Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рух «За Свабоду» пакінулі безь пікніку на дзень народзінаў


Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

20 траўня рух «За Свабоду» адзначае 5-годзьдзе. З гэтай нагоды на тэрыторыі адной з базаў адпачынку пад Менскам у найбліжэйшыя выходныя павінна была прайсці сьвяточная сустрэча. Аднак за тры дні да сьвяткаваньняў дамову скасавалі.

«Неспадзявана нам паведамілі, што на выходныя на базу прыедуць на нейкае мерапрыемства дзеці. На нашыя пытаньні, ці магчыма перанесьці нашу імпрэзу на больш позьнія тэрміны, мы пачулі толькі няўцямнае мармытаньне», — кажа намесьнік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Губарэвіч адзначае, што невядома, ці то быў загад ад уладаў сарваць мерапрыемства, ці то адміністрацыя базы перастрахавалася, каб ня мець праблемаў: «У любым выпадку мы маем чарговае пацьвярджэньне, наколькі абсурднымі становяцца паводзіны людзей у краіне, дзе пануе атмасфэра страху».

«Палітычнай часткай праграмы павінна было стаць хіба што пашыранае пасяджэньне рады руху, на якім плянавалася прааналізаваць нашу дзейнасьць за гэтыя пяць гадоў», — цытуе Губарэвіча прэсавая служба арганізацыі.

Рух «За Свабоду» паўстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Ачоліў яго кандыдат на прэзідэнта на тых выбарах Аляксандр Мілінкевіч. Рэгістрацыйнае пасведчаньне было атрымана з чацьвёртай спробы ў 2008-м годзе. Рух «За Свабоду» — гэта праваабаронча-асветніцкае грамадзкае аб’яднаньне. Стратэгічнымі мэтамі Руху «За Свабоду» зьяўляюцца свабодныя выбары ў Беларусі, абарона незалежнасьці, давядзеньне ўзроўню жыцьця ў Беларусі да эўрапейскіх стандартаў, еўраінтэграцыя краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG