Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямашка: «Газпром» будзе падымаць цэны на газ


Беларусь павінна быць гатовая, што ў будучыні цана на расейскі газ вырасьце.

Падаражэньне газу будзе зьвязанае з выдаткамі на асваеньне газавых радовішчаў.

Першы віцэ-прэм'ер Уладзімер Сямашка падкрэсьліў, што сёньня «Газпром» здабывае газ збольшага з радовішчаў, выпрацаваных на 85%.

«І „Газпром“ павінен інвэставаць вялізарныя сродкі ў разьвіцьцё газавай сфэры і распрацоўку радовішчаў на Ямале і шэльфе Паўночнага Ледавітага акіяну», — заявіў Сямашка на паседжаньні Беларускага прамысловага форуму на тэму «Энэргаэфэктыўнасьць — аснова ўстойлівага разьвіцьця эканомікі».

Пры гэтым Сямашка адзначыў, што калі выдаткі на здабычу на старых радовішчах складаюць 12–15 даляраў на тысячу кубамэтраў, то на Ямале — 80–100 даляраў.

«Паводле ацэнак, асваеньне Ямалу запатрабуе ад „Газпрома“ інвэстыцыяў у памеры 150–180 мільярдаў даляраў на працягу 5–6 гадоў. Гэта значыць, штогод „Газпром“ павінен укладаць каля 25–30 мільярдаў даляраў», — сказаў Сямашка.

Аднак «Газпром» можа інвэставаць толькі 9–10 мільярдаў даляраў на год. Адпаведна, кажа Сямашка, «Газпром» будзе падымаць унутраныя цэны на газ.

Пастаўкі газу на ўнутраны рынак стратныя для «Газпрома». Свае выдаткі кампанія кампэнсуе за кошт экспарту. «Таму ў Расеі няма іншага выйсьця, акрамя як падымаць унутраныя кошты», — кажа Сямашка. Газпром «будзе рухаць іх да роўнадаходных. А раз так, значыць, будуць падымацца цэны і для Беларусі», — цытуе Ўладзімера Сямашку БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG