Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест Вашынгтону Пуцін едзе ў Менск


Трэці тэрмін прэзыдэнцтва Ўладзімера Пуціна пачынаецца зь відавочнага ахалоджваньня дачыненьняў з Захадам: упершыню з моманту уступленьня ў «вялікую васьмёрку» ў 1998 годзе расейскі лідэр ня едзе на яе форум, піша сёньня француская газэта La Tribune --> http://www.latribune.fr/actualites/economie/international/20120516trib000698872/moscou-pratique-la-crispation-diplomatique.html .

І хоць прэзыдэнт спасылаецца на занятасьць у сувязі з фармаваньнем новага ўраду, аглядальнікі лічаць сапраўднай прычынай адмовы раздражненьне Расеі з-за амэрыканскай сыстэм супрацьракетнай абароны ў Эўропе і нежаданьне Пуціна адказваць на крытыку з-за разгону маніфэстацыяў апазыцыі ў Маскве і недэмакратычнасьці выбараў.

Замест Вашынгтону Ўладзімір Пуцін палічыў за лепшае адправіцца зь першым афіцыйным візытам у Менск. Як адзначае карэспандэнт Эмануэль Грыншпан, гэта вельмі сымбалічна: «Дыпляматычна ізаляваны і празваны „апошнім дыктатарам Эўропы“, беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка шчасьлівы прыняць свайго расейскага калегу. Масква пастаўляе Менску свой газ па цэнах у два разы ніжэй, чым плаціць Украіна. Беларусь атрымлівае шчодрыя пазыкі ад расейскіх дзяржбанкаў. У адказ Аляксандра Лукашэнку просяць прыватызаваць сэрыю прамысловых актываў, што ён рабіць адмаўляецца. У канчатковым выніку Ўладзімер Пуцін абмяжоўваецца палітычнай падтрымкай свайго маленькага суседа, чыя кіраваная эканоміка перажывае цяжкі крызіс».

Як падкрэсьлівае выданьне, «у Масквы няма сапраўдных сяброў, толькі дзяржавы-кліенты, якія купляюць газ па нізкіх коштах». Украіна раздражнёная неабходнасьцю плаціць за газ па эўрапейскіх тарыфах, а адносіны прэзыдэнтаў дзьвюх краін застаюцца халоднымі. «Крамлю не ўдалося аднавіць свой аўтарытэт у Кіеве, і цяпер ён робіць стаўку на Беларусь і Казахстан для стварэньня эканамічна-палітычнага блёку. Няхай нават яны ня змогуць даць ёй ні новых тэхналёгій, ні магчымасьцяў росту», — рэзюмуе выданьне.

Пераказ артыкулу пададзены паводле парталу Inopressa.ru
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG