Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Каваленка аднавіў галадоўку


Сяргей Каваленка, фота з часу яго знаходжаньня ў Навінках.

Паводле жонкі Сяргея Каваленкі Алены Каваленкі, яе муж 8 траўня аднавіў галадоўку пратэсту супраць незаконнага, як ён лічыць, прысуду.

«Да гэтага патрабаваньня ён дадаў патрабаваньні вызваліць усіх палітвязьняў і даць свабоду нацыянальнай сымболіцы.

Сяргея зьмясьцілі ў той самы ізалятар у Віцебску, дзе ў сьнежні адносна яго чынілі правакацыі. Ён у вельмі дрэнным фізычным стане, але яму адмаўляюць у кваліфікаванай мэдычнай дапамозе.

Згодна з Канвэнцыяй правоў чалавека, якую падпісала Беларусь і з Канстытуцыяй нашай краіны кожны чалавек мае права на медычную дапамогу, дзе б ён ні знаходзіўся, калі ёсць для гэтага мэдычныя паказаньні, а ў Сяргея яны вельмі сур’ёзныя.

Толькі чамусьці такога права ён пазбаўлены. За што яго зьнішчаюць? За любоў да Радзімы, роднай мовы і павагу да нацыянальных сымбаляў», — сказала «Свабодзе» Алена Каваленка.

Актывіст КХП-БНФ Сяргей Каваленка быў асуджаны на 2 гады і месяц зьняволеньня па абвінавачаньні ў парушэньні хатняй «хіміі», якую атрымаў за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй яліне ў Віцебску. Зь сярэдзіны сьнежня да канца сакавіка зь перапынкам на 20 дзён Каваленка трымаў галадоўку, за час якой схуднеў да менш як 50 кіляграмаў вагі. Падчас знаходжаньня ў Навінках на псыхіятрычнай экспэртызе Каваленка набраў каля 10 кіляграмаў вагі. Колькі ён важыць цяпер, невядома.

Глядзець камэнтары (18)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG