Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго чакаюць палітычныя актывісты ад зьменаў у вышэйшым кіраўніцтве МУС?


Ці адаб’ецца прыход новага міністра ўнутраных спраў на сытуацыі з правамі чалавека і непасрэдна на абыходжаньні міліцыянтаў з палітычнымі актывістамі?

Адстаўка Анатоля Куляшова з пасады міністра ўнутраных спраў працягвае быць у цэнтры ўвагі грамадзкасьці. Прадстаўнікоў апазыцыі найперш пытаюцца, ці можна чакаць, што брутальны стыль паводзінаў міліцыі з удзельнікамі пратэстных акцый, які быў уласьцівы міліцыі падчас краваньня ведамствам Анатоля Куляшова, з прыходам Ігара Шуневіча зьменіцца ў лепшы бок. Вось як на гэтае пытаньне адказаў сустаршыня БХД Павал Севярынец, які адбывае 4 гады «хіміі» за удзел ў падзеях 19 сьнежня 2010 году:

Павал Севярынец
Павал Севярынец
«У той сыстэме, якая сёньня створана ў Беларусі, асоба міністра, на жаль, не вырашае практычна нічога. Мяркую, што Лукашэнка проста хоча падвысіць выканальнасьць сваіх загадаў. Сыстэма ўнутраных спраў у нас разьдзьмутая, вялізная, бюракратычны апарат грувасткі, і, напэўна, больш малады Шуневіч пакліканы зрабіць выкананьне гэтых загадаў больш хуткім. А сутнасьць іх застаецца ранейшай, і тут ілюзій мець ня трэба».

Павал Севярынец ня выключыў, што адстаўка Куляшова зьвязаная з карупцыйнымі скандаламі вакол былых ягоных намесьнікаў Палудня і Пякарскага: «Сваяцкія сувязі ці ўцягнутасьць у карупцыйныя схемы — вось асноўная ўмова кар’ернага росту ў нашай сыстэме, дзе сумленныя людзі ня могуць падняцца ў службовым пляне».

Пра самога Анатоля Куляшова «хімік» Севярынец згадаў эпізод, які адбыўся лістападам 2010 году:

«Мне Куляшоў запомніўся адным эпізодам, калі ён асабіста аддаваў загад затрымліваць маладафронтаўцаў Насту Палажанку і Міколу Дземідзенку, якія расклейвалі налепкі на будынку міністэрства ўнутраных спраў. Палажанку і Дземіденку тады на вуліцы цэлы ўзвод АМАПу браў».

Павал Вінаградаў
Павал Вінаградаў
Актывіста «Гавары праўду» Паўла Вінаградава за час кіраваньня Анатоля Куляшова судзілі за Плошчу, а пасьля памілаваньня некалькі разоў саджалі пад адміністрацыйны арышт. Павал Вінаградаў кажа, што проста прыходзіў у міліцыю па выкліку, але яго затрымлівалі нібыта за лаянку. Што такія беззаконьні могуць спыніцца з прыходам маладзейшага чалавека на міністэрскую пасаду, Павал ня верыць:

«Хацелася б, канечне, каб нешта зьмянілася, каб дзеяньні міліцыі сталі больш лібэральнымі і законнымі, але, калі шчыра, у гэта слаба верыцца, над міністрам МУС у нашай краіне ёсьць іншы чалавек, якога ўсе ведаюць, а міністар толькі будзе выконваць ягоныя загады».

Пасьля некалькіх сфальшаваных, як лічыць Павал Вінаградаў, адміністрацыйных справаў ён зараз знаходзіцца пад наглядам у міліцыі: «За тры хвіліны да вашага званку да мяне прыходзілі з праверкай».

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
Старшыня парты БНФ Аляксей Янукевіч заўважае, што за час, калі МУС кіраваў Куляшоў, сытуацыя з правамі чалавека ў краіне стала горшай. Што можа зьмяніцца зараз?

«Ня думаю, што ў нас можна чакаць, што з прыходам новай асобы ў МУС можа нейкім чынам радыкальна зьмяніцца гэтая сытуацыя. Ня ведаю пакуль, ці ёсьць умовы дзеля таго, каб яна пагаршалася, трэба будзе паглядзець. Аднак, ня думаю, што можна спадзявацца на нейкае паляпшэньне з адстаўкай Куляшова».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG