МЕСЦАМІ НЕВЯЛІКІ ДОЖДЖ...
На працягу дня 15—20°С, на паўднёвым усходзе краіны да 23°С.
ПАДЗЕІ Ў БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:
У Маскве адбудзецца юбілейная сэсія Савету калектыўнай бясьпекі Арганізацыі дагавору аб калектыўнай бясьпецы, прысьвечаная 20-годзьдзю падпісаньня Дагавору аб калектыўнай бясьпецы і 10-годзьдзю стварэньня АДКБ.
Таксама ў Маскве — нефармальнае паседжаньне Савету кіраўнікоў дзяржаваў СНД.
У Парыжы — цырымонія пераданьня ўлады ад дзейнага прэзыдэнта Францыі Нікаля Сарказі абранаму прэзыдэнту Франсуа Алянду.
Вышэйшы спэцыялізаваны суд Украіны ў цывільных і крымінальных справах разгледзіць касацыйную скаргу абароны экс-прэм’еркі Юліі Цімашэнкі на прысуд у «газавай справе».
На філялягічным факультэце БДУ (Менск, вул. К. Маркса, 31) адбудзецца прэзэнтацыя «Вялікага слоўніка беларускай мовы» аўтарства Фёдара Піскунова. Пачатак аб 11.00.
У Беларускім дзяржаўным тэатры лялек (Менск, вул. Энгельса, 20) пачнецца сёмы Міжнародны фэстываль тэатраў лялек. Падчас фэстывалю, які будзе доўжыцца да 20 траўня, пакажуць 13 спэктакляў з 7 краінаў.
У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі (Менск, вул. Сурганава, 15) адбудзецца прэзэнтацыя выставы да 200-годзьдзя з дня нараджэньня польскага пісьменьніка Юзафа Крашэўскага «Юзаф Крашэўскі ў люстэрку гісторыі». Пачатак а 15.00.
У межах кампаніі «Будзьма» — сустрэча з прафэсарам Юр’ем Хадыкам. Хадыка выступіць у офісе Таварыства беларускай мовы (Менск, вул. Румянцава, 13) зь лекцыяй «Музэй старажытнай беларускай культуры НАН Беларусі. Гісторыя стварэньня». Пачатак а 17.45.
У Мэмарыяльным музэі-майстэрні Заіра Азгура (Менск, вул. Азгура, 8) адбудзецца сьвята, прысьвечанае выхаду ў сьвет 16-га нумару літаратурна-мастацкага альманаху «Монолог». Пачатак а 18.00.
У кнігарні «Логвінаў» (Менск, пр. Незалежнасьці, 37а) пройдзе сустрэча з аўтарамі і выдаўцамі апублікаванай сёлета папулярнай гістарычнай літаратуры Ўладзімерам Ляхоўскім, Аляксандрам Пашкевічам і Валерам Булгакавым. Пачатак а 19.00.
У Жэнэве аўкцыйны дом Sotheby’s прадставіць на таргох знакаміты брыльянт «Бо Сансі», які належаў каралеўскім радзінам Францыі, Англіі, Нідэрляндаў і Прусаў.
ЁСЬЦЬ НАГОДА:
Міжнародны дзень сям’і.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:
1905 — дэбютаваў у друку Янка Купала. У газэце «Северо-западный край» быў апублікаваны верш «Мужык».
1928 — першы раз зьявіўся на экранах герой мультфільмаў Мікі Маўс.
1997 — Аляксандар Лукашэнка дэбютаваў у якасьці старшыні Алімпійскага камітэту Беларусі. Галасавалі за яго амаль аднадушна: 116 — за, супраць быў толькі адзін, міжнародны шахматны гросмайстар Віктар Купрэйчык.
У розныя гады 15 траўня на сьвет прыйшлі беларускі геоляг Іван Чэрскі, які за ўдзел у паўстаньні Каліноўскага быў сасланы ў Сібір і стаў выдатным дасьледнікам Забайкальля; францускі фізык П’ер Кюры, які разам з жонкаю Марыяй Складоўскай-Кюры вынайшаў радый, і беларускі драматург Уладзіслаў Галубок.
1971 — у Лёндане адчынілася беларуская бібліятэка імя Францішка Скарыны — унікальны збор літаратуры зь Беларусі і пра Беларусь. Кіруе лёнданскай бібліятэкай айцец Аляксандар Надсан.
ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ «СВАБОДЫ»:
Эштан заклікала Менск спыніць расправу над апазыцыяй
Вэстэрвэле асудзіў прысуд Саньнікаву
Народ: «Саджаць палітыкаў трэба, але ня тых, якіх цяпер судзяць»
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
Але хоць колькі жыць тут буду,
Як будзе век тут мой вялік,
Ніколі, браткі, не забуду,
Што чалавек я, хоць мужык.
І кожны, хто мяне спытае,
Пачуе толькі адзін крык:
Што хоць мной кожны пагарджае,
Я буду жыць! — бо я мужык!
Янка Купала. Зь вершу «Мужык».