Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байкот выбараў. Спроба другая


Узоры ўлётак кампаніі народнага байкоту.
Узоры ўлётак кампаніі народнага байкоту.

Сёньня ў Менску прайшло пасяджэньне Нацыянальнага камітэту народнага байкоту, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі АГП, БХД, «Эўрапейскай Беларусі», Беларускага руху, «Маладога фронту» і іншых апазыцыйных арганізацыяў з 20 гарадоў краіны.

Яны заявілі, што ў Беларусі ня створаныя ўмовы для сумленных выбараў, і заклікалі суграмадзян байкатаваць кампанію па абраньні Палаты прадстаўнікоў, якая мае адбыцца гэтай восеньню.

Нарада мае даць старт актыўным дзеяньням прыхільнікаў байкоту ў рэгіёнах Беларусі. Актывісты заявілі пра пачатак агітацыйных акцыяў супраць удзелу ў будучых парлямэнцкіх выбарах, раздачы ўлётак. Ад сёньня запрацавалі два інтэрнэт-сайты — boikot.info і vybaryby.net — на тэму байкоту, а таксама суполкі ў сацыяльных сетках «Facebook» і «Вконтакте». Аргкамітэты кампаніі байкоту створаныя ва ўсіх буйных гарадах краіны, там кожны можа далучыцца да агітацыі і народнага назіраньня за галасаваньнем — заявіў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі:

Арганізатары кампаніі байкоту Аляксандар Атрошчанкаў, Павал Вінаградаў, Віталь Рымашэўскі, Ірына Яскевіч.
Арганізатары кампаніі байкоту Аляксандар Атрошчанкаў, Павал Вінаградаў, Віталь Рымашэўскі, Ірына Яскевіч.
«Асноўная задача кампаніі байкоту — зрабіць першы крок ад байкоту выбараў да агульнанацыянальнага байкоту рэжыму».

Паводле Віталя Рымашэўскага, база для байкоту — каля за 50 працэнтаў людзей, якія, паводле сацыялягічных апытаньняў, выступаюць супраць цяперашняй улады і ня вераць у сумленнасьць выбараў. Ён спадзяецца, што да байкоту далучацца ўсе дэмакратычныя сілы Беларусі.

«На сёньняшні дзень ужо можна казаць, што выбары ў Беларусі несвабодныя, недэмакратычныя — нават да іх пачатку, таму што ўлада не рэабілітавала палітвязьняў, тых, якіх выпусьціла, а многія палітвязьні дагэтуль знаходзяцца ў жахлівых умовах у вязьніцах. Няма свабоды палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў і СМІ, без чаго немагчыма правядзеньне вольных выбараў. Таму гэтыя выбары нельга прызнаваць свабоднымі і дэмакратычнымі — з гэтым на сёньня згодныя ўсе дэмакратычныя сілы Беларусі».

Актывіст АГП зь Вілейкі Ўладзімер Малярчук заявіў на нарадзе пра актыўны байкот выбараў, ухвалены іхнай партыяй: вылучэньне кандыдатаў, якія выкарыстаюць агітацыйныя магчымасьці кампаніі, а потым здымуцца за тыдзень да дня галасаваньня.

У часе пасяджэньня Нацыянальнага камітэту народнага байкоту.
У часе пасяджэньня Нацыянальнага камітэту народнага байкоту.
Былы палітвязень Аляксандар Атрошчанкаў, які прадстаўляе «Эўрапейскую Беларусь», выказаў спадзеў, што байкот дапаможа сфармаваць «адэкватную палітычную сілу, якая будзе базавацца на народнай падтрымцы і стане альтэрнатывай дзейнай уладзе»:

«Трэба разумець, што перамены ў нашай краіне адбудуцца не на тым спэктаклі, які зрэжысуе ўлада, а на вольных выбарах, і толькі тады, калі гэтага захоча беларускі народ».

Параўноўваючы першы байкот выбараў у Палату прадстаўнікоў, які апазыцыя ладзіла ў 2000 годзе, зь сёлетняй кампаніяй, яе арганізатары прызналі, што сацыяльная база для пратэсту вырасла, і яны спадзяюцца прыцягнуць дадаткова да назіраньня за выбарамі тысячы чалавек, паведаміў Віталь Рымашэўскі.

Апрача таго, як паведаміў Віктар Івашкевіч, у 2000-м заклікі да няўдзелу ў выбарах заканадаўча былі забароненыя, а цяпер такая магчымасьць запісаная ў Выбарчым кодэксе: грамадзянін мае права агітаваць за і супраць любога кандыдата, а таксама за байкот выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG