Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька Каваленкі: «Сяргей як вязень Бухэнвальду»

абноўлена

Сяргей Каваленка
Сяргей Каваленка

18 траўня Віцебскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу Сяргея Каваленкі на рашэньне Першамайскага райсуду, які прысудзіў актывісту 2 гады і 1 месяц зьняволеньня.

Перад пачаткам працэсу затрымалі жонку Сяргея Алену Каваленку, ягонага брата Канстанціна і актывістку Алену Семенчукову. Суд над імі пачаўся сёньня і працягнецца 30 траўня.

У залю суду, якая была запоўнена пераапранутымі супрацоўнікамі міліцыі, пусьцілі толькі выканаўцу абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ на Беларусі Юрася Беленькага, адказнага сакратара ўправы партыі Алеся Чахольскага, а таксама бацьку Сяргея.

На пачатку суд не задаволіў хадайніцтва аб прысутнасьці на разглядзе скаргі самога Сяргея. Юрась Беленькі распавёў:

«Адвакаты падтрымалі хадайніцтва. Аднак пракурор сказаў, што раней усё было дасьледавана, таму, маўляў, наўрад ці што новага мы пачуем ад Сяргея Каваленкі. Пасьля перапынку суд падтрымаў пракурора».

Паводле Сяргеевага бацькі спадара Аляксандра, працэс цягнуўся каля гадзіны. Ён лічыць, што рашэньне суду было падрыхтавана раней:

«Прасілі, каб на судзе прысутнічаў Сяргей, але пракурор сказаў, што абвінавачаны можа не прысутнічаць. Я там выступіў, што, канечне, у такім выглядзе, з вагой у 45 кіляграм, куды ж вы яго павезяце, каму ж вы будзеце паказваць яго? Ён жа як вязень Бухэнвальду. Усё ж было надумана, усё падрыхтавана».

Паводле Юрася Беленькага, адвакаты аргумэнтавана паказалі незаконнасьць прысуду, але пракурор заявіў, што нібыта ў дзеяньнях Сяргея «быў намер». Пасьля нарады суд абвясьціў сваё рашэньне.

«Я ім гучна сказаў, што вы чакаеце суду Божага. Бо за такое будзе суд. Апусьціўшы галовы, калегія разам з пракурорам сышлі з залі. Адносна гэтых людзей, якія насамрэч так цынічна, дэманстратыўна парушаюць закон, асуджаюць невінаватага чалавека, апроч суду Божага, павінна быць і рэакцыя людзей. Калі Захад насамрэч ня хоча бачыць на сваёй тэрыторыі такіх людзей, то гэта правільна. Навошта ім пускаць на сваю тэрыторыю людзей, якія па сваёй сутнасьці такія вось? Санкцыі адносна такіх асобаў павінны быць працягнутыя. Пабыўшы на такім працэсе, я зрабіў такую выснову, што гэта было б справядліва».

Напярэдадні ў абласным судзе ўзмацнілі ахову. А сёньня раніцай перад будынкам суду супрацоўнікі міліцыі затрымалі жонку Сяргея Каваленкі Алену, а таксама яго стрыечнага брата Канстанціна і актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Алену Семенчукову. Тыя хацелі зрабіць на асфальце перад будынкам суду надпіс «Свабоду Сяргею Каваленку!» Іх вінавацяць у дробным хуліганстве. У рапарце міліцыянты напісалі, што затрыманыя нібыта парушылі грамадзкі спакой пры дапамозе аэразольных балёнчыкаў і трафарэтаў. Усіх трох прывезьлі ў Кастрычніцкі суд. Аднак судзьдзя адклала разгляд справы на 30 траўня, каб дапытаць сьведак. Затрыманых адпусьцілі да суду. Алена Семенчукова распавяла, што затрыманьне было жорсткім:

«Мы зрабілі трафарэт „Свабоду Каваленку“, пачалі маляваць. З усіх бакоў пачалі падбягаць міліцыянты, пад’ехалі тры машыны. Яны лаяліся: „Стаяць, сукі, страляць будзем!“ Сілай запхнулі ў машыну. У Алены Каваленкі сінякі на руках засталіся. Нас трымалі ў Кастрычніцкім РУУС, нас дапыталі, абшукалі. Цяпер быў суд, яго перанесьлі. Артыкул 17.1. Нібыта мы з хуліганскіх матываў усё гэта рабілі».

Паводле Алены, насамрэч яны хацелі выказаць салідарнасьць зь вязьнем Сяргеем Каваленкам, які другі раз распачаў галадоўку пратэсту.





Жывы рэпартаж з суду



13.10 Суд над Аленай Каваленкай, Аленай Семенчуковай і братам Сяргея Каваленкі Канстанцінам перанесены на 30 траўня. Іх вінавацяць у дробным хуліганстве.

11.05 Юрась Беленькі распавёў, што ў залю суду не пусьцілі маці Сяргея Каваленкі. Заля была запоўненая міліцыянтамі ў цывільным. Апроч іх былі бацька Каваленкі, а таксама Юрась Беленьні і Алесь Чахольскі. Суд адхіліў хадайніцтва аб дастаўцы на працэс Сяргея Каваленкі.

«Адвакаты падтрымалі хадайніцтва. Аднак пракурор сказаў, што раней усё было дасьледавана, таму, маўляў, наўрад ці што новага мы пачуем ад Сяргея Каваленкі. Пасьля перапынку суд падтрымаў пракурора».

Таксама пракурор заявіў, што стан здароўя Каваленкі не пагоршыўся.

У перапынку бацька Сяргея Каваленкі заявіў пракурору, што Сяргей важыць 45 кіляграмаў, паказаў фатаздымак і сказаў: «Паглядзіце, у яго рукі як запалкі. Ці ёсьць у вас сумленьне?» Пракурор і прысутныя ў залі маўчалі.

Адвакаты аргумэнтавана паказалі незаконнасьць прысуду. Пракурор заявіў, што нібыта «быў намер». Пасьля нарады суд абвясьціў сваё рашэньне. Юрась Беленькі паведаміў, што рашэньне суду будзе абскарджвацца далей.

«Я ім гучна сказаў, што вы чакаеце суду Божага. Бо за такое будзе суд. Апусьціўшы галовы, калегія разам з пракурорам сышлі з залі».


10.25 Алена Семенчукова паведаміла паплечнікам па тэлефоне, што іх зьбіраюцца павесьці ў суд Кастрычніцкага раёна. На Алену Каваленку складаецца пратакол.

9.45 У залю суда пусьцілі ня ўсіх жадаючых. Вядома, што туды патрапіў намесьнік старшыні партыі КХП БНФ Юрась Беленькі.

5.40 Алена Каваленка разам з актывісткай «Эўрапейскай Беларусі» Аленай Семенчуковай і стрыечным братам Сяргея рабілі на асфальце надпіс «Свабоду Сяргею Каваленку!» Такім чынам яны хацелі выказаць салідарнасьць зь вязьнем, які другі раз распачаў галадоўку пратэсту. Аднак іх затрымалі.

«Нас затрымалі міліцыянты, якія ўжо ад самага ранку пільна ахоўвалі судовы будынак. У Алены Каваленкі забралі фотаапарат, нас павезьлі ў Кастрычніцкі РАУС», — пасьпела паведаміць актывістка Алена Семенчукова. Праз 15 хвілін пасьля затрыманьня ейны тэлефон ужо не адказваў.

Праваабаронца Павал Левінаў мяркуе, што з самай раніцы ў будынку абласнога суду сабраліся міліцыянты, якія мусяць стварыць «масоўку» — запоўніць судовую залю, каб была нагода сказаць усім астатнім, што вольных месцаў няма. Такая практыка пачала шырока прымяняцца ў Віцебску, а «выпрабавалі» яе менавіта падчас судовага працэсу над Сяргеем Каваленкам у Першамайскім райсудзе.

«Ужо ўчора, 17 траўня, у абласным судзе была ўзмоцненая ахова. Мне ледзьве давялося прабіцца, каб трапіць у будынак. Я заносіў патрабаваньне да судовай калегіі па крымінальных справах, каб спынілі судовы перасьлед Сяргея Каваленкі. Да патрабаваньня прыладзены маніторынг судовага працэсу над Сяргеем Каваленкам Першамайскім райсудзе, зроблены віцебскімі праваабаронцамі, і там зафіксавана некалькі дзесяткаў парушэньняў», — апавёў Павал Левінаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG