Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь інтэгруецца ў WTO праз расейскую мяжу


Мапа краінаў, што ўваходзяць ва Ўсясьветную Гандлёвую арганізацыю
Мапа краінаў, што ўваходзяць ва Ўсясьветную Гандлёвую арганізацыю
Прадстаўнікі зьнешнепалітычных і фінансава-эканамічных ведамстваў Беларусі і Расеі правялі кансультацыі ў пытаньні далучэньня да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі (WTO). Насуперак афішаваным раней плянам уступленьня туды ўсім Мытным саюзам — разам зь Беларусьсю і Казахстанам, — Расея адмовілася ад такой ідэі, і ўжо ўлетку яе маюць абвясьціць паўнавартасным сябрам арганізацыі. Цяпер саюзьнікі высьвятляюць, як новы статус Расеі можа адбіцца на супольных абавязаньнях у рамках Мытнага саюзу, Адзінай эканамічнай прасторы, ЭўраАзЭС ды іншых інтэграцыйных канструкцый.

Сяброўства Расеі ва Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі ставіць нямала пытаньняў перад беларускімі ўладамі. Так, міністар эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў заявіў, што Масква ўзгадніла зь Менскам толькі 75% ад агульнага аслабленьня тарыфных абмежаваньняў, зь якімі ідзе ў арганізацыю. Былы прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі, сябра калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі, лічыць, што новы статус Расеі нясе рызыкі для Мытнага саюзу: Беларусь апынулася перад фактам, што Расея ўвойдзе ў WTO з паніжаным мытным тарыфам. Беларускі бок асьцерагаецца, каб Масква не прымала няўзгодненых ніжэйшых тарыфаў, бо ў рамках саюзу ўжо зроблены шэраг абарончых захадаў.

Фінансавы аналітык афіцыйнага партнэра «Альпары» ў Менску Вадзім Іосуб кажа, што асаблівыя дачыненьні з партнэрамі па Мытным саюзе робяць Беларусь не самастойным гульцом, а толькі сатэлітам, ад чыёй пазыцыі мала што залежыць. Сяброўства Расеі ў WTO, на яго думку, аўтаматычна азначае, што паводле новых правілаў мусіць гуляць і Беларусь:

«Насамрэч тое, што ад лета ў Расеі, ад гэтага ліпеня, пачынае дзейнічаць вось гэты рэжым з WTO, шмат значыць і для Беларусі. Па сутнасьці, Беларусь аўтаматычна апынаецца ў гэтай самай арганізацыі, хоць нібыта нічога і не падпісвала. Але апынаецца там па факце. То бок — перасоўваньне, зьяўленьне на рынку замежных тавараў з мытам і цэнамі зусім ня тымі, якія былі ў Беларусі і ў Расеі да ўступленьня ў WTO ў параўнаньні зь іншымі дзяржавамі, і будзе такім знакам. І нам трэба дзейнічаць, зыходзячы менавіта з гэтага. Бо, па вялікім рахунку, хочам мы таго ці не, WTO прыходзіць да нас. Таму нічога не застаецца, як хутчэй падпісваць пагадненьні, рабіцца афіцыйным сябрам WTO».
Па сутнасьці, Беларусь аўтаматычна апынаецца ў гэтай самай арганізацыі, хоць нібыта нічога і не падпісвала.

Залежнасьць ад Масквы пацьвердзіў напярэдадні і беларускі амбасадар у Расеі Андрэй Кабякоў. Ён адзначыў, што яшчэ раней кіраўнікі дзяржаў ЭўрАзЭС дамовіліся: краіны ўступаюць у WTO на аснове расейскай пазыцыі. Паводле Кабякова, ніякая іншая краіна не дасягне лепшых умоў у справе абароны нацыянальных інтарэсаў, бо валодае найбольшым эканамічным, палітычным ды іншым патэнцыялам. Такія ўмовы, на думку Кабякова, прадугледжваюць зьніжэньне ўзроўню тарыфнай абароны па шэрагу пазыцый. Гэта тычыцца, сярод іншага, аўтамабільнай тэхнікі, сельскага машынабудаваньня, сельскагаспадарчай прадукцыі і г.д. Разам з тым Андрэй Кабякоў заявіў, што абарона ўнутранага рынку ня зводзіцца толькі да тарыфных бар’ераў.

Аднак, як кажа фінансавы аналітык Вадзім Іосуб, многія прадстаўнікі неэфэктыўнага дзяржаўнага сэктару разьлічваюць якраз на тое, што сяброўства ва Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі дазволіць існаваць выключна за кошт загараджальнага мыта на імпарт. Хто ўвогуле выйграе ў Беларусі ад новых умоваў гаспадараньня?

«Гледзячы як лічыць, што пойдзе на карысьць, а што на шкоду. Безумоўна, гэта ня пойдзе на карысьць найперш неэфэктыўным прадпрыемствам, якія хацелі б закансэрваваць сваю эканамічную адсталасьць і выйграваць рынкі за кошт высокага загараджальнага мыта на імпартаваныя тавары. Калі ж глядзець у больш доўгатэрміновую пэрспэктыву, разумець, што неабходна рэфармаваць эканоміку, рабіць яе канкурэнтаздольнай, то якраз уваходжанне ў WTO, няхай сабе і Расеі, — факт станоўчы. Бо бязмытныя тавары, якія зьявяцца на расейскім рынку, у адсутнасьць межаў аўтаматычна трапяць і на рынак Беларусі. То бок гэта будзе непазьбежна стымуляваць сытуацыю: тыя прадпрыемствы, якія цяпер неэфэктыўныя і прайграюць канкурэнцыю, прыкладам, па цане і якасьці, вымушаныя будуць ці банальна зачыняцца, ці рэфармавацца, ці шукаць новага ўласьніка. То бок калі кароткатэрмінова, то гэта ўдар па прадпрыемствах, у тым ліку ўдар па працаўніках і г.д. Але ж немагчыма бясконца кансэрваваць гэтую адсталасьць».

Чыноўнікі пакуль не прагназуюць, чаго чакаць Беларусі ад уступленьня Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Толькі на мінулым тыдні прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч даручыў профільным ведамствам ацаніць магчымыя наступствы такога кроку для Беларусі і заявіў, што макрапрагноз на наступны год павінен прымацца з улікам сяброўства Расеі ў WTO.

Беларусь пачала перамовы аб уступленьні ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю амаль 20 гадоў таму — у верасьні 1993 году. Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі праца замарудзілася, а потым яе і ўвогуле «замарозілі». У сярэдзіне 2000-х зьявілася ідэя ўступленьня ў WTO Мытным саюзам, аднак яна не была рэалізавана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG