Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нельга сказаць, што дачыненьні паміж Менскам і Астаной бязвоблачныя»

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў на нефармальным саміце СНД у Маскве 20 сьнежня 2011 году
Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў на нефармальным саміце СНД у Маскве 20 сьнежня 2011 году

У Менску з афіцыйным візытам знаходзіцца прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў. Паводле прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі, 12—13 траўня кіраўнікі Беларусі і Казахстану нефармальна кантактавалі ў Белавескай пушчы.

Перамовы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам пройдуць 14 траўня, і ў гэты ж дзень Нурсултан Назарбаеў вернецца ў Астану. Паводле афіцыйнага прадстаўніка Міністэрства замежных справаў Казахстану Алтая Абібулаева, падчас візыту будуць абмеркаваныя пэрспэктывы двухбаковага супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёвай, эканамічнай і культурна-гуманітарнай сфэрах. Плянуецца падпісаць шэраг міжурадавых пагадненьняў. Чаго чакаць ад візыту прэзыдэнта Казахстану?

Раней паведамлялася, што візыт Назарбаева пачнецца 12 траўня. Аднак, як патлумачыў карэспандэнту "Свабоды" прадстаўнік амбасады Казахстану ў Менску спадар Айдар, гаворка не ідзе пра скарачэньне візыту:

«Гэта, відаць, недзе абдрукоўка, памылка прайшла. Прыбывае ў нядзелю ў Менск вечарам. А нядзеля ў нас 13-га».

Прэзыдэнт Казахстану наведае Менск перад нефармальным самітам кіраўнікоў СНД у Маскве. Сярод пытаньняў, якія плянуюць абмеркаваць Лукашэнка і Назарбаеў, супрацоўніцтва ў рэгіянальных, інтэграцыйных аб’яднаньнях: СНД, ЭўрАзЭС, Мытным зьвязе, Адзінай эканамічнай прасторы, Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Раней у інтэрвію Russia Today Лукашэнка абвінаваціў Назарбаева ў зрыве падпісаньня дамовы аб Эўразійскім зьвязе.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначае, што асноўная сэнсавая нагрузка гэтага візыту будзе кулюарная:
Магчымая распрацоўка супольнай тактыкі: як карыстацца выгодамі і разам з тым ня ўлазіць глыбока ў гэтую крамлёўскую пастку.

«Галоўнае, што зьвязвае — гэта праблемы, якія тычацца разьвіцьця эўразійскага праекту Пуціна. Тут Назарбаеў нібыта і хаўрусьнік, бо калі вяртацца да апошняга маскоўскага саміту, то там тармазнуўся гэты праект. І ёсьць пікантны момант, што беларускі афіцыйны лідэр якраз усё зваліў на Назарбаева. Таму, па першае, пытаньне, як цяпер гаспадар сустрэчы будзе выблытвацца, ён у няёмкае становішча паставіў Назарбаева. Наагул, вядома, Казахстан будзе часьцей падгульваць Маскве. Але разам з тым нейкія тактычныя хаўрусы паміж Лукашэнкам і Назарбаевым могуць быць, бо яны абодва разумеюць, што гэтая інтэграцыя паводле праекту Пуціна — небясьпечная. Гэта такая пастка, трошкі даюць пернікаў, але гэтае ўцягваньне мае шэраг небясьпекаў. Таму можа быць распрацоўка супольнай тактыкі: як карыстацца выгодамі і разам з тым ня ўлазіць глыбока ў гэтую крамлёўскую пастку».

Візыт Назарбаева адбываецца ўсьлед за візытам прэзыдэнта Трукмэністану, і афіцыйны Менск хоча прадэманстраваць, што ён нібыта не знаходзіцца ў палітычнай ізаляцыі, адзначае палітоляг Андрэй Фёдараў. Таму падпісаньне нейкіх значных пагадненьняў, да прыкладу, адносна паставак у Беларусь казахстанскай нафты і газу, наўрад ці магчымае:

«Я ня ведаю, якім чынам гэта можна атрымаць, бо наўпрост гэта толькі праз Расею. Пакуль што транскасьпійскага трубаправоду ці нафты ці газу няма, каб можна было транспартаваць праз Азэрбайджан. Толькі праз Расею, і яна будзе дыктаваць гэтыя ўмовы. То бок тут нічога новага не відаць. Нічога надзвычайнага тут чакаць не выпадае».

Паводле казахстанскага палітоляга Дасыма Сатлаева, нельга чакаць, што Казахстан ад гэтага візыту ў Менск можа атрымаць сур’ёзныя эканамічныя дывідэнды. Што да ўзаемадзеяньня хаўрусьнікаў Мытнага зьвязу, то тут многа падводных камянёў:

«З аднаго боку, Беларусь і Казахстан спрабуюць мець процівагу расейскай пазыцыі ў сувязі з тым, што ёсьць пэўныя асьцярогі. Але, з другога боку, стасункі паміж Казахстанам і Беларусьсю складана назваць вельмі цеснымі і партнэрскімі. Узяць хаця б апошнюю заяву Лукашэнкі, што Назарбаеў выступае супраць Эўразійскага зьвязу, як гэта хацелі зрабіць Масква і Беларусь у больш паскораным рэжыме. Казахстан выступае супраць празьмернага паскарэньня. Такія рознагалосьсі былі паміж Беларусьсю і Казахстанам. Нельга сказаць, што дачыненьні паміж Менскам і Астаной бязвоблачныя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG