладзімер Пуцін
Рэнэ Фазэль і Ўладзімер Пуцін

Кангрэс Міжнароднай фэдэрацыі хакею (IIHF) на пасяджэньні ў Хэльсынкі 18 траўня зацьвердзіў Менск месцам правядзеньня чэмпіянату сьвету ў элітным дывізіёне ў 2014 годзе.

Раней сёньня ў часе адкрыцьця другога дня кангрэсу Міжнароднай фэдэрацыі хакею яе кіраўнік Рэнэ Фазэль чарговым разам выказаўся супраць пераносу чэмпіянату сьвету 2014 году зь Беларусі. Хакейны функцыянэр традыцыйна спаслаўся на тое, што нельга зьмешваць спорт і палітыку.

Ва ўступнай прамове Фазэль заявіў, што забароны і байкоты спаборніцтваў абясцэньваюць ідэі спорту, падкрэсьліўшы, што гэта агульнае меркаваньне Міжнароднай фэдэрацыі хакею. На яго перакананьне, спорт ня можа і не павінен быць палітычным інструмэнтам, а мусіць весьці да замірэньня і адкрыцьця новы межаў:

«Апошнім часам гэтая тэма правакуе мноства дэбатаў і размоваў. Перад тым, як выслухаць меркаваньне рады, я б хацеў сказаць наступнае: у кожнага ёсьць права выказаць свой пункт гледжаньня, і ўжо цэлы год фэдэрацыя зьбірае меркаваньні аб пераносе чэмпіянату сьвету. Мы паважаем усе пазыцыі. Але мы не павінны быць марыянэткамі ў руках палітыкаў. Калі палітыка часта вядзе да канфрантацыі, то спорт мусіць аб’яднаць людзей», — рэзюмаваў Фазэль, дадаўшы, што ад адмены чэмпіянату сьвету пацерпяць невінаватыя людзі — заўзятары і спартоўцы.

Заклікі перанесьці чэмпіянат сьвету-2014 году з таталітарнай Беларусі ў дэмакратычную дзяржаву ва ўсю моц загучалі пасьля падзеяў сьнежня 2010 году, калі за нязгоду з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў міліцыя затрымала блізу 700 удзельнікаў апазыцыйнага мітынгу, а больш за паўсотні, уключна зь некаторымі экс-кандыдатамі ў прэзыдэнты, былі асуджаныя да розных тэрмінаў зьняволеньня нібыта за арганізацыю «масавых беспарадкаў».

Патрабаваньне пазбавіць Беларусь хакейных спаборніцтваў падтрымалі Эўрапарлямэнт і Кангрэс ЗША. Эўрадэпутаты Марэк Мігільскі з Польшчы і славуты славацкі хакеіст Петэр Шцястны нават арганізавалі ў сеціве збор подпісаў за перанос чэмпіянату сьвету-2014. Днямі амаль тры дзясяткі амэрыканскіх кангрэсмэнаў заклікалі прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэне Фазеля не праводзіць першынства ў Менску, паколькі многія апазыцыянэры працягваюць заставацца ў турмах, а актывісты грамадзянскай супольнасці па-ранейшаму арыштоўваюцца і запужваюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG