Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Назарбаеў цягае з сабой сына, зусім як Лукашэнка»


Пра асаблівасьці казаска-беларускіх дачыненьняў у інтэрвію «Свабодзе» апавёў Аляксей Ціханаў, журналіст апазыцыйнай казаскай газэты «Рэспубліка».

Літаральна некалькі дзён таму Аляксей Ціханаў выступіў на Форуме Свабоды ў Осла, дзе распавёў пра карупцыйныя скандалы ў атачэньні прэзыдэнта Назарбаева. Вось што ён паведаміў у інтэрвію Радыё Свабода.

Франак Вячорка: Аляксей, якія супольныя інтарэсы паміж Назарбаевым і Лукашэнкам?

Аляксей Ціханаў: Звычайна Казахстан (калі гаворым Казахстан, то маем на ўвазе інтарэсы сям’і і кіраўніцтва сям’і) стараецца набываць пакеты ў нейкіх праектах, каб катраляваць інфраструктуру паставак нафты. Ну вось зь Беларусьсю цяпер ёсьць супольныя праекты, і я не сумняюся, што за фасадам гэтых размоваў пра супрацу і гэтак далей — канкрэтныя інтарэсы гэтых сем'яў.

Франак Вячорка: Аляксей, вы скептычна выказваліся наконт пэрспэктываў Мытнага зьвязу. Патлумачце чаму.

Аляксей Ціханаў: Гэта не аб’яднаньне дзяржаваў. Гэта аб’яднаньне інтарэсаў транспартоўцаў і здабывальнікаў нафты. Гэта ня Мытны зьвяз, а нафтаздабыўны. Гэта, вядома, сумна.

Франак Вячорка: Як Мытны зьвяз адбіўся на жыцьці казахаў?

Аляксей Ціханаў выступае на Форуме Свабоды ў Осла 9 траўня 2012 г.
Аляксей Ціханаў выступае на Форуме Свабоды ў Осла 9 траўня 2012 г.
Аляксей Ціханаў: Вельмі значныя пласты насельніцтва панесьлі сур’ёзныя страты. Былі ўведзеныя вельмі высокія мыты на імпартаваныя аўтамабілі, потым панесьлі страты вытворцы, якія сутыкнуліся з канкурэнцыяй расейскай прадукцыі. Выйгралі тыя вытворцы, якія адкрылі для сябе рынак збыту ў Расеі. Але ў гэтай сытуацыі пацярпелі спажыўцы Казахстану, бо сутыкнуліся з дэфіцытам. Тэарэтычна самая галоўная перавага Казахстану як дастаўцы мяса на расейскі рынак застаецца на ўзроўні размоваў. А таму, вядома, Казахстан прывязваецца.

Насамрэч, калі гаворка ідзе пра аб’яднаньне краінаў, трэба разумець, што гаворка гэтая аб паглынаньні. І вось гэтае паглынаньне аблягчаецца тым, што эліты краіны лёгка ўсё здаюць. Гэта падобна да сытуацыі ў Беларусі. Лукашэнка нешта такое кажа, але насамрэч здае, здае краіну. А супрацьстаяць няма каму. Бо ўсе эліты альбо зьнішчаныя, альбо зьехалі.

Франак Вячорка: У расейскім інтэрнэце параўноўваюць Лукашэнку і Назарбаева. Ці ёсьць паміж імі нейкія падабенствы?

Аляксей Ціханаў: Самае нечаканае падабенства, якое праявілася цягам апошніх месяцаў. Ужо некалькі гадоў, не сакрэт, вядома, што ў Назарбаева некалькі жонак. Больш за ўсё цікавіць трэцяя, таму што ў яе быў сын. Гэта адзіны сын Нурсултана Абішавіча на фоне вялікай колькасьці дачок. І мы заўсёды сьмяяліся, калі бачылі, як прэзыдэнт Беларусі дэманструе маленькага хлопчыка. Нядаўна, праглядаючы хакейны матч, я заўважыў, што апэратар паказвае нам Нурсултана Абішавіча у кампаніі зь нейкім маленькім хлопчыкам. Я зразумеў, што ён хоча паказаць яго гораду і сьвету, так, як рабіў гэта Лукашэнка ў свой час. Я падумаў, яны неяк абменьваюцца досьведам на ўзроўні інтэрпэрсанальным? Нават школу пабудавалі для яго, напоўнілі яе рознымі вучнымі, але зрабілі яе адмыслова пад гэты праект. І я зразумеў, што склалася тая самая сытуацыя. Напэўна, гэта сьведчыць пра падабенства гэтых рэжымаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG