Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён лічыць свой уласны народ статкам». Спэцыялісты камэнтуюць цытаваньне Дастаеўскага.


Калі б Лукашэнка зразумеў сваю памылку з Дастаеўскім, ён павінен быў бы схаваць галаву ў пясок, — кажуць спэцыялісты ў вывучэньні спадчыны пісьменьніка.

Калі б Дастаеўскі пачуў выказваньне апошняга дыктара Эўропы, ён павінен быў перавярнуцца ў труне, — піша вашынгтонскі карэспандэнт Радыё Свабода Рычард Солаш.

Словы вялікага раманіста «Няма для чалавека нічога больш невыноснага за свабоду» былі ўжытыя дзеля апраўданьня задушэньня грамадзянскіх свабодаў у Беларусі. " Геніяльны пісьменьнік меў рацыю«, — казаў Лукашэнка. На думку кіраўніка, тыя, хто выступае за свабоду ў Беларусі, наўрад ці да яе гатовыя. На доўгім шляху да гэтай мэты, як адзначыў Лукашэнка, і Захаду ня варта падганяць і панукаць нас.

Цытаваныя словы знойдзем у легендзе пра Вялікага Інквізытара, якой адведзенае асаблівае месца ў «Братах Карамазавых». Вялікі Інквізытар — герой, які аддаў сябе Сатане — кажа Хрысту пра людзей:

«Ты хочаш ісьці ў сьвет і ідзеш з голымі рукамі зь нейкім абяцаньнем свабоды, якога яны, у прастаце сваёй і ў прыроджаным дзікунстве сваім, ня могуць і асэнсаваць, якога баяцца яны і жахаюцца, — бо нічога і ніколі не было для чалавека і для чалавечага грамадзтва больш невыноснага за свабоду. Бачыш гэтыя камяні ў голай распаленай пустэчы? Ператвары іх у хлябы і за Табой пабяжыць чалавецтва, як стада, удзячнае і паслухмянае, хаця і вечна напалоханае, што Ты адымеш руку Сваю і скончацца ім хлябы Твае».

Словы Інквізытара нельга атаясамліваць з пазыцыяй самога аўтара, падкрэсьлівае Дэбора Мартынсан, прэзыдэнт Міжнароднага таварыства Дастаеўскага:

«Дастаеўскі выкарыстоўвае сваіх герояў, каб выказаць празь іх пачуцьці, ідэі, перакананьні, якія ён падзяляў, але ў многіх выпадках і быў нязгодны. І ён безумоўна палемізуе зь Вялікім Інквізытарам. Дастаеўскі не падзяляе пункт гледжаньня Інквізытара. Хрыстос ні разу не прамовіў у часе маналёгу Інквізытара, але пад канец яго пацалаваў. Гэта яго адказ. Яго адказ у тэалягічным сэнсе азначае, што ён, Хрыстос, можа дараваць усім, уключна зь Вялікім Інквізытарам».

Што азначае ўжываньне словаў Інквізытара Аляксандрам Лукашэнкам? Адказ Дэборы Мартынсан:

«Я не палітычны камэнтатар, але магу сказаць вам, што гэта няправільнае цытаваньне азначае, што ён на баку тых, хто імкнецца да зямной улады і гатовы прадаць душу за гэта».

Вера Бірон, намесьніца дырэктара Літаратурна-мэмарыяльнага музэю Дастаеўскага ў Санкт-Пецярбургу дадае:

«Беларускі дыктатар відавочна ніколі не чытаў Дастаеўскага, таму ён дазваляе сабе цытаваць вырванныя з кантэксту словы Вялікага Інквізытара, зь якім, як вядома Дастаеўскі НЕ ПАГАДЖАЎСЯ. Супраць такога інквізытарскага разуменьня народа і праблемы свабоды і напісаная гэта легенда».

«Мой камэнтар просты, — напісала Вера Бірон у электронным лісьце Радыё Свабода. — Калі расстаўляем усё паводле Дастаеўскага, Лукашэнка ня можа быць нават Вялікім Інквізытарам, але адным зь „бесаў“, які апантаны адной ідэяй — паталягічнай прагай улады. Ён лічыць свой уласны народ статкам жывёлы, чыя паслухмянасьць ня тое што нечым купляецца, але проста вымагаецца.»

Цытата з Дастаеўскага не зьявілася ў тэксьце прамовы, зьмешчаным на прэзыдэнцкім вэб-сайце.

«Гэта бессэнсоўна раіць Лукашэнку пачытаць Дастаеўскага. Ён няздольны яго зразумець, — заключае Вера Бірон з музэю Дастаеўскага. — Мы можам толькі паспачуваць народу, які жыве з такім маньякам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG