Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музэй гісторыі Магілёва зьбірае грошы, каб выкупіць Статут ВКЛ


Музэй гісторыі Магілёва абвясьціў збор сродкаў, каб набыць у прыватнага калекцыянэра ў Маскве арыгінальнае выданьне Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 году.

Статут выстаўлены на продаж на электронным аўкцыёне ўладальнікам антыкварнай крамы ў Маскве. Цана — 45 тысячаў даляраў ЗША.

Пры гэтым заклад у 10%, паводле папярэдняй дамовы з прадаўцом, неабходна сабраць цягам двух тыдняў. Толькі пасьля гэтага лот будзе зьняты з аўкцыёну. Каб выплаціць астатнюю суму, даецца тры месяцы.

Па ўсім сьвеце налічваецца каля 60 асобнікаў ўсіх трох выданьняў Статуту.

Месцазнаходжаньне гэтых асобнікаў:

  • Вялікая Брытанія — 1
  • Літва — 6
  • Польшча — 6
  • Расея — 11
  • Украіна — 5

У Беларусі няма ніводнага асобніка.

«Але цяпер у беларусаў зьявілася рэальная магчымасьць вярнуць на радзіму рэдкую кнігу, але ўсё будзе залежаць ад нашай актыўнасьці», — заявіў БелТА дырэктар музэю Аляксей Бацюкоў.

Статут ВКЛ — найвышэйшае дасягненьне старабеларускай прававой думкі, аснова ўсёй юрыдычнай сыстэмы Вялікага Княства Літоўскага. Па сутнасьці гэта была сярэднявечная Канстытуцыя, якая дзеяла на ўсіх землях сучаснай Беларусі і зьяўлялася адной з самых прагрэсіўных ў Эўропе.

Статут 1588 году распрацаваны падканцлерам ВКЛ і старастам магілёўскім Львом Сапегам і быў выдадзены за яго асабістыя сродкі ў друкарні, якая была заснавана ў Вільні Пятром Мсьціслаўцам на грошы магілёўскіх купцоў Мамонічаў.

У цяперашні час вядома аб трох выданьнях Статуту — у 1588, 1592-1593 і 1594-1595 гадох.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG