Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія ахвяры аблігацыяў «Палесься»


Расейскія трымальнікі аблігацыяў кампаніі зь беларускім капіталам «Гандлёвы дом «Палесьсе» зьвярнуліся да прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна з просьбай паспрыяць вяртаньню сваіх грошай і выкананьню судовых рашэньняў супраць пінскага ААТ «Палесьсе». Большасьць тых, хто ўклаў грошы ў аблігацыі «Палесься», — пэнсіянэры. Пакуль працягвалася судовая цяганіна, двое зь іх памерлі.

Гандлёвы дом «Палесьсе» са 100-працэнтным беларускім капіталам быў зарэгістраваны ў 2005 годзе ў горадзе Сергіеў Пасад Маскоўскай вобласьці. Ён меўся займацца прасоўваньнем на расейскі рынак беларускіх тавараў, перш за ўсё — пінскага трыкатажу. У 2007 годзе разьмясьціў там аблігацыі на суму 500 мільёнаў расейскіх рублёў. Даходнасьць аблігацыяў складала 16 працэнтаў, у шмат якіх рэгіёнах Расеі іх прадаваў «Сбербанк». Многія з тых, хто набыў гэтыя аблігацыі, — пэнсіянэры. Валерыя Канавалава зь Пецярбургу купіла аблігацыяў «Палесься» на 400 тысяч расейскіх рублёў, але выплаты па іх атрымала толькі два разы, і то зь вялікімі затрымкамі. З 2010 году, калі надышоў тэрмін пагашэньня аблігацыяў, спадарыня Канавалава судзіцца за вяртаньне сваіх грошай:

«Гэта вельмі вялікія для мяне грошы, гэта былі ўсе мае зьберажэньні, якія я да пэнсіі прыберагла, калі працавала, каб быў у мяне нейкі запас».
Гэта вельмі вялікія для мяне грошы, гэта былі ўсе мае зьберажэньні, якія я да пэнсіі прыберагла.

Суды ў Сергіевым Пасадзе доўжыліся два гады. Сам гандлёвы дом «Палесьсе» судзьдзям знайсьці так і не ўдалося, бо па адрасе рэгістрацыі такой кампаніі выяўлена не было. Зь Пінску на суды таксама ніхто не прыяжджаў. Але беларускае ААТ «Палесьсе», акцыі якога належаць дзяржаве, спрабавала аспрэчыць законнасьць эмісіі аблігацыяў, у тым ліку даводзячы, што подпісы на адпаведных рашэньнях былі падробленыя. Пасьля экспэртызаў суд стаў на бок трымальнікаў гэтых аблігацыяў.

Адвакат Дзьмітрый Клімчук: «Сергіева-пасадзкі суд вынес рашэньне спагнаць грошы на карысьць маіх кліентаў паводле намінальнага кошту аблігацыяў і працэнтаў. Складанасьць заключаецца ў тым, каб у прымусовым парадку спагнаць грошы з паручальніка — пінскага аб’яднаньня «Палесьсе».

Адвакат Клімчук кажа, што беларускі бок імкнецца ўсяляць замарудзіць выкананьне судовага рашэньня, зацягнуць час. Між тым некаторыя пакупнікі гэтых акцыяў ужо сваіх грошай не дачакаліся. Паводле кіраўніцы пецярбургскага аб’яднаньня ашуканых трымальнікаў аблігацыяў «Палесься» Вольгі Крыніцкай, нядаўна памёр адзін зь сябраў яе групы — Барыс Браніслаўскі:

«Ён памёр, перажываючы, у яго было 200 тысяч укладзена. Ён быў даволі малады мужчына. Ня вытрымала сэрца. А ў адной нашай жанчыны памёр муж на гэтай жа глебе».

Сама Вольга Крыніцкая цяпер узяла тайм-аўт у цяжбах з «Палесьем», каб падлячыцца.

«Я хацела б вярнуць свае грошы. Калі ўлічыць, што ў мяне пэнсія 6 тысяч расейскіх рублёў, то там прапала цэлае багацьце, як для мяне... Мне ўжо так дадзела ўсё гэта, што я лячуся ў кардыялягічным аддзяленьні. Я страціла ўсё, што ў мяне было».
Я лячуся ў кардыялягічным аддзяленьні. Я страціла ўсё, што ў мяне было.

Вольга Крыніцкая разам зь іншымі трымальнікамі аблігацыяў зьвярнулася з просьбай па дапамогу да прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. Ягоная адміністрацыя аказала ім пакуль што толькі юрыдычную падтрымку, патлумачыўшы, якія міжнародныя працэдуры трэба выканаць, каб вярнуць зь Беларусі свае грошы.

Намесьнік дырэктара па эканоміцы і фінансах пінскага ААТ «Палесьсе» Віктар Вайтовіч адмовіўся праз тэлефон патлумачыць пазыцыю свайго прадпрыемства:

«З гэтай нагоды ўжо было шмат інфармацыі ў друку, мы свае вэрсіі, свае прапановы публікавалі. Так, на сёньняшні дзень многія тэлефануюць. Але зразумейце правільна, лепшую інфармацыю вы атрымаеце, калі прыедзеце да нас і атрымаеце яе на месцы».

Раней публікаваліся зьвесткі пра тое, што ў Пінску ня ведалі пра аблігацыі, якія пад паручальніцтва ААТ «Палесьсе» выпускала ягонае даччынае прадпрыемства ў Сергіевым Пасадзе. Беларуская кампанія далей абскарджвае сваю адказнасьць за гэтыя аблігацыі ў расейскіх і беларускіх судах.

Пра гэта «Свабодзе» паведаміла юрыст канцэрну «Беллегпрам» Ірына Колесава:

«Я ў курсе гэтай праблемы. Але акрамя як адказаць вам, што цяпер як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі Расеі ідуць судовыя разборы па гэтым пытаньні, на жаль, нічога больш камэнтаваць я не змагу».

Ірына Колесава параіла дачакацца заканчэньня ўсіх судовых працэдур, у тым ліку ў гаспадарчым судзе Берасьцейскай вобласьці. Тым часам тэлефоны Гандлёвага дома «Палесьсе» — кампаніі, якая выпусьціла аблігацыі, — адключаныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG